Падарожжа ў XIX стагоддзе
- Автор: Мальдзіс Адам
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Народная асвета
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Падарожжа ў XIX стагоддзе». Краткое содержание книги:
У жнівеньскім нумары польскага часопіса «Літва і Русь» за 1912 год ёсць нататка нейкага І. О. (магчыма, Яна Обста), дзе гаворыцца пра абставіны, пры якіх Каратынскі трапіў у дом «вясковага лірніка»: «Вінцусь, па мянушцы Кароткі (малы), пасвіў гусей у Сыракомлі. Аднойчы Паўліна, жонка Сыракомлі, убачыла ў яго торбе лемантар, пасля чаго яго сталі вучыць. «Малы Вінцусь», або «Вінцук Кароткі», пад іменем Вінцэнта Каратынскага заняў пачэснае месца ў нашай (польскай.— А. М.) літаратуры як аўтар кніг «Чым хата багата...», «Выпіў Куба да Якуба», «Таміла», а таксама многіх публіцыстычных прац і «лятучых» вершаў (часткова на беларускай гаворцы)». Пра свайго гадаванца, працягвае І. О., Сыракомля не забываў і пасля. Даведаўшыся аднойчы, што той застаўся без работы, запрасіў яго ў Барэйкаўшчыну дзеля дапамогі па гаспадарцы.
Аднак да нататкі І. О. трэба падысці крытычна. Як бачна з успамінаў сына паэта, Бруна Каратынскага, гэта прозвішча не звязана са словам «кароткі». Этымалагічна яно паходзіць ад беларускага сялянскага прозвішча Каратай, якое мелі продкі паэта. Выклікае сумненне і тое, што Каратынскі трапіў у дом Сыракомлі маленькім пастушком. Хутчэй за ўсё, першую сустрэчу абодвух паэтаў трэба датаваць 1851 годам. Якраз тады Сыракомля шукаў сабе памочніка для перапісвання завершаных твораў.
Вінцэсь Каратынскі нарадзіўся 15 жніўня 1831 года ў вёсцы Селішча Турэцкай воласці Навагрудскага павета. Сын аднаго з самых бедных сялян у ваколіцы, ён з цяжкасцю атрымаў нязначную адукацыю і нейкі час працаваў на Навагрудчыне хатнім настаўнікам («дарэктарам»).
У друку імя Каратынскага ўпершыню сустракаецца ў сярэдзіне 50-х гадоў. На старонках газеты «Кур'ер віленскі» і часопіса «Тэка віленьска» з'яўляюцца цыклы яго польскіх вершаў, а таксама публіцыстычныя артыкулы, пераклады з рускай, чэшскай (перакладчык перапісваўся з чэшскім грамадскім дзеячам В. Ганкам), нямецкай і французскай моў. Асаблівую цікавасць выклікаюць песні Беранжэ, перакладзеныя Каратынскім на польскую мову сумесна з У. Сыракомлем і выдадзеныя асобнай кніжкай у Вільні ў 1859 годзе. Да таго ж часу адносіцца супрацоўніцтва пісьменніка з рэдакцыяй «Слоўніка польскай мовы» С. Аргельбранда і іншымі энцыклапедычнымі выданнямі.
Да нас дайшлі лічаныя беларускія творы Каратынскага. Гэта — вершы «Уставайма, браццы, да дзела, да дзела!» і «Туга на чужой старане», вершаваны запіс у альбоме А. Вярыгі-Дарэўскага. Каратынскаму некаторыя даследчыкі прыпісваюць таксама аўтарства «Гутаркі старога дзеда», якая двойчы, у 1861 і 1862 гадах, ананімна выдавалася асобнай брашурай у беластоцкай друкарні Шварцэ.
Трэба адзначыць, што беларускіх вершаў Каратынскі напісаў значна больш. У 1857 годзе ён хацеў уключыць іх у польскі зборнік «Чым хата багата, тым рада», але паслухаў Сыракомлю і адклаў для сумеснага беларускага зборніка, які, на жаль, ніколі не ўбачыў свету. Вядома, што ў 1912 годзе гэтыя вершы яшчэ захоўваліся ў нашчадкаў паэта ў Варшаве. Аднак, па меркаванню польскага даследчыка М. Канапацкага, усе рукапісы загінулі ў час апошняй сусветнай вайны.
З названых беларускіх твораў Каратынскага найбольшую мастацкую каштоўнасць мае элегія «Туга на чужой старане», напісаная ў 1864 годзе, а затым пакладзеная на музыку жыхаром Навагрудчыны В. Клімовічам. Элегія кранае глыбінёй патрыятычных пачуццяў, якія перададзены ў форме, блізкай да беларускіх народных песень:
На наш погляд, «Тугу на чужой старане» неабавязкова звязваць з нейкім канкрэтным момантам у біяграфіі аўтара. У 1864 годзе, пасля паражэння паўстання, у сібірскую ссылку адпраўляліся тысячы і тысячы патрыётаў. І магчыма, словы жальбы-тугі па роднай «зямельцы» паэт укладвае ў вусны аднаго з іх. Ва ўсякім выпадку, прытоены напамін аб трагічных падзеях 1863 года чуецца ў наступных радках элегіі: