Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Апошняя ахвяра, здаецца, была прынятая Драконам (значыцца, Кім дагадзіў, выбар старэйшынаў быў правільны), напады на племя спыніліся. За паўгода не было ніводнага ўварваньня, ніхто на полі ня быў схоплены. Ураджай высьпеў зусім неблагі. Увосень, як сабралі маіс і кукурузу, племя наладзіла ўрачысты фэст у гонар апошняй, гэткай здатнай ахвяры.
I раптам аднойчы на сконе дня ў паселішчы паявіўся Кім.
Быў ён схуднелы, абдзёрты, босы, але ўсё з тым жа мячом у похвах, які яму ўручылі старэйшыны, і паведаміў, што забіў Дракона.
Тое было нечакана, нечувана і зьбянтэжыла ўсіх. Племя ня ведала, як да таго аднесьціся — ніколі раней нічога падобнага ў іх не здаралася. Ніхто не шкадаваў Дракона, людзі гатовыя былі парадавацца з нечуванай нагоды. Але гэтая навіна бурыла ўсю іерархію, блытала гісторыю, пляжыла ўсю веру, складзеную на пэўным суіснаваньні са злой варожаю сілай. Забойства Дракона будзіла ў душах людзей нестрываны страх — як бы цяпер ня стала горш. Калі і праўда Дракон апынуўся забітым, ці не наваляцца на племя новыя, жахлівыя выпрабаваньні якой іншай злой сілы?
Зноў жа — што рабіць цяпер з выдатна зладжаным і ўжо ўшанаваным чурбаном-помнікам?
Нечаканае вяртаньне Кіма выклікала вялікую ўзрушанасьць усяго племя, але найбольшую — сярод родзічаў і крэўных Героя. Маці сьпярша ўзрадвалася, а затым аж спалохалася тае свае радасьці. Бацька схапіўся за галаву. Два браты Кіма адразу яго ўзьненавідзелі — гэтак спляжыць усё сваё ды іхняе, вынашанае за год геройства! Каханая спахмурнела — яна адчула сябе ашуканай: каханак быў героем, а стаў немаведама кім. Дні і ночы ён задуменна сядзеў у халупе, ні з кім не спатыкаўся, ранейшыя сябры пакінулі яго. Усе яго адцураліся. I нават ідал-помнік без належнай ласкі і пашаны пачаў чарнець, трэскацца, яўна бурыцца. Таго, вядома, дапусьціць было нельга.
Старэйшыны племя сабраліся ля трох камянёў на капішчы, вырашалі, як быць? Справа была сур’ёзная, трэба было прыняць неардынарнае вырашэньне. Належала выбраць адно з двух — ці Герой, ці ягоны помнік. Пасьля нядоўгай дыскусіі вырашылі, што помнік усё ж даражэй. Ягонае захаваньне не запатрабуе пераробкі іерархіі, не пабурыць традыцыяў. А Герой Кім? Героі яшчэ знойдуцца, калі будзе ў тым патрэба.
Герой Кім зьнік. Казалі, пайшоў у лес і не вярнуўся. Можа, утапіўся ў дрыгве, а можа яго задралі зьвяры. Дракон жа таксама зьнік, падобна, сапраўды быў забіты, і пра яго паступова забыліся.
Гэтаксама, як і пра Героя Кіма.
Дубы-ідалы не зьнікалі доўга, аднак шанавалі іх усё з меншым імпэтам. Мабыць, не было ў тым патрэбы.
А пасьля перасталі і зусім.
Чорная сіла
Тады ў краіне панаваў тэрор. Шмат каго вешалі, ссылалі, расстрэльвалі. Бальшыню саджалі ў вязьніцы. Каго на восем гадоў, каго на дзесяць ці дваццаць пяць. Тых, хто скардзіўся, плакаў ці ад болю крычаў на допытах, саджалі назаўжды. Іх плач-енк уважаўся за пратэст ці зьнявагу працавітых карных органаў. Карныя органы дужа пільнаваліся адмысловага гонару і не трывалі зьнявагі.
Усе арыштаваныя прызнаваліся ў чым хочаш. У чым іх змушалі прызнацца. Быццам хацелі зьыішчыць дыктатара, атруціць суседзяў, утапіць жонку і дзяцей. Тое выклікала зьдзіўленьне на волі, дзе не маглі даўмецца, чаму яны так робяць. Але во тых, што нядаўна яшчэ прызнаваліся ў самым жахлівым, пачалі выпушчаць на волю. Тое таксама было загадкава і таямніча. Адзін толькі Упарты Маўклівец з паддашша ведаў, што то скончыўся чорны касьмічны цыкл, калі магчыма было ўсё. Усё, што захоча чорная сіла, якая панавала ў космасе. А чорпая сіла заўсёды хацела шмат — часам дзівоснага і неверагоднага.
Так і тады. Настала пара выпушчаць тых, што ацалелі ад тэрору. I яны вярталіся — састарэлыя і хворыя — да сваіх ня менш састарэлых ды хворых жанок і дзяцей. А то й да бацькоў, калі бацькі дажылі да таго нечаканага вяртаньня. Цяпер яны ціха апавядалі паначы, што невінаватыя, што прызнацца іх змусілі. Бо білі, катавалі, казалі, быццам родзічы ад іх адмовіліся, а жонкі здрадзілі. Яны сапраўды тады гэтак думалі. Толькі Упарты Маўклівец ведаў, што пад арыштам яны думалі інакш. Хто раней, хто пазьней — шматлікія з іх паверылі сьледчым, што вінаватыя, і павініліся ў тым. Зрабіць тое ад іх дамаглася чорная сіла, якая запанавала ў грамадстве, і чалавеку нічога болей не заставалася, як скарыцца і павініцца. Што яны і зрабілі. Пра ўсё тое Упарты Маўклівец занатаваў у свае тоўстыя кнігі.