Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Агасфэр (Вечны Жыд) - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Агасфэр (Вечны Жыд)

Электронная книга - «Агасфэр (Вечны Жыд)». Краткое содержание книги:

Але цуд, як і ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным і велічным відовішчам, як толькі з прасторы прасьцерлася Божая правіца, сягнула праз цэлы сьвет, і ўсе стварэньні сабраліся ў Яго руцэ. Пасьля ўся неабсяжнасьць звузілася, і, як штукар дастае свае аксэсуары - парашочкі й пудэлачкі з эліксірам і костачкі, альбо як кухарка муку, яйкі, алей, так, убачылі мы, Ён узяў з усёй зямлі грудачку пылу й з усіх водаў адну кропельку й з усяго паветра ўгары адну паветрынку й з усяго агню дробную жарынку й гэтыя чатыры слабыя элемэнты-стыхіі - холад, цяпло, сухасьць і вільгаць Ён паклаў сабе на далонь і з таго зьляпіў Адама. І мы павінны былі яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне, і мусілі былі пачалавечы падладжвацца й пахлебіцца й кланяцца яму й ганараваць яго! І так сказалі анёлы перад абліччам новага Адама: дзеля якое мэты й прычыны стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхіяў, калі ня дзеля таго, каб усё на сьвеце карылася яму й слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу зь зямлі, каб усе пылатворныя служылі Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах і рэках давалася яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з агню, каб усе агнявыя істоты й духі й магуты падкладаліся пад яго. Хвалеце Госпада ў вышынях.
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 101
Перейти на страницу:

І сышоў Юда Іскарыёт суцешаны, бо цяжар вырашэньня быў зьняты зь яго. А я пасварыўся зь Люцыпарам, але той пасьмяяўся зь мяне й сказаў: Той там, які стварыў нас у першы дзень з подыху бясконцасьці й з агню, яшчэ да таго, як стварыў гэты скуксаложаны сьвет, якраз па мне. Хто, як ня Ён, паказаўся гэтаму рэбэ Ёшуа й гутарыў зь ім? Хто, як ня Ён, прадпісаў яму шлях, якім цяпер небарака ідзе? І я павінен усупрацівіцца Ягонаму найвышэйшаму ўстанаўленьню? Адзін раз я ўжо гэта зрабіў, але ж ты бачыш, гэта мала пасобіла; Ён усё яшчэ мае свой клопат са стварэньнямі зь дзярма й вады й зь іх грэшнай душы, якую Ён ім заадно прыладзіў. Чаго толькі Ён не спрабаваў! Спачатку даў ім абпаіцца, пасьля паслаў на іх серку й полымя, пасьля вайна ў вайну дазволіў ім забіваць саміх сябе; нічога не ўрадзіла плоду, зноў і зноў адрастае выродзьдзе, кожны род горшы за папярэдні, і цяпер бярыся памагай камусь, хто грахі ўсіх бярэ на сябе й пакутуе за ўсіх? У найвышэйшай ступені недастатковы намысел гэтага недастатковага Бога. Ну што ж, давай далей так, Госпадзе Божа, давай так далей, пакуль усё на зямлі не правалілася ў чорную дзірку, зь якое калісьці было шуганула ўгору!

І вось я ўжо ведаў, што я быў адзін са сваім спадзяваньнем, і ў першы дзень праснакоў, увечары дня, калі ахвяруюць пасхальнае ягня, выправіўся я ў дом на ўскраіне горада, у найлепшай сьвяцёлцы якога ўжо былі засланыя дываны й пакладзены падушкі для вячэры рэбэ Ёшуа й ягоных вучняў, і чакаў там.

Праз нейкі час, калі ўжо бралася на вечар, яны ўсе прыйшлі і ўзьлеглі для вячэры; але рэбэ Ёшуа, мабыць, пазнаўшы мяне, паказаў мне на месца ўзбоч сябе й нахіліўся да мяне й сказаў: Я ведаю, што прыйшоў мой час, добра, што ты тут, як і абяцаўся. А тады ён устаў, зьняў зь сябе вопратку да пояса, якім ён апаясаўся, узяў кубак і напоўніў яго вадою і ўкленчыў перад мною й абмыў мне ногі; тое самае зрабіў ён пасьля й астатнім, і Сымону Пятру, які страшэнна працівіўся гэтаму. Яшчэ памятаю, якое адмысловае пачуцьцё забрала мяне, калі ягоная рука дакранулася да маёй нагі; было так, быццам дакрануўся нехта, хто любіць мяне, і я быў падумаў, што гэтая рука будзе прадзіраўленая ржавым цьвіком, калі я не перашкоджу.

Але рэбэ Ёшуа сказаў, кажучы: Ці ведаеце вы, што я зрабіў вам? Вы называеце мяне Настаўнікам і Госпадам, і ў гэтыма ваша права й рацыя. Але я сярод вас як слуга. Я падаў вам прыклад, каб вы рабілі, што я зрабіў вам.

Пасьля ён зноў апрануўся й вярнуўся на сваё месца, і я паклаў галаву яму на грудзі, быццам быў яго любімы вучань, і гаварыў зь ім. Рабі, сказаў я, тваё прыніжэньне агіднае мне. Твой здраднік ужо сядзіць сярод гэтых і той, хто ад цябе адрачэцца, і іншыя нічым ня лепшыя.

Я ведаю, сказаў ён.

Кола ня можа выбіраць сабе каляіну, па якой коціцца, сказаў я, але фурман, які паганяе быкоў, можа яе памяняць. Таму не рабі так, быццам твой лёс табе прадвызначаны, а паўстань і змагайся. Ты бачыў, як народ зьбіраўся вакол цябе каля гарадзкое брамы й як людзі ішлі за табою, і ты чуў, як яны віталі цябе й што яны крычалі табе. Але калі яны ўбачаць, што ты даешся, як авечка, весьці сябе на закол, яны адвернуцца ад цябе, і ні ты ні я ня зможам закінуць ім гэтага ў віну.

Я прапаведаваў любоў, сказаў ён, любоў мацнейшая за меч.

І тыя, што пойдуць за табою, сказаў я, будуць хапацца за меч у імя любові, а царства, пра якое ты марыў, будзе кіравацца больш жорстка, чым рымскае, і не валадар абмывацьме ногі народу, а народ будзе гнуць шыю пад ступаком валадара.

Тады ён адсунуў мяне ўбок і ўзяў праснак і сказаў над ім дабраславеньне й разламаў яго на кавалкі й працягнуў мне й астатнім за сталом і сказаў, кажучы: Вазьмеце і ежце; гэта цела маё. Тады ўзяў ён келіх і напоўніў яго віном і дабраславіў гэта таксама й сказаў, кажучы: Вазьмеце й падзялеце яго паміж вамі; гэта кроў мая, якая праліваецца за многіх дзеля дараваньня грахоў.

І я еў і піў і разумеў марнасьць сваіх намогаў, і я бачыў, як ценем жальбы зноў замаркоціла твар рэбэ Ёшуа, і ён прамовіў: Сапраўды, кажу я вам, адзін спаміж вас здрадзіць мне.

Тут сярод вучняў падняўся гоман і страх і замяшаньне, бо яны не разумелі, як гэта — толькі што рабі прычасьціў іх ад цела свайго й ад крыві сваёй, а тут такое. І Сымон Пётр падышоў і, стаўшы за мною, нахіліўся да мяне й сказаў: Ты ляжаў на ягоных грудзях; спытайся ў яго, хто спаміж нас ёсьць здраднік.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)