Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Пікнік на ўзбоччы
Пікнік на ўзбоччы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пікнік на ўзбоччы

Электронная книга - «Пікнік на ўзбоччы». Краткое содержание книги:

«Пікнік на ўзбоччы» («Пикник на обочине») — найвядомейшы і найпапулярнейшы твор клясыкаў сусьветнае навуковае фантастыкі Аркадзія і Барыса Стругацкіх, які сярод усіх іхных кніг стала трымае першае месца па колькасьці выданьняў і перакладаў на іншыя мовы. Аповесьць напісаная ў 1971 годзе і ўпершыню апублікаваная праз год у ленінградзкім часопісе «Аврора». У 1991 годзе быў выданы аўтарскі варыянт, пазбаўлены правак, зробленых пад ціскам савецкае цэнзуры.
У цэнтры сюжэту — таямнічая і небясьпечная Зона, якая засталася пасьля наведваньня Зямлі прадстаўнікамі іншаплянэтнай цывілізацыі, а таксама жыцьцё людзей, якія воляй лёсу апынуліся побач зь ёю і вымушаныя змагацца за сваё існаваньне ня толькі са страшнымі нечалавечымі зьявамі, але й з ня менш непрыемнымі асаблівасьцямі чалавечага грамадзтва.
Кніга мела вялікі культурны ўплыў. Дзякуючы ёй у расейскую мову трывала ўвайшло слова «сталкер», якое замацавалася за аматарамі наведваць закінутыя аб'екты і гарады-здані, а сама субкультура набыла большую папулярнасьць. Фільм «Сталкер», які лічыцца адной з найлепшых кінастужак рэжысёра А. Таркоўскага, быў зьняты па матывах твору. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і ўтварэньне там закрытае Зоны Адчужэньня шмат у чым перагукалася зь «Пікніком» і дало нагоду выявіць у кнізе пэўныя прароцкія матывы. Тэмы ўразьлівасьці чалавека перад магутнымі сіламі, якія ён здольны вызваліць, а таксама неабходнасьці адказнага і далікатнага стаўленьня да навакольнага сьвету выявіліся як ніколі актуальнымі.
Па-беларуску «Пікнік на ўзбоччы» да гэтага моманту ніколі не выдаваўся. Гэты пераклад — першая публікацыя аповесьці на беларускай мове, і другі перакладзены на яе твор братоў Стругацкіх.
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 68
Перейти на страницу:

— Вам шанцуе, мой хлопча, — аб’явіў ён, усаджваючыся зноў насупраць Рэдрыка. — Ведаеце, што такое пэрпэтуум-мобіле?

— Не, — сказаў Рэдрык. — У нас гэтага не праходзілі.

— І ня трэба, — сказаў Хрыпаты. Ён дастаў з кішэні піжамы і паклаў перад Рэдрыком яшчэ адзін пачак банкнот. — Гэта — цана першага асобніка, — сказаў ён, абдзіраючы з пачка бандэроль. — За кожны новы знойдзены асобнік такога вось «кольца» вы будзеце атрымліваць па два такія пачкі. Запамяталі, мой хлопча? Па два. Пры ўмове, што акрамя нас з вамі ніхто пра гэтыя «кольцы» ніколі нічога не даведаецца. Дамовіліся?

Рэдрык моўчкі засунуў пачак у кішэню і падняўся.

— Я пайшоў, — сказаў ён. — Калі й дзе наступнага разу?

Хрыпаты таксама падняўся.

— Вам патэлефануюць, — сказаў ён. — Чакайце званка кожную пятніцу зь дзевяці да адзінаццаці раніцы. Вам перададуць прывітаньне ад Х’ю і Філа і прызначаць спатканьне.

Рэдрык кіўнуў і накіраваўся да дзьвярэй. Хрыпаты рушыў усьлед за ім, паклаўшы руку яму на плячо.

— Я хацеў бы, каб вы зразумелі, — працягваў ён. — Усё гэта добра, вельмі міла і гэтак далей, а «кольца» — дык гэта проста цудоўна, але перш за ўсё нам патрэбныя дзьве рэчы: фатаграфіі і поўны кантэйнэр. Вярніце нам наш фотаапарат і наш фарфоравы кантэйнэр, і вам больш ніколі не давядзецца хадзіць у Зону.

Рэдрык, варухнуўшы плячом, скінуў яго руку, адчыніў дзьверы і выйшаў. Ён, не паварочваючыся, крочыў па мяккім дыване і адчуваў у сябе на патыліцы блакітны анёльскі неміргаючы позірк. Ён ня стаў чакаць ліфта і спусьціўся з восьмага паверху пешшу.

Выйшаўшы з «Мэтраполя», ён узяў таксі і паехаў на іншы канец гораду. Шафёр трапіўся незнаёмы, з навакоў — насаты прышчавы малец, адзін з тых, хто валам валілі ў горад пару гадоў таму ў пошуках зубаскрышальных прыгод, незьлічоных багацьцяў і сусьветнай славы, ды так і аселі — шафёрамі таксі, афіцыянтамі, будаўнічымі працоўнымі, выкідаламі ў бардаках — скваплівыя, бясталентныя, усім на сьвеце незадаволеныя, жудасна расчараваныя і ўпэўненыя, што ім па-вар’яцку не пашанцавала. Палова зь іх, прабадзяўшыся месяц-другі, з праклёнамі вярталіся па дамах, разносячы сваё расчараваньне ледзь не ва ўсе краіны сьвету, лічаныя адзінкі станавіліся сталкерамі і хутка гінулі, так і не пасьпеўшы ні ў чым разабрацца і пасьмяротна ператвараючыся ў легендарных герояў. Некаторым таланіла паступіць у інстытут — найбольш талковым і пісьменным, прыдатным хоць бы на пасаду прэпаратара, а астатнія настваралі палітычных партыяў, рэлігійных сэктаў, нейкіх гурткоў узаемадапамогі, вечары напралёт праседжвалі ў кабаках, біліся з-за разыходжаньняў у поглядах, з-за дзяўчынак і проста так, па п’янцы. Час ад часу яны ладзілі шэсьці зь нейкімі пэтыцыямі, нейкія дэманстрацыі пратэсту, нейкія штрайкі — сядзячыя, стаячыя і нават ляжачыя, канчаткова разьлютавалі гарадзкую паліцыю, камэндатуру і старажылаў, але чым далей, тым больш ґрунтоўна супакойваліся, уціхамірваліся і ўсё менш і менш разумелі, чаго ж яны дабіваліся.

Ад насатага прышчавага шафёра за вярсту несла перагарам, вочы ў яго былі чырвоныя, як у труса, але ён быў страшна ўзбуджаны і з ходу пачаў распавядаць Рэдрыку, як сёньня раніцай на іхнай вуліцы зьявіўся нябожчык з могілак. Прыйшоў, значыць, у свой дом, а дом ужо колькі гадоў пазабіваны, усе адтуль зьехалі — і ўдава ягоная, старая, i дачка з мужам, і ўнукі. Сам жа ён, суседзі кажуць, памёр гадоў трыццаць таму, яшчэ да Наведваньня, а цяпер вось — прывітаньне! — прыпёрся. Пахадзіў-пахадзіў вакол дома, паскроб, потым сеў ля плоту і сядзіць. Народу набегла з усяго кварталу, глядзяць, падысьці, вядома, баяцца. Потым нехта здагадаўся: узламалі дзьверы ў ягоны дом, адкрылі, значыць, яму ўваход. І што вы думаеце? Устаў і ўвайшоў і дзьверы за сабой зачыніў. Мне на працу трэба было бегчы, ня ведаю, чым там справа скончылася, ведаю толькі, што зьбіраліся ў інстытут тэлефанаваць, каб забралі яго ад нас да чортавай бабулі. Ня чулі? Кажуць, камэндатура рыхтуе загад, каб гэтых нябожчыкаў, калі сваякі ў іх выехалі, пасылалі да іх па месцы жыхарства… Вось радасьці ў іх будзе! А ўжо сьмярдзіць ад яго… ну, на тое ён і нябожчык.

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 68
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)