Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Раскіданае гняздо крывіцкай славы
Раскіданае гняздо крывіцкай славы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Раскіданае гняздо крывіцкай славы

Электронная книга - «Раскіданае гняздо крывіцкай славы». Краткое содержание книги:

Кніга Анатоля Бутэвіча – займальны аповед найперш пра славуты на ўсё Вялікае княства Літоўскае Крэўскі замак. Але не толькі. Бо магутных, прыгожых і архітэктурна выразных замкаў і палацаў на беларускай зямлі было шмат. Не ўсе іх пашкадаваў час і людзі. Ды нават руіны сведчаць пра будаўнічыя здольнасці іхніх стваральнікаў, пра ваенную здатнасць іхніх абаронцаў, пра густы іхніх гаспадароў. Вядома, у кнізе ўсё гэта падаецца толькі ў той ступені, што мае дачыненне да Крэўскага замка і яго славутых насельнікаў. А з гісторыяй Крэўскага замка звязаны лёсы вялікіх князёў літоўскіх Альгерда, Ягайлы, Вітаўта, Кейстута, імёны іншых гістарычных асобаў. У другой частцы кнігі падаецца хроніка Ягайлавага часу -- багаты і цікавы дакументальны матэрыял пра Вялікае княства Літоўскае часу Ягайлы.
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 51
Перейти на страницу:

Гальшаны – сёння вёска ў Ашмянскім раёне. Раней Гальшаны былі мястэчкам у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. Пасля смерці Свінтарога на вялікі пасад літоўскі, жамойцкі, новагародскі і рускі заступіў ягоны сын Скірмант. Скірмантаў сын Гілігін княжыў на зямлі літоўскай і рускай, пакуль не памёр. Затым княжыць пачаў Гілігінаў сын Раман (Рамунт). Калі Раман памёр, разышліся пяць яго сыноў княжыць у розных землях. Сярэдні Гальшан (Гольша) пайшоў за раку Вяллю.

Гэта і быў той далёкі продак, якому зямля гальшанская сваёю назвай абавязана. Сярод прыгожых гор знайшоў Гольша гару найпрыгожую, што над ракою Вільняй. Збудаваў там горад і назваў яго сваім імем – Гальшаны. А калі ехаў аднойчы на ловы, за дзесяць міль ад свайго горада ўбачыў у пушчы гару яшчэ больш прыгожую ды велічную, раўнінамі вялікімі аблеглую ды багаццем поўную. І спадабалася яму, і пасяліўся ён там, і на той гары над ракою, што Караблём называлася, учыніў горад. І перанёсся туды, і там пачаў княжыць. І назваўся князем Гальшанскім…

Так паведамляе пра заснаванне Гальшанаў у ХІІІ стагоддзі і паходжанне князёў Гальшанскіх Хроніка Быхаўца.

Павел Альгімонтавіч Гальшанскі – біскуп луцкі з 1530, а з 1536 віленскі быў апошнім уладаром Гальшан. Падчарка Алена Сямёнаўна з роду Дубровіцкіх атрымала Гальшаны ў спадчыну, а калі яна пашлюбілася (1558) з Паўлам Іванавічам Сапегам, Гальшанамі сталі валодаць Сапегі.

Гальшанскі замак – існаваў у ХVІІ–ХХ стагоддзях. Узведзены ў канцы ХVІ – першай палове ХVІІ стагоддзя на левым беразе р. Гальшанкі. Моцна нагадвае сваёй планіроўкай Мірскі. Мае прамавугольную форму 88,6 х 95,6 м, на вуглах стаялі 4 шасцігранныя вежы, жылыя памяшканні знаходзіліся ў двары – так і ў Мірскім. Уязная брама размяшчалася ў цэнтры аднае сцяны. Насупраць яе была каплічка, убудаваная ў жылыя памяшканні. Напачатку, пакуль не было гэтага замка, княская рэзідэнцыя была размешчана на правым беразе р. Карабель, прытоку Гальшанкі, непадалёк ад Гальшан. Пазней Багдан Сапега перанёс яе на новае месца. Замак шмат пацярпеў за сваю гісторыю, быў перабудаваны ў другой палове ХVІІІ і на пачатку ХХ стагоддзяў, моцна змяніўся ягоны першапачатковы выгляд. Тут у 1440 і 1492 гадах адбываліся з’езды феадальнай знаці Вялікага княства Літоўскага.

Друцк – сёння гэта вёска ў Талачынскім раёне. Знаходзіцца на р. Друць. Калісьці быў горадам. Заснаваны на месцы паселішча ІV стагоддзя. Першая згадка ў летапісах адносіцца да 1092 года. Друцк ляжаў на вядомым гандлёвым шляху з варагаў у грэкі – яго заходнім адгалінаванні. Тут існаваў сухапутны “волак”, па якім купцы перапраўляліся з басейна Заходняй Дзвіны ў басейн Дняпра. А таму ў горадзе жылі таксама валачане. Пасля смерці ў 1101 годзе полацкага князя Усяслава Брачыславіча Чарадзея ягоныя сыны падзялілі ўладу. У Мінску княжыў Глеб, у Полацку – Давыд, а Друцк дастаўся князю Барысу. Ад яго пачалася лінія князёў Барысавічаў. Друцк належаў князям Друцкім. Тут пасля смерці свайго бацькі Андрэя Гальшанскага выхоўвалася разам з сёстрамі гальшанская князёўна Соф’я, якая стала чацвёртай жонкай караля польскага Ягайлы. Сястра князя Сямёна Друцкага Аляксандра, у якога Вітаўт сватаў Соф’ю за Ягайлу, была ейнай маці. У Хроніцы Быхаўца пра гэта сказана: Ягайла і Вітаўт вярталіся са смаленскага паходу, заехалі ў Друцк і былі гасцямі – абедалі – у князя Сямёна Дзмітравіча Друцкага. Там і заўважылі маладых князёўнаў гальшанскіх.

Друцкае княства – існавала ў ХІІ – ХVІ стагоддзях, да гэтага ўваходзіла ў склад Полацкага княства. Князі друцкія і князі мінскія змагаліся за полацкі пасад. У 1345 годзе ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. Калі пачалі знікаць асобныя галіны роду князёў Друцкіх, княства дзялілася і па частках пераходзіла да іншых гаспадароў. У 1566 годзе ўвайшло ў склад Аршанскага павета.

Друцкі замак – знаходзіўся на ўзвышэнні (22 метры над узроўнем ракі) на правым беразе р. Друць, існаваў у ХІV – ХVІІ стагоддзях. Яго акружаў вялікі вал, які і сёння выглядае велічна, і глыбокі роў. Меўся таксама падзамак, што дадавала абарончых магчымасцяў самому замку. Пляцоўка замка мела 140 х 80 м. У 2-ой палове ХVІ стагоддзя польскі гісторык Аляксандр Гваньіні (гэта ён выдаў у 1578 годзе “Хроніку Еўрапейскай Сарматыі”, дзе маецца шмат матэрыялаў пра Княства), які служыў у Віцебскім гарнізоне ротмістарам, пісаў пра Друцк, у якім “быў замак драўляны на гары высокай”.

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 51
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)