Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
20 кастрычніка 1655 г. Януш Радзівіл з групай паноў і шляхты заключыў у Кейданах акт дзяржаўнай уніі Вялікага Княства Літоўскага са Швецыяй, прызнаючы караля Карла X Густава сваім вялікім князем. Аднак значная частка беларускай і літоўскай шляхты на чале з Паўлам Сапегам, ад 1656 г. ваяводам віленскім і вялікім гетманам літоўскім, працягвала барацьбу з заваёўнікамі.
Кароль Ян Казімір, пацярпеўшы паражэнне, у лістападзе 1655 г. выехаў у Аполе ў Сілезію, але праз месяц вярнуўся, каб гуртаваць сілы супраць ворага на чале з палкаводцам С. Чарнецкім. Пачаўся шырокі народны рух — шляхты, мяшчан і сялян — супраць шведаў. У 1656 г. польскія войскі нанеслі ворагам знішчальны ўдар. Ян Казімір кіраваў войскам, якое ў чэрвені 1656 г. вызваліла Варшаву. Цар Аляксей Міхайлавіч, захапіўшы вялікую тэрыторыю, вырашыў падпісаць з каралём замірэнне, а сам пачаў вайну са Швецыяй за Прыбалтыку.
А ў гэты час супраць Рэчы Паспалітай выступіла кааліцыя Швецыі, Брандэнбурга, Трансільваніі і Украіны. Саюз быў падпісаны ў снежні 1656 г. у вёсцы Раднот (па-румынску Ернут). Пасля перамогі Швецыя павінна была атрымаць каралеўскую (гэта значыць польскую) Прусію з Гданьскам, Ліфляндыю, Курляндыю, частку Літвы і Мазоўша; Брандэнбург — Вялікую Польшчу з Познанню; Хмяльніцкі — усю Украіну; усё астатняе — трансільванскі (сямігародскі) князь Юрый II Ракачы, а ваяводства Наваградскае планавалася пераўтварыць у асобнае княства для слуцкага князя Багуслава Радзівіла.
У 1657 г. Ракачы спрабаваў захапіць Польшчу, але быў разбіты. Расія працягвала вайну ў Ліфляндыі, але беспаспяхова.
У гэты час Ян Казімір скасаваў саюз з імператарам, бо Аўстрыя не дапамагла Рэчы Паспалітай. Цяпер кароль пачаў арыентавацца на Францыю, дзе каралём быў Людовік XIV. Кароль, якога моцна падтрымлівала каралева Марыя Людвіка і якая мела на яго вялікі ўплыў, распрацаваў план рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Ён прапанаваў выбіраць новага караля не пасля смерці папярэдніка, а пры жыцці, каб не было безуладдзя ў час міжкаралеўя. Аднак сойм 1660 г. і соймікі 1661 г. выказаліся супраць такой рэформы. Узмацнення цэнтральнай улады не адбылося.
Апошнія гады панавання
Паступова палітычнае становішча Рэчы Паспалітай паляпшалася. Ворагі не маглі канчаткова дамовіцца аб сумесных дзеяннях, пачалі цярпець паражэнні і паступова выходзілі з вайны. У 1657 г. быў падпісаны мір з Брандэнбургам і Прусіяй, у 1660 — са Швецыяй. Нават з казацкай старшынай Украіны ў 1658 г. была падпісана Гадзяцкая ўмова, паводле якой Украіна, якая папярэдне адмовілася ад саюзу з Расіяй, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай у якасці трэцяга члена федэрацыі (так званае княства Рускае). Праўда, праз год другая частка старшыны (расійскай арыентацыі) адмовілася ад уніі, каб вярнуцца ў склад Расіі на правах аўтаноміі.
Ян Казімір Ваза (малюнак Яна Матэйки)
Вайна з Масковіяй на тэрыторыі Беларусі была ўзноўлена ў 1658 г. Ад 1660 г. аб'яднаныя польска-беларускія войскі разам з мясцовымі атрадамі пачалі наносіць удары расійскім войскам. У 1660 г. войскі пад камандаваннем С. Чарнецкага нанеслі расійскім войскам цяжкае паражэнне каля Палонкі і Чарэі. У 1661 г. маскоўскаму ваяводзе Хаванскаму было таксама нанесена паражэнне пад Кушлікамі на Полаччыне. У лютым 1661 г. паўсталі мяшчане Магілёва на чале з бурмістрам Леановічам і за адну ноч перабілі расійскі гарнізон. Мяшчане Дзісны, Себежа, Гомеля і іншых гарадоў таксама або знішчылі, або выгналі царскія фармаванні. У снежні 1661 г. была вызвалена сталіца краіны — Вільня. Такім чынам, царскія войскі былі выціснутыя з тэрыторыі Беларусі. У студзені 1667 г. у Андрусаве (недалёка ад Мсціслава) было падпісана замірэнне на трынаццаць з паловаю гадоў. Маскоўская дзяржава захавала Смаленск і левабярэжную (па Дняпры) Украіну. У Прыбалтыцы Расія не займела нічога.
Страты на Беларусі былі неймавернымі. Гэта была нацыянальная трагедыя беларускага народа. Загінула, было забіта, вымерла ад голаду і эпідэмій, вывезена сілком у Расію палова насельніцтва Беларусі. Насельніцтва Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага і Менскага ваяводстваў скарацілася на 60–70 %. Тут застаўся толькі кожны трэці. Страты Наваградскага, Берасцейскага і Віленскага ваяводстваў у людзях складалі 35–45 %. Праваслаўны патрыярх Антыёхіі Макарый III (араб па нацыянальнасці) праязджаў у гэты час праз Беларусь у Маскву, і ў яго дарожным дзённіку знайшлі адлюстраванне жахлівыя малюнкі, якія ён бачыў на сваім шляху. Прызвычаены да жорсткасці на Блізкім Усходзе, ён з цяжкасцю мог паверыць у тыя нялюдскія ўчынкі, якія рабілі войскі маскоўскага цара ў заваяванай краіне.
Супраць Яна Казіміра і яго планаў умацавання цэнтральнай улады ў дзяржаве ў Польшчы склалася апазіцыйная групоўка на чале з гетманам польным каронным Ежы Сэбастыянам Любамірскім. У 1665 г. яна падняла рокаш супраць караля. Хаця спачатку ракашане перамаглі каралеўскае войска, але потым мусілі капітуляваць. Любамірскага суд прыгаварыў да баніцыі (выгнання з радзімы). Але і спроба рэформаў была сарваная.
Новая бяда напаткала Яна Казіміра. У маі 1667 г. памерла ягоная жонка Марыя Людвіка, пастаянная дарадчыца, пад уплывам якой ён заставаўся да канца іх супольнага жыцця. Доўга кароль быў у смутку. Планы рэформаў не здзейсніліся, Рэч Паспалітая шмат пацярпела ў часе войнаў, частка тэрыторыі была страчана. Федэратыўная дзяржава аслабела. Усё гэта прывяло караля да думкі адмовіцца ад трона. 16 верасня 1668 г. Ян Казімір зрабіў гэты крок — адрокся ад трона і назаўсёды выехаў у Францыю да свайго саюзніка караля Людовіка XIV.
Памёр Ян Казімір 16 снежня 1672 г. у горадзе Неверы. Цела караля было перавезена ў Польшчу і ўрачыста пахавана ў студзені 1676 г. у Кракаве ў касцёле на Вавелі.
Міхал Карыбут Вішнявецкі (1640–1673)
Паходжанне
Пасля таго як у верасні 1668 г. Ян Казімір Ваза адрокся ад трона каралём польскім і вялікім князем літоўскім стаў Міхал Карыбут Вішнявецкі.
Князь Міхал Карыбут Вішнявецкі паходзіў са старажытнага княжацкага роду. Радавод свой Вішнявецкія вялі ад літоўскага князя Карыбута Дзмітрыя Альгердавіча, князя Ноўгарад-Северскага, аднаго з малодшых Альгердавых сыноў і таму да свайго прозвішча дадавалі яшчэ прыдомак Карыбут. Яны лічылі сябе нашчадкамі малодшага сына Карыбута Дзмітрыя — Фёдара, ад якога паходзілі князі Збаражскія і Вішнявецкія на Украіне.
Продак князёў Вішнявецкіх князь Міхал Збаражскі, які жыў на пачатку XVI ст., валодаў замкам Вішнявец на Валыні. Ён і ягоныя сыны ўжо насілі прозвішча Вішнявецкія. Гэта быў багаты праваслаўны княжацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім. Вішнявецкія былі ўладальнікамі значных маёнткаў, займалі адміністрацыйныя пасады ў розных частках гаспадарства, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Так, Іван Міхайлавіч Вішнявецкі быў дзяржаўцам эйшышскім, варнянскім, чачэрскім і прапойскім, яго брат Фёдар — таксама дзяржаўцам прапойскім і чачэрскім, а іх брат Аляксандр — рэчыцкім старостам. Але найбольш праславіўся ўнук заснавальніка роду — Дзмітрый Іванавіч Вішнявецкі, пра якога потым спявалі песні на Украіне. Гэты князь, староста чаркаскі і канеўскі, быў адным з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць туркаў і крымскіх татараў. У 1554–1555 гг. ён пабудаваў на дняпроўскай выспе Малая Хорціца крэпасць, з чаго і пачалася Запарожская Сеч. У знак пратэсту супраць загаду вялікага князя літоўскага (і караля польскага) Жыгімонта Аўгуста спыніць казацкія напады на Крым і Турцыю (каб не выклікаць нападаў у адказ) Дзмітрый Вішнявецкі перайшоў на бок рускага цара Івана IV Грознага (Жахлівага) і двойчы ўдзельнічаў у паходах рускага войска на Крымскае ханства. Праз колькі гадоў падчас Лівонскай вайны, Дзмітрый Іванавіч вярнуўся на Украіну — у Чаркасы. У 1563 г. запрашаецца баярамі на малдаўскі трон, але ягоны атрад быў разбіты ў бітве з войскамі гаспадара Стэфана IX. Вішнявецкі трапіў у палон, быў выдадзены туркам, якія не забыліся пра яго налёты на іх, і ў тым жа 1563 г. пакараны смерцю ў Канстанцінопалі.