Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 217 218 219 220 221 222 223 224 225 ... 254
Перейти на страницу:

Як пачалі зачыняць векамі труны, я памкнуўся бліжэй, ды спазьніўся і Франі больш не пабачыў. Чорнае века назаўжды схавала яе ад мяне. Людзі ўзяліся паднімаць труны, каб вынесьці іх. Усё ж мужчын тут было няшмат, труны выносілі па адной. Як паднялі труну з Франяй, я таксама падставіў плячо. Труна была ня цяжкая, хіба велікаватая для маленькага цела дзяўчыны. Мабыць таму, як ішоў, здалося, што яна там варушыцца. Але варушылася, мусіць, ад нашых нязладных крокаў. Мы абыйшлі кірху і жвіровай дарожкай патупалі ў самы канец могілак. Ля каменнай сьцяны ў куце было ўжо накапана некалькі купін-магіл — тых, каго тут пахавалі раней. З апошніх магіл узьлятаў угару жвір, то заканчвалі сваю працу два далакопы. Адзін зь іх быў той самы нямко ў сінім бэрэце, зь якім мы езьдзілі па забітых. Франіну труну мы паставілі на дол ля яе магілы, і мужчыны вярнуліся да кірхі па астатнія. Трохі разважыўшы, я пайшоў зь імі.

Калі ўсе труны былі вынесеныя, сьвятар з крыжам у руках сказаў сваю казань, усе захрысьціліся. Я таксама перахрысьціўся. Затым тройчы перахрысьціў труну Франі. Далакопы на вяроўках хутка і спрытна апусьцілі труну ў яму.

Ну во і ўсё.

Як апусьцілі астатніх, я ўжо не глядзеў. Я закопваў Франю. Гарнуў і гарнуў рыдлёўкай на чорную накрыўку труны. Як яна схавалася пад жвірам, крыху перадыхнуў і пачаў сунуць жвір зноў. Так да самага верху магілы. З рэшты жвіру, наскрэбенай побач, змайстраваў кароценькі, бы дзіцячы, пагорачак — якраз у рост Франі. Заплаканая кабета ў чорным шаліку зводдаль моўчкі перахрысьціла мяне. Што ж, дзякуй табе, добрая аўстрыячка. I пухам табе аўстрыйская зямля, мілая мая зямлячка.

Ні з кім не разьвітаўшыся, я зморана пабрыў да брамы. Было не да разьвітаньняў, не да падзяк. Не хацелася болей чуць нічыіх і ніякіх словаў. Ні нават бачыць людзей. Я чуўся спустошаным і зьнясіленым. Толькі адыйшоўшыся па завулку ад кірхі, надзеў на галаву пілотку і азірнуўся. Гэтак звычайна рабіў на вайне, калі куды меў патрэбу вярнуцца — каб лепей запомніць шлях. Сюды я павінен быў вярнуцца. Я меў цьвёрды намер на тое.

I — не вярнуўся ніколі.

Балота

Выбраўшыся са змрочных, воглых на ранку лесавых нетраў, дзе яны праблукалі палову начы, Гусакоў апынуўся на краі жытняга поля і аж уздыхнуў з палёгкай — тут хоць стала відаць. Наперадзе, над прысмужанай сцяной суседняга лесу, паўзло ўгару зырка-агнянае кола летняга сонца. Промняў ад яго яшчэ не было ў чыстым пагодным небе, якое шырока залілося над лесам ранішняй чырванню і хутка святлела. Святлела і ў полі, дзе жытнёвыя нівы-палоскі чаргаваліся з ячменнымі, пшанічнымі, а то і бульбянымі ніўкамі. Зусім як колісь у аднаасобніцкай Заходняй Беларусі, дзе Гусакоў бліз году служыў у пагранкамендатуры. Але тут не заходняя, тут павінна быць усходняя, тут тыя ніўкі даўно павінны быць пераараныя трактарамі, а зямля абагульненая ў калгасы. Другі раз за сённяшнюю ноч яго агарнула трывога: а ці туды яны трапілі? Першы раз ён затрывожыўся, калі на вялізным скошаным лузе, дзе яны прызямліліся на парашутах, іх ніхто не спаткаў, ніякага партызанскага дазору там не было. Праўда, не было і нямецкай засады. У глухой цемры яны паспелі сабраць свае надзімастыя парашуты і пасля трохі завалтузіліся ў балацявіне, пакуль патапілі іх пад лазовым кустоўем. Добра намоклі прытым, ён набраў у боты вады, а ягоны памагаты Агрызкаў аж да пояса ўваліўся ў багну. Зрэшты, тое — бяда не вялікая, дзень абяцаў быць пагодны — высахнуць. Горай, што ўначы нельга зарыентавацца, вызначыць, дзе яны і куды патрапілі. Заставацца на лузе было небяспечна, і яны па компасе рушылі хмызнякамі на захад. Пасля ўзбіліся на палявую дарожку, і яна прывяла іх у стары хвойны лес, з якога ўрэшце выбавіліся ў гэтае жытняе поле.

Трохі счакаўшы спадарожнікаў, Гусакоў памалу пайшоў па жытнёвай мяжы, сцёбаючы воглымі з начы ботамі ў рамонках, васільках ды іншых палявых красках, усё ўзіраючыся наперад, каб не наткнуцца на якую нечаканасць. Найбольшая небяспека, вядома, ішла ад людзей. Людзі, канешне, могуць быць розныя — партызаны, падпольшчыкі, але ж, мабыць, нямала і здраднікаў ды паліцаяў, спатыкацца з якімі зусім нс выпадала савецкаму камандзіру Гусакову. Уначы, ведама, было лепей, ноч памагала, але як было мінаваць дзень? Можа, лепей перадняваць, зарыентавацца па карце і пасля рашаць, куды ісці далей, думаў Гусакоў. Бо ўжо было пэўна, што яны апынуліся не там, дзе павінны былі апынуцца і дзе іх чакалі. Але хто ў тым вінаваты? Канешне, летуны. Ім абы куды скінуць, а там як хочаце, — хоць у палон да акупантаў. Яны дакладуць, што заданне выканана, — рыхтуйце ўзнагароды. Хто іх праверыць? А тут выгрэбвайся як умееш.

1 ... 217 218 219 220 221 222 223 224 225 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)