Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
Пасольства Вялікага Княства Літоўскага цяпер прапанавала заключыць «вечны мір» пры ўмове, што Васіль III адмовіцца ад Чарнігава з навакольнай тэрыторыяй. Аднак Васіль III заявіў што ніякіх саступак рабіць не будзе, і згадзіўся заключыць перамір'е толькі на адзін год. Ён рыхтаваўся да новай вайны з Вялікім Княствам Літоўскім, намагаючыся заваяваць новыя землі для сваёй дзяржавы.
Перамір'е ў Маскве было падпісана 10 красавіка 1532 г. да свята Божага нараджэння наступнага 1533 г. Праўда, у 1533 г. вайна не ўзнавілася, бо Васіль III памёр на пачатку снежня 1533 г., і ў Маскве пачалася барацьба за трон паміж удавой Васіля III Аленай Глінскай і братамі яе мужа. Вайну давялося адкласці да 1535 г.
У красавіку 1534 г. Іван Сапега быў паслом ад Жыгімонта Старога да прускага герцага Альбрэхта ў справе адносін паміж Вільняй і Масквой. У 1536 г. Іван Сапега разам са старастам брацлаўскім Іллёй Астрожскім і кіеўскім ваяводам Андрэем Неміровічам зноў ездзіў у Маскву для заключэння міру але беспаспяхова.
Ва ўнутранай палітыцы дзяржавы Іван Сапега браў таксама чынны ўдзел. У 1536 г. ён быў уключаны ў камісію па правядзенні аграрнай рэформы ў гаспадарскіх уладаннях, якія належалі да Драгічынскага павета. Яму было прадпісана правесці валочную памеру, г. зн. размеркаванне зямлі на валокі (валока — 21,37 га) з устанаўленнем аднастайных павіннасцяў насельніцтва на валоках. Іван Сапега праводзіў рэформу ў Путковіцах, Малмотках, Качэрках, Вінярах, Чэрных, дзе зямля была размеркавана на валокі, а сяляне гэтых сёлаў былі «асаджаны на чынш, абы выплату гаспадарскую давалі».
Улетку 1541 г. раптам Іван Багданавіч Сапега быў пазбаўлены пасадаў ваяводы падляшскага, старасты драгічынскага і маршалка гаспадарскага, арыштаваны і пасаджаны ў вязенне замка вышэйшага ў Вільні. Былі секвестраваныя (часова адабраныя) маёнткі. Справа I. Б. Сапегі няясная, бо яе дакументы ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага адсутнічаюць. Як сцвярджаў каралеўскі сакратар біскуп Станіслаў Гозіюш, I. Сапегу арыштавалі быццам за тое, што ён даў прысягу каралеве Боне, «што знішчыць усіх кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага». Але такое абвінавачванне, як і такога кшталту прысяга не мелі рэальнага грунту.
У снежні 1541 г. з просьбай аб вызваленні Івана Сапегі звярнуліся да паноўрады ў Вільні дарадцы караля ў Кракаве. У Вільню спецыяльна прыехаў польскі магнат Станіслаў Тэнчынскі, сваяк I. Сапегі, прасіць аб яго вызваленні. Кароль Жыгімонт Стары даў згоду на вызваленне I. Сапегі, калі знойдзецца паручыцель. За Сапегу хадайнічаў і вялікі князь, 21-гадовы Жыгімонт Аўгуст. Хутчэй за ўсё, палітычныя праціўнікі арганізавалі абвінавачванне і арышт.
Прасядзеў у вязенні Іван Сапега да вясны 1542 г. Праўда, пасады, якія ён займаў раней, нікому не далі, але і яму не вярнулі. Толькі ў 1545 г. яму было вернута Драгічынскае староства і секвестраваныя маёнткі. Ён быў рэабілітаваны. У красавіку 1546 г. у Івана Сапегі быў яшчэ судовы працэс з-за маёнткаў ля Талачына. А каралеўскі прывілей ад 19 лістапада 1546 г. быў выдадзены ўжо яго жонцы і сынам. Івана Сапегі не было ўжо ў жывых.
Іван Багданавіч Сапега быў спадчыннікам бацькоўскіх маёнткаў на Віцебшчыне і Полаччыне і прадаўжальнікам чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў У 1530 г. пры падзеле маёнткаў паміж братамі ён захаваў гняздо роду — Чарэю. Ён набыў новыя маёнткі ў Віцебскім і Полацкім ваяводствах ў 20-я гг. XVI ст. з азёрамі, дзе разгарнуў рыбны промысел. I. Сапега меў маёнткі і ў іншых мясцовасцях, у тым ліку і ў Віленскім павеце. Падчас попісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. Сапега выставіў у войска са сваіх маёнткаў 36 коней. 1 вершнік у апалчэнне выстаўляўся, згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528 г, ад 8 сялянскіх службаў Звычайна ў службе было 2 і больш двароў. М. В. Доўнар-Запольскі лічыць, што ў службу ўваходзілі 3–4 «дымы» (двары). Такім чынам, у маёнтках Івана Сапегі было прыкладна да 1 тысячы сялянскіх двароў і болей. Асобна трэба лічыць староствы. Такім чынам, Іван Багданавіч Сапега належаў да магнатаў, самай вышэйшай групы шляхецкага саслоўя.
Ад шлюбу з Ганнай Сангушкай Іван Багданавіч Сапега меў чатырох сыноў і адну дачку. Старэйшы сын Лука памёр у 1545 г. Нашчадкаў не меў. Другі сын, Іван, які памёр у 1580 г., быў старастам драгічынскім. Ён быў жанаты з князёўнай Багданай Друцкай-Саколінскай (з галіны Канопля). Іх сынам быў знакаміты і славуты дзяржаўны дзеяч Леў Іванавіч Сапега. Трэці сын Івана Багданавіча Сапегі, Міхаіл Іванавіч (памёр пасля 1592 г.), быў дваранінам гаспадарскім (прыдворным), а з 1580 г. сакратаром каралеўскім у Стафана Баторыя. Чацвёрты сын, Павел (памёр у 1580 г.), меў тытул кашталяна кіеўскага з 1566 г., а таксама быў дзяржаўцам любецкім і перавальскім. Такім чынам, сыны Івана Багданавіча Сапегі займалі пасады сярэдняга маштабу ў адміністарцыі. Адзіная яго дачка, Соф'я, была замужам двойчы: першы раз за Лукашам Курапецкім, другі раз — за Рыгорам Валовічам, кашталянам наваградскім.
Сам Іван Багданавіч Сапега атрымаў у спадчыну ад бацькі ў Віцебскім ваяводстве маёнткі Сялец, Лемніца, Палонна (дзе пабудаваў замак), Рудомля. У набытым маёнтку Астроўна пабудаваў замак. У год смерці Івана Багданавіча Сапегі (1546) яго ўдава і сыны Іван, Міхаіл і Павел атрымалі прывілей вялікага князя на ўвядзенне таргоў і корчмаў у маёнтках Палонна, Лемніца і Востраў і ўтварэнні там мястэчак з поўнымі ільготамі для іх насельніцтва. Гэта сведчыла пра пэўную ўжо колькасць насельніцтва ў гэтых мясцінах і неабходнасць стварэння лакальных рынкаў.
Стафан Баторый (1533–1586)
Стафан Баторый — кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі з'яўляецца адной з найбольш вядомых і значных асоб у гісторыі Беларусі XVI ст. Гэта быў чалавек незвычайнага лёсу, імя і прозвішча якога гучала па-рознаму ў трох краінах, дзе ён панаваў. Каралём у Рэчы Паспалітай ён быў толькі дзесяць гадоў. Але за час свайго панавання ў Польшчы і Беларускай-Літоўскай дзяржаве, аб'яднаных тады ў федэратыўную Рэч Паспалітую, ён праславіўся як палкаводзец, дыпламат, рэфарматар і мецэнат навукі і культуры.
Баторый у Сяміграддзі
Сапраўднае імя і прозвішча Стафана Баторыя — Іштван Батары або, як правільна будзе па-венгерску, — Батары Іштван, бо ў мадзьяраў спачатку пішацца прозвішча, а потым імя (так бы мовіць, назва роду больш галоўная, чым асабістае імя).
Паходзіў ён з даўняга венгерскага магнацкага роду ў Сяміграддзі (або Трансільваніі), якая ў той час была самастойнай краінай, асобнай ад Венгрыі, але ўжо падпарадкаваная турэцкаму султану як васальная дзяржава. У Сяміграддзі (назва ад сямі гарадоў) жыло змешанае насельніцтва: венгры, румыны і немцы. Род Баторыяў меў дзве галоўныя лініі. Стафан нарадзіўся ў сям'і з лініі Шомлё, якая валодала латыфундыямі ў вобласці Крышана, недалёка ад сучаснай дзяржаўнай мяжы Румыніі з Венгрыяй. Цэнтрам латыфундый роду Баторыяў быў гарадок Шомлё (цяпер па-румынску Сімлеул Сільваней). Род Баторыяў з Шомлё валодаў у ваколіцы 35 мястэчкамі і вёскамі.
У замку Шомлё 27 верасня 1533 г. нарадзіўся Батары Іштван. Ён быў аднагодкам расійскага цара Івана Жахлівага, з якім потым ваяваў. Іштван быў трэцім, апошнім сынам Іштвана Батары, ваяводы (князя) Сяміграддзя, якое займала большую частку сучаснай Румыніі. Бацька праз год пасля нараджэння сына памёр. У маладыя гады Іштван выхоўваўся ў Вене пры двары рымска-германскага імператара (Свяшчэннай Рымскай імперыі) і караля Венгрыі Фердынанда I Габсбурга, дзе ягоны старэйшы брат Андрэй займаў высокую пасаду гофмайстра венгерскай кароны.
Тут ён атрымаў і адукацыю. Некаторы час вучыўся ў Падуанскім універсітэце ў Італіі, дзе ў свой час Францішак Скарына абараніў доктарскую дысертацыю. У Вене ён пачаў называцца Стафанам Баторыем. Стафан Баторый добра размаўляў на нямецкай, лацінскай, італьянскай і, зразумела, венгерскай мовах. А вось па-польску і па-беларуску ён гаварыць так і не навучыўся. Калі быў абраны каралём Рэчы Паспалітай, то тут ён гаварыў з мясцовымі жыхарамі на лацінскай мове альбо праз перакладчыка.
Пасля вучобы ў Італіі Баторый вяртаецца на радзіму, дзе разгарэлася барацьба часткі венгерскіх магнатаў на чале з прэтэндэнтам на каралеўскі трон Венгрыі Янам Жыгімонтам Заполья (ягоны бацька некаторы час быў венгерскім каралём) супраць германскага імператара. Малады Баторый падтрымаў Заполья, удзельнічаў у бітвах, набыў вопыт адміністратара і дыпламата. Баторый быў накіраваны на чале пасольства ў Вену на мірныя перагаворы з імператарам, але падчас перамоў па загаду імператара Максіміліяна II быў арыштаваны і інтэрнаваны ў Вене на працягу двух гадоў Атрымаўшы свабоду, ён вярнуўся дадому і пасля смерці князя Трансільваніі Яна Жыгімонта 25 мая 1571 г. быў абраны на сойме князем Трансільваніі (Сяміграддзя), нягледзячы на супрацьдзеянне імператарскага двара. Але пасля войнаў Трансільванія была аслаблена і вымушана была прызнаць васальную залежнасць адначасова ад імператара (ён жа кароль Венгрыі) і ад турэцкага султана. Каб аказваць супраціўленне Габсбургам і султану, Баторый наладзіў добрыя стасункі з Рэччу Паспалітай і польскімі магнатамі.