Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Беларусізацыя пад №...
Беларусізацыя пад №... - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Беларусізацыя пад №...

Электронная книга - «Беларусізацыя пад №...». Краткое содержание книги:

Нарадзіўся Лявон Савёнак 26.06.1897 г. на Глыбоччыне ў вёсцы Вялец у сям’і Вікенція (1865–1898) й Вольгі (1869–1962) Савёнкаў. Пачатковую асьвету здабыў у Глыбокім, куды пераехаў разам з маці й старэйшымі сёстрамі, Анютай і Ксеняй, пасьля сьмерці бацькі вучыўся ў Маладэчненскай настаўніцкай сэмінарыі, якую скончыў у 1917 г. Тут разам зь ім студыявалі такія знаныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, як С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, Ф. Валынец, Міхась Чарот. Пасьля сэмінарыі два гады вучыўся ў кадэцкім корпусе ў Пецярбургу. На пачатку першай беларусізацыі, у 1922 годзе, Л. Савёнак з групай глыбоцкіх настаўнікаў прыехаў у Менск, дзе пазнаёміўся з настаўніцай Апалёніяй Радкевіч, якая сталася ягонай жонкай. У 1922 годзе ў іх нарадзіўся сын Лёдзік, а ў 1927 — дачка Зора. Сям’я засталася жыць у Менску. У хуткім часе У. Ігнатоўскі паклікаў Лявона Савёнка працаваць карэспандэнтам у газэту „Савецкая Беларусь”, што тады друкавалася па-беларуску. Савёнак многа езьдзіў па Беларусі, пісаў рэпартажы й фэльетоны.
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 59
Перейти на страницу:

Гм… зайсьці, вядома, можна. Чаму-ж не паталкаваць? Але што, калі ён зноў насядзе на арыентацыю? А Паліханаў, трэба сказаць, чалавек не надзейны: ён здольны на ўсе бакі арыентавацца.

Увечары пытаўся пра гэта ў Сымона: «Ты, — кажу, — у палітыцы куды арыентуешся: на ўсход ці на захад?»

— Я, — кажа, — ні туды, ні сюды, я — тутэйшы. Дый навошта мне кіравацца? Хай на мяне кіруюцца, каму трэба, а я ў сваёй хаце й на сваёй зямлі. Дзякаваць Богу, ніколі нікуды ня езьдзіў, і мне нікога ня трэба.

— Але ўсё-ж, — кажу, — нейкую палітычную лінію ты мусіш мець, бо цяпер кажны якую-небудзь лінію гне.

— А я, — кажа Сымон, — ніякай лініі ня гбаю. Ведаю я гэтыя лініі. Пачні гбаць, то будзе якраз тое, што зь серабранскім Хвэськам было. Той гэтую лінію ад сямнаццатага году пачаў гбаць. Ну, гбаў яе, гбаў, аж да трыццатага году, а тут яго ГПУ як хапанула, ды й самога ў дугу сагбала. Кажуць, дзесь на Сыбіру зусім загнуўся. Вось табе й лінія. А мне, браток, абы ціха. Жонка е, хата е, дзеці будуць. Вось і ўвесь мой кірунак.

Бясспрэчна, Сымон чалавек зусім апалітычны. Мне, як культурнаму, так разважаць ня выпадае… Але зноў-жа й з палітыкаю адны турботы. Вось тут і круціся, пакуль трапіш на сваю лінію. Паспрабую тымчасам арыентавацца на абодва бакі, але так, каб было ледзь значна.

5 жніўня. Ізноў чытаю газэту. Сымону асабліва спадабалася паведамленьне пад назовам «Бамбавозы Герынга над горадам Сталіна».

— Аддаў-бы, — кажа, — і каня й панарад, абы толькі паглядзець, як нашыя былыя правадыры ды з Крамля драпануць. То было-б пацехі. Ня дзіва, калі й нагавіцы памяняюць. Ведаю я гэтыя бамбавозы з практыкі.

Яська Разак выказаў думку, што нядрэнна было-б цяпер апынуцца ў Маскве:

— Во дзе дабра падгарнуў-бы, — кажа, — тым балей, што ўжо й практыка.

Думка Разакова, відаць, шмат каму прыйшлася да густу, бо ўсе неяк разам прыціхлі ў чароўных мроях, некаторыя ўздыхнулі, а Рыгор, дык той нават аблізнуўся.

Абжявы ў газэце выклікалі сьмеху. Пішуць, каб паадносілі прадпрыемствам рэчы, якія парасьцягнулі падчас вайны. Ну, хіба-ж вернуць? Ды ніколі! Сымон, дык той адразу сказаў:

— Дарэмныя турботы. Не аднясуць. Дзе вы бачылі, каб чалавек чужое зьвярнуў? Будзе якраз тое, што ў нас у камбінаце было. Зрабілі гэта ў нас нейкую касу, казалі, што ўзаемадапамогі. Ну, як звычайна было. Спачатку гэта пакрычэлі на сходзе, паагітавалі, а нарэшце й кажуць: «А цяпер, грамадзяне, давайце дабраахвотныя ўзносы ў абавязковым парадку».

Што будзеш рабіць? Мы, ведама, склалі гэтую складчыну, па рублі, па другім, адзін месяц, другі. А калі ўжо ў скарбонцы грошы троха наскрэблася, мы й шуганулі па дапамогу: хто на дзіцё просіць, хто на хворую жонку, што здаровая, як сьвежы сыр, а хто на цешчу вымагае, якую хаваць трэба, а яна тымчасам паміраць ня хоча. Зразумела, кажны браў матыву самую далікатную й важкую. Толькі гэта мы да касы, ажна — тпру, грошай няма. Дзе, пытаемся, нашыя рублі? А той член, што скарбонку гэтую трымаў (ні то прафсаюзны, ні то парцейны, цяпер ня памятаю), такі быў хвацкі — зь пяску мог вяроўку зьвіць ды ёю-ж цябе й задушыць. Дык вось ён і кажа:

— Грошы няма й ня будзе. Я іх усіх рашыў дашчэнту.

І што-ж вы думаеце? Колькі яго ні прасілі, колькі ні саромелі, навет пагражалі, нічога.

— Што ў мяне, — крычыць, — варштат, каб грошы рабіць? Няма, дый годзе. Адкасьніцеся!

Так і адкаснуліся. І скончылася нашая ўзаемадапамога — сабедапамогай. Так вось будзе й тут. Бо хто, прыкладам, аднясе малочнаму заводу, скажам, бідон, калі чалавек ужо ў бідон алею нацадзіў ці шпэку націскаў? Ніхто не панясе. Я народ ведаю.

Із Сымонам нельга не згадзіцца.

6 жніўня. Бачыў нейкі дзіўны сон. Нібы я ў Маскве. Толькі, здаецца, скончыўся налёт, а я чамусьці ў ювэлірнай краме стаю. І вось, быццам кладу я гэта ўва ўсе кішэні гадзіньнікі, пярсьцёнкі, ды ўсё залатыя, з дыямэнтамі. Золата й яшчэ золата. Толькі гэта я набраў поўныя кішэні й наважыў выйсьці, як пачуў нейкі гул, нібы гром. Я ў дзьверы, а перад самай крамай вялічэзны натоўп. Сьцягі навокал, музыка, тысячы людзей. Я ўжо быў нацэліўся пад прылавак сігануць, ажна чую, мяне нехта бярэць пад рукі й выводзіць з крамы. Напалохаўся я страшэнна, ажна нядобрае зрабілася (пра гэта я пазьней даведаўся, як прачнуўся). І вось з натоўпу выходзяць трое, набліжаюцца да мяне, схіляюцца нізка-нізка дый кажуць:

— Ты, Іван Іванавіч — цар Чужанінаў. Садзіся, цару, у Крамлі, кіруй намі, кіруй заместа Сталіна! Просім цябе. Просім! Ура! Аркестра! Музыкі, грай камарынскую!

Толькі гэта я расчыніў рот, каб згадзіцца, ажна раптам нешта як грымне! Я прачнуўся (відаць, жонка няўдала павярнулася). Расказаў пра гэты сон Рыгору й Сымону. Рыгор кажа, гэты сон глупства.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 59
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)