Па слядах Купалы і Коласа
- Автор: Чыгрын Сяргей
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Па слядах Купалы і Коласа». Краткое содержание книги:
У 1920-х гадах Аляксандр Вазнясенскі шмат друкуецца. У часопісах “Полымя”, “Узвышша”, “Крывіч”, “Маладняк”, у “Працах БДУ” ён аналізуе творчасць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, даючы параўнальна-тыпалагічную характарыстыку іх творчасці ў кантэксце еўрапейскіх літаратур. У часопісе “Полымя” за 1929 год літаратуразнавец публікуе сваё вялікае даследаванне “Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа”. У ім крытык прааналізаваў стыль аўтара, вывучыў яго мастацкую мову, умела параўнаў прозу Коласа з прозай Тургенева, Гогаля, Дастаеўскага. “У галіне стылю эмацыянальнага псіхалагічнага, -- піша Аляксандр Вазнясенскі, -- наш пісьменнік больш блізкі да традыцый рамантычнай творчасці. Яго мастацкая мова ў гэтым выпадку пераважна рамантычная” (“Полымя”, 1929. № 3. С. 137).
Працуючы ў Белдзяржуніверсітэце, А. Вазнясенскі даследаваў гісторыю беларускага тэатра, а таксама беларускі тэатр 1920-х гадоў. Сам крытык прымаў актыўны ўдзел у рабоце тэатральнай падсекцыі Інбелкульта, добра ведаў тагачаснае тэатральнае жыццё. Як адбітак з часопіса “Узвышша” ў 1927 годзе выходзіць яго праца пра беларускі тэатр 1921-1926 гадоў, а ў 1930 годзе ў красавіку “Маладняк” публікуе яго артыкул “Перспектывы сучаснага беларускага тэатра”. У чэрвенскім нумары часопіса “Узвышша” за 1929 год надрукавана цікавае даследаванне Аляксандра Вазнясенскага “Другі Беларускі драматычны тэатр”. Яно пачыналася так: “Другі Беларускі дзяржаўны тэатр, як пэўная арганізацыя, утварыўся арганічна з першай беларускай мастацкай студыі, што нарадзілася ў 1921 годзе ў Менску і праходзіла свой курс вывучэння тэатральнага мастацтва ў Маскве. Студыя скончыла свае заняткі вясною 1926 года, а з восені ў тым жа годзе яна была дэкрэтам Наркамасветы Беларусі ператворана ў Другі Беларускі дзяржаўны тэатр... Першай п’есай, што была сцэнічна, як мае быць, распрацована і паслужыла грунтам для драматычнага рэпертуару другога тэатра, была народная драма “Цар Максіміллян”. Уся праца, звязаная з пастаноўкай, была праведзена калектывам студыйцаў з вялікім творчым уздымам. Гэтая п’еса ў Беларусі, шырока папулярная ў народных гушчах, была вядома кожнаму студыйцу. Тэкст гэтае п’есы, яе музычныя нумары, гарнітуры, дэкарацыі і ўсе іншыя прыналежнасці паказу былі выпрацаваны самымі артыстамі-студыйцамі і з’яўляюцца вынікам творчай працы ўсяго калектыва. Першае выступленне беларускай студыі перад публікай з гэтаю драмаю было ў Маскве ў траўні 1924 года. Яе паказ, выкананы ў канструкцыйным стылі, быў спатканы пахвальнымі водгукамі маскоўскага друку. У Менску гэтая драма ўпершыню была паказана ў чэрвені таго ж 1924 года, але спаткана гледачамі даволі стрымана, выклікаўшы шмат гутарак і спрэчак. Правінцыяльная публіка, выхаваная на традыцыях старога бытавога тэатра, маючы прывычку да рэальных пастановак, вядома, прычынілася скептычна да новых тэатральных накіраванняў, што праніклі ў гэты час у тэатральнае мастацтва...”(“Узвышша”, 1929. № 6. С.96-97).
Далей даследчык расказаў пра станаўленне гэтага калектыву, прааналізаваў яго рэпертуар, рэжысёрскае і акторскае майстэрства, сцэнаграфію, спыніўся на п’есах В.Шашалевіча “Апраметная”, А.Глобы “Астап”, М.Грамыкі “Каля тэрасы” і іншых драматургаў і некаторыя крытычна ацаніў.
У 1930 годзе прафесару Вазнясенскаму ГПУ БССР загадвае пакінуць тэрыторыю Беларусі. У гэты час быў арыштаваны ў Менску і літаратуразнавец, крытык, педагог Уладыслаў Чаржынскі. Чаржынскага высылаюць у ссылку ў Казань, а Вазнясенскага ў Маскву. У Маскве Аляксандр Вазнясенскі ўладкаваўся на працу ў Маскоўскі гарадскі педагагічны інстытут, пасля ў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі, а потым працаваў у Народным камісарыяце цяжкай прамысловасці.