Рускія народныя казкі
- Автор: Афанасьев Александр Николаевич, Нечаев Александр Николаевич
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- Переводчик: Алесь Іванавіч Якімовіч
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Рускія народныя казкі». Краткое содержание книги:
чарадзейныя і бытавыя казкі, казкі пра жывёл.
Сцебануў тут Іванка свайго каня па сцёгнах; узлаваўся конь, скочыў — і ўсяго на два вянцы да акна царэўны не даскочыў. Завярнуў Іванка каня, хвасянуў братоў, каб дарогу далі, і памчаўся прэч.
Прыходзяць браты дадому, а Іванка ўжо на печы ляжыць, слухае, што браты расказваюць, і насміхаецца.
На трэці дзень зноў браты паехалі на свята, прымчаўся і Іванка. Сцебануў ён свайго каня бізуном. Узлаваўся конь яшчэ мацней, скочыў — і дастаў да акна. Іванка пацалаваў царэўну ў вусны мядовыя, схапіў з яе пальца пярсцёнак, завярнуў каня і памчаўся прэч, не забыўшы братоў бізуном агрэць. Тут ужо і цар і царэўна закрычалі: «Лаві, лаві яго!» — а Іванкаў і след прастыў.
Прыйшоў Іванка дадому — адна рука анучкай абкручана.
— Што гэта ў цябе такое? — пытаюцца ў Івана братавыя.
— Ат,— кажа,— шукаў грыбы, на сучок укалоўся.— I палез Іван на печ.
Прыйшлі браты, пачалі расказваць, што і як было.
А Іванку на печы захацелася на пярсцёнак паглядзець: як прыўзняў ён анучку, усю хату нібы агнём асвяціла.
— Кінь, дурань, з агнём забаўляцца! — крыкнулі на яго браты.— Яшчэ хату спаліш. Пара цябе, дурня, зусім з дому прагнаць.
Дні праз тры ідзе ад цара кліч, каб увесь народ, колькі ні ёсць у царстве, збіраўся да яго на банкет і каб ніхто не пасмеў дома заставацца, а хто царскім банкетам пагрэбуе — таму галаву з плеч.
Нічога тут не зробіш; пайшоў на банкет сам стары бацька з усёю сям'ёю.
Прыйшлі, за сталы дубовыя паселі; п'юць і ядуць, гамонку вядуць.
Пад канец банкету пачала царэўна мёдам са сваіх рук гасцей абносіць. Абышла ўсіх, падыходзіць да Іванкі апошняга; а на дурню ж адзенне беднае, увесь у сажы, валасы дыбам, адна рука бруднай анучкай завязана... проста жах.
— Чаму гэта ў цябе, малойца, рука абвязана? — пытаецца царэўна.— Ану развяжы.
Развязаў Іванка руку, а на пальцы пярсцёнак царэўны — так усіх і асвяціў.
Узяла тады царэўна дурня за руку, падвяла да бацькі і кажа:
— Вось, бацюхна, мой суджаны.
Абмылі слугі Іванку, прычасалі, прыбралі ў царскія ўборы, і зрабіўся ён такім малайцом, што бацька і браты глядзяць — і вачам сваім не вераць.
Згулялі вяселле царэўны з Іванкам і справілі банкет на ўвесь свет. Я там быў: мёд, піва піў; па вусах цякло, а ў рот не папала.
Жыў-пажываў Кузьма адзін-адзінюткі ў цёмным лесе. Hi скінуць, ні надзець у яго нічога не было, а каб падаслаць — дык і не заводзіў.
Вось паставіў ён пастку. Раніцай пайшоў паглядзець — трапіла лісіца.
— Ну, лісіцу цяпер прадам, грошы за яе вазьму, дык і жаніцца буду.
Лісіца яму кажа:
— Кузьма, адпусці мяне, я табе за гэта ўдружу, зраблю цябе Кузьмом Скорабагатым, толькі ты засмаж мне адну курачку з масліцам — чым тлусцей.
Кузьма згадзіўся. Засмажыў курачку. Лісіца наелася мяса, пабегла ў царскія запаведныя лугі і давай на тых запаведных лугах качацца.
— У-у-у! У цара была ў гасцях, што хацела — піла і ела; заўтра клікалі, зноў пайду.
Бяжыць воўк і пытаецца:
— Чаго, кума, качаешся, брэшаш?
— Як жа мне не качацца, не брахаць! У цара была ў гасцях, што хацела — піла і ела; заўтра клікаў, зноў пайду.
Воўк і просіць:
— Лісічка, можа, ты і мяне к цару на абед звадзіла б?
— Будзе цар дзеля аднаго цябе турбавацца! Збірайцеся вы — сорак ваўкоў, тады павяду вас у госці да цара.
Воўк пачаў па лесе бегаць, ваўкоў збіраць. Сабраў сорак ваўкоў, прывёў іх да лісы, і лісіца павяла іх да цара.
Прыйшлі да цара, лісіца забегла наперад і кажа:
— Цар, добры чалавек Кузьма Скорабагаты кланяецца табе сарака ваўкамі.
Цар зарадаваўся, загадаў усіх ваўкоў загнаць у загарадзь, замкнуць моцна. Сам думае: «Багаты чалавек
Кузьма!»
А лісіца пабегла да Кузьмы. Загадала засмажыць яшчэ адну курачку з масліцам — чым тлусцей, паабедала сытна і прыпусціла на царскія запаведныя лугі.
Качаецца, валяецца па запаведных лугах. Бяжыць міма мядзведзь, убачыў лісіцу і кажа:
— Эге ж, праклятая хвастамеля, як нажэрлася!
А лісіца яму:
— У-у-у! У цара была ў гасцях, што хацела — піла і ела; заўтра клікалі, зноў пайду.
Мядзведзь пачаў прасіць:
— Лісічка, можа, ты і мяне к цару на абед зводзіш?
— Для аднаго цябе цар і турбавацца не захоча. Збяры сорак чорных мядзведзяў — павяду вас у госці да цара.
Мядзведзь пабег у дуброву, сабраў сорак чорных мядзведзяў, прывёў іх да лісіцы, і лісіца павяла іх да цара. Сама забегла наперад і кажа: