Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
Стаіць сабе, чортава пуза, акурат ля яго і глядзіць на дарогу. I такі спрытны, што заўважае ўсё раней, чым Халімон. I гэта так крыўдна, быццам немец y яго хлеб адбівае. Па ўласнай, ці ведаеце вы, ахвоце прыцёгся. Добра б ужо, каб нехта пасылаў. A то ж сам.
Выгляд y чорта важны, паблажлівы. Стаіць, як Банапарт багамерзкі, пуза наперад, і, кожны раз, як ударыць гармата, як ты яму, скажы, цацку нехта даў, такое задавальненне на бязвусай мордзе.
– Einem Löwen gleich... – далятаюць да Кірдуна асобныя словы. – Nüch?[20]
I, скоса пазіраючы на Фельдбаўха, які абапіраецца на лёску, як на шпагу, Кірдун бурчыць пад нос:
– Das ist ihm Wurst... Гэта яму каўбаса, ці ведаеце... I ўсё “нюх” ды “нюх”... Нюх ты і ёсць нюх. Нюхала нямецкае... Каб цябе ўжо на тым свеце так чэрці нюхалі смярдзючымі сваімі насамі.
Кірдуну зусім дрэнна. Але спраўна грукоча гармата, a то і тры, гледзячы на тое, які госць зварочвае на алею.
...Гэта яшчэ хто? Шарабан старэнькі, конь ледзь перастаўляе відавочна парэпаныя капыты. I тут мужык-запальшчык адказвае:
– То ж гэта высакародны пан Мнішак едзе на сваім Панчоху.
Ну, гэтаму хопіць і аднаго стрэлу.
...А гэта? Пара сытых коней. Тарантас лакіраваны. Ага, едзе дзедзіц Іван Таркайла. Гэтаму можна грымнуць з дзвюх.
...Карэта шасцерыком. Коні ў яблыках. Гэтыя, відаць, рэйнвейн п’юць, як пан Юры ў Кёльне, і хоць коні не чыстакроўкі...
– Страляй... Страляй з усіх чатырох. Хаданскія коцяць!
A немец стаіць. A немец чорт ведае чаго сюды прыцягнуўся. Мог бы стаяць сярод гасцей, – не, собіла яму, нюху праклятаму.
...Кірдун глядзіць на тэрасу, бачыць там фігурку маладога Загорскага, і жаль працінае яму сэрца, прымушаючы і пра немца забыць... Божа мой, нашто гэта? Дзіця цэлы дзень на нагах!.. Мораць, забіваюць дзіця. Паны і ёсць паны. Немец, відаць, усё ж не самы горшы... Прынамсі, любіць паніча, не мучыць яго, як тыя... Тое, што ён мяхом стукнуты – гэта ўсё лухта: без радзімы таксама, гаротны. A без радзімы хто хочаш ашалее... Таксама пашкадаваць трэба... Тым больш бясшкодны зусім, паскудстваў нікому не чыніць. Толькі што прыйдзе ўвечары да аканомкі і просіць: “Гнедзіге фрау... Айн гляс шнапс...”[21] Лузне сабе, бедалага, ды і пойдзе... I правільна кажа, бо ў немцах амаль усе жанчыны гнядыя, a аканомша – вылітая немка. Гнядая і ёсць... Толькі б тут не стаяў, a так зусім прыстойны немец... I паніча любіць... Чорт з ім, няхай стаіць, калі гэта яму цацкі... Немцы, яны немцы і ёсць. Усе чыста – як дзеці. Толькі б ім грымела ды блішчала... Так бы і гулялі ў салдацікі да сівых валасоў... Але ж як там дзіця?.. Беднае дзіця!
Алесю і сапраўды даводзілася цяжкавата. Ён стаяў на тэрасе, адступіўшы на некалькі крокаў ад дзвярэй y дом, так што кожны госць павінен быў прайсці непадалёку ад яго. I з кожным трэба было раскланьвацца. Бацькі стаялі далей, яны абменьваліся з кожным парай слоў, усміхаліся, – ім было не да яго, ён быў нешта накшталт перадавога паста, высунутага ў самае размяшчэнне ворага – enfant perdu, загубленае дзіця.
– Bonjour, madame[22].
Мадам сто год. На руках y яе абрыдлівая, кірпатая балонка. Мадам мінае яго, і ён чуе, як яна кажа маці:
– Il est charmant[23].
Часам на адну хвіліну да яго падыходзіць, каб памагчы, француз: шэпча, якога госця ён павінен сустрэць зараз, ці павінен сказаць яму некалькі слоў.
Некаторыя з гасцей выклікаюць y яго агіду. Па сваёй ахвоце ён ніколі б не паехаў да такіх y госці. Так і хочацца сказаць:
– Je faut que rècurez la maison de votre présence[25].
Але так нельга. I ён паважна схіляе галоўку з падплоенымі на канцах валасамі, робіць рукой гасцінны жэст і кажа:
– Bonjour, monsieur.
Бацька бачыць усё гэта аж занадта добра. У самай спіне хлопчыка невыказная пакута. Але ён усміхаецца і шэпча маці:
– Глядзі, што ён вытварае... Les merweilles gymnas tiques[26].
Падыходзіць пан Мнішак... Гэтага шкада... Такі стрыманы гонар y вачах, і такі змучаны твар... Кажа нешта па-польску... Зразумець нельга, хаця гукі і некаторыя словы падобныя...
A вось гарматы грымнулі тройчы. Лёкай абвяшчае недзе пад тэрасай:
– Віцэ-губернатар, іх яснавяльможнасць граф Ісленьеў.
На тэрасу падымаецца гнуткі і станісты стары ў мундзіры палкоўніка. У старога сівыя бакенбарды і зусім малады, без ніводнай зморшчынкі, румяны твар з яснымі вачыма.
Пра гэтага Алесь ведае. Выпадкова чуў размову бацькоў.
Граф не зробіць кар’еры. У яго занадта многа сваякоў, замешаных y той няшчаснай гісторыі, – пра яе ніхто толкам не ведае, яна адбылася год за трынаццаць да Алесевага нараджэння, – калі “ныне здраўствуючы” цар страляў з гармат па людзях. Невядома, што хацелі рабіць тыя людзі. Але стары прыемны. I ён не мучыць яго, Алеся. Ён ласкава, са старамоднай галантнасцю ківае яму галавой і адразу праходзіць да бацькоў.
20
Ільву падобна... Ці не так? (ням.).
21
Дастойная фрау... Шклянку шнапсу... (ням.).
22
Добры дзень, мадам (франц.).
23
Ён вельмі мілы (франц.).
25
Трэба, каб вы аслабанілі дом ад вашай прысутнасці (франц.).
26
Дзівосы гімнастыкі (франц.).