Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
Басак-Яроцкі паклаў руку яму на плячо.
– Правей фронт, пляменнічак, – ледзь чутна сказаў ён.
Цяпер Алесь ішоў проста на хлопца. І ледзь ногі яго ступілі на пушысты вялікі кілім – са званіцы зноў грымнулі, радасна заліліся званы.
Хлопцавы вочы ласкава глядзелі на Алеся.
– Глядзець весялей, – шапянуў пастрыжны. – Падайце адзін аднаму рукі.
Алесь адчуў у сваёй руцэ руку Мсціслава.
У той жа самы момант усе астатнія, акрамя гэтых трох на кіліме, нават бацька, апусціліся на адно калена.
– Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данііла, праўнік Акіма і прапраўнік Пятра, схілі апошні раз сваю галаву.
Гэта абвясціў Басак-Яроцкі сваім хрыплаватым басам.
Алесь схіліў галаву.
– Отрак Аляксандр, – сказаў пастрыжны, – ты пастрыгаешся днесь у падлеткі, як гэта загадваюць звычаі гэтай зямлі. Бачыш ты свайго пастрыжнога брата? Абдыміцеся першымі мужчынскімі абдымкамі.
Яны абняліся. Алесь адчуў на плячы руку Мсціслава.
– Скажыце адзін аднаму на вуха некалькі братніх слоў.
Вочы Мсціслава смяяліся недзе ля вачэй Алеся. Потым Алесь пачуў шэпт.
– Папаўся? – спытаў малады Маеўскі. – Плюнь. Яны лічаць, што мы зеляпаны, дык давай мо прыкідвацца далей. Хай ужо цешацца.
– А я і плюю, – з нейкім раптоўным гарачым пачуццём да гэтага хлапца шапнуў Алесь.
Дарослыя з некаторым нават замілаваннем глядзелі на двух прыгожых падлеткаў, якія з такой відавочнай пяшчотай шапталі адзін аднаму на вуха словы братэрства.
– Ты, брат, накшталт таго скоч-тэр'ера. – Мсціслаў аж дрыжаў у абдымках Алеся ад прытоенага смеху. – Ведаеш, як іхніх шчанюкоў пазнаюць, чыстапародныя ці не?
– Ведаю, – усміхнуўся Алесь. – Бяруць за хвост і падымаюць у паветра. Сапраўдныя не вішчаць. Гонар трымаюць.
– Вось і ты трымай гонар. Пастарайся ўжо не вішчаць, як дварняк. Гэта глупства. Нязручна, але затое нядоўга.
Яны не заўважылі, што вусы старога Басака неяк няўлоўна і падазрона паторгваюцца.
– Пацалуйцеся, – сказаў Басак-Яроцкі. – І памятайце, вы казалі словы братэрства і цалаваліся яшчэ тады, калі былі дзецьмі.
Яны пацалаваліся. Басак-Яроцкі палажыў далонь на галаву Алесю.
– Ты насіў дзіцячыя доўгія валасы, з якіх сёння ўпадзе адна пасма. Заўтра іх падкароцяць, і такімі яны будуць, пакуль ты не станеш сапраўдным мужам. А тады насі іх як хочаш, толькі памятай, што людзі нашай зямлі любяць насіць доўгія валасы і вусы, але не любяць і ніколі не насілі барады, калі яны не папы, не манахі і не мудрыя стогадовыя дзяды.
Ён узняў нажніцы.
– З першай пасмай ты не будзеш дзіцём і зможаш сядзець з мужамі, бо сам займееш імя мужа… З гэтай хвіліны памятай, князь, душа твая належыць толькі богу і гэтым палям, шабля – ваяводзе справядлівай вайны, жыццё – усім добрым людзям, сэрца – каханай. Але гонар і чэсць – яны належаць толькі табе і больш нікому. Цябе пастрыгаюць у мужы, каб ты быў незалежны з моцнымі, братні – з роўнымі, памяркоўны і добры з ніжэйшымі.
Цяпер ужо і Мсціслаў глядзеў сур'ёзна, быццам гэтыя словы краналі яго за душу.
– Каб ты быў добры да дзяцей і жанчын, верны для сяброў і страшны для ворагаў, бо ты муж і зброя дадзена табе для таго, каб ты быў мужам і каб той, хто абразіў цябе, ніколі не абышоўся пустымі прабачэннямі, а крывёй плаціў за сваю абразу…
Ляснулі нажніцы. Каштанавая пасма ўпала ў далонь дзядзькі Пятра.
Ён павольна працягнуў яе Мсціславу. І Мсціслаў таксама патрымаў пасму, а потым схаваў яе ў медальён, а медальён схаваў пад сарочку.
– Сын князя Загорскага стаў мужам, – сказаў Басак-Яроцкі. – Памолімся за ягоны доўгі век, за яго дабрыню і высакароднасць. Памолімся за тое, каб бог паслаў яму вялікія дарогі і сілы на тое, каб усё, што з ім будзе, стала вялікімі здзяйсненнямі.
Аднекуль з-за палаца, з таго боку, дзе была магільня, данёсся празрысты, як лёд, і журботны, як галошанне, спеў срэбнай трубы.
VIII
Кірдун ледзь не луснуў са злосці за тыя дзве гадзіны, якія прайшлі з пастрыжэння. Здавалася, усё ішло добра. Здавалася, больш ганаровай пасады, чым тая, якую далі на гэтыя гадзіны яму, Кірдуну, нават быць не магло. Сядзі на ўзгорку, адкуль відна дарога і паварот з яе на загоршчынскі “прэшпект”, трымай y руках падзорную трубу і, ледзь толькі ўбачыш карэту ці кабрыялет, якія паварочваюць з дарогі на алею, давай загад тром мужыкам, што завіхаюцца трохі ніжэй, y лагчынцы, ля гармат. I адразу залп. Усё добра, усё чынна. Дык не, прынесла ў апошнюю хвіліну немца, каб на яго пошасць.