Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 216 217 218 219 220 221 222 223 224 ... 254
Перейти на страницу:

Як мы прыехалі да кірхі, зь цьвінтара выносілі труны тых, каго адпявалі раней. Мы трохі счакалі, і тады да нашае фуры падступілі людзі. Безь вялікага смутку яны агледзелі забітых, штось коратка перагаворваліся, уздыхалі і жагналіся. Я стаяў збоку і чакаў, што яны падступяцца да мяне — можа, з крыўдай, папрокам ці лаянкай. Але ніхто на мяне не зважаў. Быццам і не прыкмячаў нават. I я думаў: няўжо яны столькі пахавалі, што ім ужо нічога не цікава? Хто і чаму забілі? Хаця што б я сказаў ім? Што я сам ведаў? Па адной труне яны пераносілі нябожчыкаў за кірху. Я туды не пайшоў, толькі адыйшоўся пад засень дрэваў і назіраў здаля.

За кірхай прыткнуўся да каменнай агароджы невялічкі могільнік — дужа акуратныя, пасыпаныя жарствой дарожкі, заімшэлыя магільныя камяні з аблезлымі надпісамі, прысадзістыя лютаранскія крыжы з чорнага і шэрага мармуру. У дальнім канцы могілкаў, дзе ўжо не было дрэваў, цяпер хавалі. Раскапаная зямля, чалавек пяць жанчын у чорным убраньні. Ці ня там пахаваюць і маіх нябогаў? I Франю. Я хацеў пайсьці паглядзець тую мясьціну, ды не адважыўся. Я мусіў быць паблізу ад уваходу ў кірху.

Я ня ведаў, што рабілася ў сярэдзіне кірхі, куды мяне не паклікалі і я ня йшоў. Я ўсё ня мог саўладаць сам з сабою. Часам гатовы быў зарыдаць, ды не рыдалася. Здушыла штосьці ў горле і не адпускала. I я хадзіў так па дарожцы ля кірхі — узад і ўперад. Людзі, што заходзілі з вуліцы ці выходзілі з кірхі, не пераставалі са зьдзіўленьнем пазіраць на мяне. Але ніхто не запытаўся нічога, быццам для іх усё было надта звычайнае. I тое, што тут хаваюць, і што тырчыць ля кірхі савецкі афіцэр. А можа у той іх няўвазе было пэўнае стаўленьне? Я б не хацеў тое прызнаць, хоць і цалкам адмовіць таксама не было падставы.

Зрэшты, людзкія адносіны да мяне цяпер ня дужа мяне цікавілі. Адзіная мая цікавасьць была цяпер у царкве. Дзеля яе я тут і хадзіў — сюды і туды, туды і сюды. Я прыпамінаў начны аповед Франі, нашыя зь ёй размовы. А таксама словы, сказаныя небаракам доктарам Шарфам. Тады я не пярэчыў ні наконт міру, ні наконт вайны. Усё ж вайна для нас вялікая школа, я шмат што спасьціг на вайне. Нават і ў яе апошнія дні. Найперш тое, што нічога ня трэба баяцца. На вайне табе нічога ня зробяць, апроч як заб’юць ці параняць. Тое і другое надта ўжо проста, амаль прымітыўна. Здаецца, аднак, толькі пасьля вайны з твайго жыцьця могуць зрабіць пекла. Калі не захочацца і жыць.

Можа, праз гадзіну ці дзьве мяне паклікалі, і я зразумеў, што набліжаецца самае важнае. Сунуўшы ў кішэню зьнятую з галавы пілотку, увайшоў у паўзмрок кірхі. Там ужо чакалі мяне два сьвятары. Худзенькая белатварая манашка ў чорнай хустцы была за перакладчыцу.

— Хай пан скажа, як былі змарлыя людзі, — зьвярнулася яна чамусьці па-польску. Сьвятары ўважліва пазіралі на мяне.

— Я ня бачыў, — хрыпата адказаў я. — Як прыехаў, яны ўжо былі мёртвыя. Іх забілі.

— Хто іх зрабів змарлымі?

— Ня ведаю.

— Какой імець канфэсія маладая паненка?

— Хто ведае. Можа, каталічка.

— Добжа, — сказала манашка і штось загаманіла да сьвятароў па-нямецку. Тыя згодна паківалі галовамі. Болей яны нічога не запыталіся, мабыць, тая справа для іх была ўжо звыклая. Яны падаліся да нябожчыкаў, і тады я зірнуў у труну, што была на краі. Да падбародзьдзя прыкрытая чымсь, Франя ляжала ціхенька, нібы жывая, і толькі прыкідвалася мёртвай. Прыкідвалася, аднак, назаўжды.

Купка людзей, што была ў кірсе, пачала адпяваньне. Я не разумеў словаў, але ад шчымлівай мэлёдыі адразу пачало выварочваць душу. Дужа баяўся не стрымацца, баяўся заплакаць. Сьлёзы засьцілалі зрок, я ледзьве стрымліваў іх, каб не паплылі з вачэй. Дзіва, што навакол ня плакаў ніхто, толькі сьпявалі, быццам у якім экстазе, і гукі анёльскага харалу самотна луналі пад цёмным скляпеньнем кірхі. Можа, гэта было апошняе пахаваньне вайны. Спазьнелае пахаваньне. Злыя сілы вайны дабіралі свае ахвяры. Быццам ня ўсё дабралі за чатыры гады.

1 ... 216 217 218 219 220 221 222 223 224 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)