Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
Мяне няма: роздумы на руінах чалавека - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Электронная книга - «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека». Краткое содержание книги:

У сваёй кніжцы беларускі філёзаф збудаваў свой вобраз сучаснай урбанізаванай і расейскамоўнай Беларусі. Для Акудовіча “Ўся Беларусь” і “Ўласна Беларусь” — гэта дзьве канцэптуальна розныя кампазыцыі на прасторы аднаго топасу. “Уласна Беларусь” – гэта Архіпэляг. Унутры дзяржаўных межаў сям-там паасобку ці групамі раскіданы астравы і астраўкі беларушчыны, а камунікацыі паміж імі адбываюцца дзякуючы тэкстам. Вось гэтую апалягетыку Тэксту вельмі нязвыкла ўбачыць у словах аўтара, вядомага сваім скэптычным стаўленьнем да таго меркаваньня, што літаратурны твор сам па сабе можа нейкім чынам уплываць на сацыяльнае жыцьцё, нават калі ён ствараўся з мэтаю такога ўплыву. Сучасную найбольшую ж пагрозу аўтар бачыць у тым, што, мы па-ранейшаму скіраваныя на вайну культураў (з аднаго баку, на вайну з расейскай культурай, з другога — на вайну з культурай Захаду). Кардынальна адрозная сытуацыя пачынае складвацца цяпер, калі анулюецца дыстанцыя паміж роднай і іншымі культурамі. Сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва неўпрыкмет робіцца ці не найбольш драматычнай праблемай, якая ставіць пад пытаньне саму магчымасьць культурнай ідэнтыфікацыі. А значыць, і саму магчымасьць беларускай культуры ўвогуле.
1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 80
Перейти на страницу:

Я-чалавек не галоўны ў тым, што ён ёсьць і якім ён ёсьць. Болей за тое, сам я-чалавек мае вельмі сьціплае дачыненьне да таго, што ёсьць ім. Цьверджаньні экзістэнцыялістаў, быццам я-чалавек тым ці іншым чынам, але выбірае сябе сярод сваіх магчымасьцяў быць, абапіраецца на ўсё тую ж прытоеную гіпотэзу, што я-чалавек ёсьць як хто і застаецца адно высунуць сваю вэрсію гэтага хто. (Да прыкладу трохі працытуем Сартра: “Чалавек нясе ўвесь цяжар сьвету на сваіх плячах: ён адказвае за сьвет і за самога сябе як пэўны спосаб быцьця... Таму ў жыцьці няма выпадковасьці. Ніводная грамадзкая падзея, раптам узьніклая і абрынутая на мяне, не зьяўляецца звонку: калі я мабілізаваны на вайну, гэта і ёсьць мая вайна, я вінаваты ў ёй, я яе заслугоўваю. Я яе заслугоўваю найперш таму, што мог ўхіліцца ад яе — зрабіцца дэзэртырам ці загубіць сябе. Калі я гэтага не зрабіў, выходзіць, я яе выбраў, стаўся яе саўдзельнікам”.)

Я-чалавек не выбірае сябе, як “пэўны спосаб быцьця”, я-чалавек нічога не выбірае, бо няма каму выбіраць...

Я-чалавек толькі забясьпечвае сабой тое, што ёсьць ім. Забясьпечвае сваім прозьвішчам, сваёй біяграфіяй, сваёй экзістэнцыяй. Забясьпечвае сваёй прысутнасьцю, сваім дзеяньнем, сваім учынкам. Сэксуальным актам ён забясьпечвае працяг роду, сацыяльным учынкам забясьпечвае нарошчваньне а-рэальнасьці. Адным словам, я-чалавек забясьпечвае сабой усё тое, што зафіксавала сябе ў значэньнях я-чалавека, і толькі такім чынам ён забясьпечвае сябе самім сабой.

Пэўна з гэтага можна патлумачыць і факт адсутнасьці патрэбы я-чалавека ў самім сабе. Здавалася б, дзіўна: я-чалавек увесь час толькі тое і робіць, што забясьпечвае сябе самім сабой, аднак пры гэтым ён сам сабе нінавошта не патрэбны, прынамсі гэтая патрэба ніяк не адшукваецца. Але тут, відаць, рэч у тым, што я-чалавек не сябе забясьпечвае самім сабой, а забясьпечвае самім сабой тое, што ёсьць ім. Калі гэта так, то тады стаецца зразумелым, чаму ён ня мае патрэбы ў самім сабе: у я-чалавеку няма нічога такога, што па-за экзістэнцыяй было б уласна ім і патрабавала яго самога, як толькі яго.

Я-чалавек — усяго тое, што ёсьць у значэньнях яго. Ён не абумоўлены сам сабой. І нікім (нічым) іншым не абумоўлены як менавіта ён, гэты, адзіна магчымы тут і цяпер. Ніхто зь людзей ня быў вымкнуты зь небыцьця таму, што непасрэдна яго чакала ў быцьці адно яму належнае мейсца. У тым, што той ці іншы чалавек зьявіўся альбо не зьявіўся, няма ніякай сыстэмы, ніякай лёгікі, тым болей — прадвызначанасьці.

Хтосьці ёсьць, кагосьці няма. Хто ёсьць? Каго няма? Гэта не праблема. Ніколі гэта не праблема... Але мы ня станем далей разгортваць тэзу аб татальнай залежнасьці зьяўленьня я-чалавека ад выпадку. Бо калі быць больш дакладным, то я-чалавек увогуле не зьяўляецца. Ніякі асабіста. Ніхто пэрсаналізавана.

Зьяўляецца ня я-чалавек, а ўсяго толькі біялягічная “балванка”. І хаця яна мае свой генэтычны код, пол, расавую належнасьць і шэраг іншых, уласьцівых адно ёй характарыстыкаў (якія далей будуць уплываць на фармаваньне кшталту экзістэнцыі), але гэта ўсяго “балванка”, сваеасаблівы “паўфабрыкат” я-чалавека, што ў невымернай колькасьці ў незьлічоных стагодзьдзях вырабляе адна з мноства “тэхналягічных лініяў” той вялізнай фабрыкі па вытворчасьці біялягічных формаў, якую мы называем Прыродай.

Я-чалавек не зьяўляецца, ён стаецца я-чалавекам у працэсе адбываньня свайго тэрміну быцьця. Хаця больш карэктна будзе сказаць, ня “ён стаецца”, а ім “стаюцца” шматлікія аб’ектнасьці сьвету, якія падчас ягонага бытнаваньня накладаюцца сваім цяжарам на першапачатковы біялягічны под і тымсамым арганізуюць тое, што чалавек залішне самаўпэўнена называе “Я”.

Калі што і застаецца ў я-чалавеку ўласна яго, чалавечым, дык гэта мера здольнасьці прымаць і ўтрымліваць у сабе разнастайныя фэномэны існага. Але якраз у зьвязку з абмежаванымі магчымасьцямі я-чалавека быць адкрытым для быцьця існага, мы, бадай, можам казаць пра я-чалавека як пра вынік скажэньня аб’ектнасьцяў існага, што ня могуць выявіцца ў чалавеку ў сваёй паўнаце. Чалавек ня “мера ўсіх рэчаў, існуючых, што яны існуюць, неіснуючых — што яны не існуюць”, а мера скажэньняў усяго як існуючага, так і неіснуючага. Вось гэтая мера магчымасьцяў сублімаваць скажоныя (усё абсечанае, няпоўнае — ёсьць скажоным) аб’ектыўнасьці рэальнага сьвету і зьяўляецца тым, што мы называем экзістэнцыяй, гэта значыць уласна чалавечым канкрэтнага чалавека.

Я-чалавек — мера скажэньняў аб’ектыўнасьці сьвету. Накладаючы сябе, як скажоную меру, на аб’ектыўную рэальнасьць, я-чалавек атрымлівае не адэкватную ні рэальнасьці, ні самому сабе карціну. Мабыць, адсюль адна з прычынаў пракаветнай роспачы я-чалавека, які з гэтага ніяк ня можа зарыентавацца ў гушчары быцьця, і таму застаецца разгубленым сам-насам.

1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 80
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)