Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Доўгая сьмерць Крынак - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Доўгая сьмерць Крынак

Электронная книга - «Доўгая сьмерць Крынак». Краткое содержание книги:

У сваёй кнізе “Доўгая сьмерць Крынак” аўтар прарочыць смерць сваёй малой радзімы, прарочыць яе апакаліпсіс. Мясцовасць Крынкі, невялікае мястэчка, якое прытулілася да польска-беларускай мяжы, мае сваю доўгую і вельмі пакручастую гісторыю. Жылі тут некалі побач сябе беларусы, палякі, габрэі, татары. Сёння габрэяў няма, засталася толькі памяць у выглядзе старой сінагогі, кіркута і ўрыўкаў чалавечай памяці. Але памяць гэта памірае разам з тымі, хто жыў тады. Крынкі былі мястэчкам, горадам, пасля вёскай, цяпер ізноў горад, а насамрэч, мястэчка. Нараджаецца штораз менш дзяцей, штораз больш людзей памірае, а разам з імі паміраюць і самі Крынкі. Аптымісты спадзяюцца на тое, што сітуацыя зменіцца, што моладзь з Крынак выязджаць перастане, застанецца на Бацькаўшчыне. Не забудзе матчыну мову. Крынкі вярнуць сабе былы росквіт. Мары... Крынкі паміраюць вельмі павольнай смерцю, таксама, як памірае большасць падляскіх вёсак. З іх пакрысе адыходзіць жыццё, з дня на дзень, з адыходам кожнага чарговага старажыла. І гэтае паміранне баліць, асабліва баліць, калі гэта твая родная мясціна, калі ты свядомы таго памірання, калі ведаеш, што гэты працэс ні затрымаць, ні адвярнуць не ў змозе. І вельмі страшна дачакацца агоніі. А прыйдзе яна яшчэ не хутка, бо сьмерць у Крынак вельмі доўгая.
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 89
Перейти на страницу:

— Ты, Кіра, лепш дай мне есьці, — паморшчыўся Сьцяпан. — Давай мы паабедаем, — ён сеў за супрацьлеглы канец стала. Яму хацелася есьці, i ён таму баяўся, каб ня выбухнуць злосьцю.

"Чорт падкусіў мяне купіць касьцюм!" — нездаволена падумаў пра пінжак, які выдаўся яму цяжкім i нязграбным. (Набыты за танную цану ў "Цэнтралі".)

— Падсмажыць цыбульку, Сьцёпа? — Кіра быццам раздумала сказаць Сьцяпану важнейшае.

— Нашто? Сядай, урэшце, — ён узяўся нарэзаць хлеба. — Пакуль насмажыш цыбулі, дык усё выстыне, — лусты крышыліся яму, пачарсьцвелыя.

Маўкліва паабедалі. Ён азваўся толькі раз. ("Кіра — зноў забуду сказаць табе — трэба пападліваць вазонікі на акне, цёплай вадою, каб карэньчыкі не пагнілі...")

Потым пагаварылі спакайней.

— Што чуваць, Сьцёпа, на працы?

— Нічога асаблівага: бавім час да вечара...

— Ты, бачу, чамусьці не ў гуморы.

— Хто яго ведае... Нейкая стома напала на мяне.

— Мала сьпіш: трэба мінімум восем гадзінаў, Сьцёпа.

— Трэба.

— Зноў прасядзіш паўночы..

— Не прасяджу...

— Так далей нельга, Сьцёпа.

— Чаго нельга, Кіра?

— Сьцёпа, чаму ты ня слухаеш мяне? — у яе памутнеў голас. — Зачыняесься ў кухні ды сядзіш у ёй да раньня.

— Не да раньня, Кіра. Часам, здарыцца, да адзінаццатай... — Гэта была няпраўда. Ён ужо колькі месяцаў кладавіўся спаць пасьля дванаццатай. (Яму, звычайна, ня спалася.)

Вярнуўшыся дамоў, ён з улюбёнасьцю наводзіў парадкі ў пакоях. Зьбіраў, рукамі, сьмяцінкі на дыванах, сьціраў шматкаю пыл з падлогі й парэнчаў фатэляў, перавешваў адзеньне ў шафах, чысьціў абутак, мыў пасуду й гаршкі, дапамагаў Кіры ў гатаваньні абеду, калі яна не пасьпявала зь ім на час, хадзіў у склеп па бульбу й моркву (тамака ён, а як-жа, даводзіў да геамэтрычнага ладу на паліцах са слоікамі павідлаў i бутэлькамі самаробнага віна), выносіў сьмецьце. Снаваў зь цяжкай задумёнасьцю, а калі гаварыў, дык пра глупствы. Кіра не прыкмячала таго, што Сьцяпан нечым заклапочаны...

Сумленевіч падумваў аб тым, ці ня лепш было-б яму зьмяніць месца працы.

Прадчуваў: роздумы зьяўляюцца пастановай. Хаця-б таму, што выклікалі яны ў ім супакоенасьць або й захапленьне, ад якога ўставаў ён са звычнага крэсла й хадзіў з кута ў кут. Патрэбна было яму вышукаць прычыну, апраўданьне... Не знаходзіў яе. Яго шанавалі, супрацоўнікі й начальства, як ураўнаважанага чалавека, які здолее знайсьці выйсьце з кожнай, здавалася-б, бязвыхаднай сытуацыі; як таго, які не падвядзе. Называлі Сумленевіча сапраўдным камуністам, пакепліваючы, бо ён не зьяўляўся членам парты!...

2.

Штосьці ня ладзілася ў Сумленевіча. У сераду, пад канец дня, яму званіў капітан. Забойства сакратаркі, калі думаў аб ім, навейвала на Сумленевіча сум, ад якога ён страчваў здольнасьць штокольвек разумець. Гэта было неяк падобнае да задуманых ім пошукаў новай працы. Невытлумачальнае спараджала якоесьці адранцьвеньне, тупую, быццам зубны боль, дрымоту.

Кадравік прыйшоў з кандыдаткай на сакратарку. Не прыглядаючыся да яе, Сьцяпан падумаў, што сьмерць можа быць і радасьцю... Стаяла перад ім жанчына рэдкай прыгажосьці, бадай, маладзіца, якой жадалася мець свае грошы, чаго, зрэшты, яна не затойвала.

— Сядайце, калі ласка, — сказаў ён. I кадравік, з гатоўлівасьцю задаволенага мужа, паўтарыў ёй словы Сьцяпана, паказваючы на мяккае крэсла ля пісьмовага стала. Пачакаў, пакуль яна сядзе. — Вы хочаце працаваць у нас? — яе прыгажосьць не дазволіла Сьцяпану глядзець ёй у вочы. "Прыгажосьць у Ніны была прыгажосьцю нахабнай і, мабыць, таму не прыкмячалася яе", — адзначыў за нябожчыцай. — У вас ёсьць вопыт такой працы?

— Гэта першая мая праца, — сказала яна й прыплюшчыла вочы; яе доўгія вейкі прытаіліся.

Сумленевіч запытальна паглядзеў на кадравіка, на міг.

— Пані закончыла школу адміністрацыі, — кадравік падсунуў Сьцяпану паперы. — Часткова завочна...

— Пасьля таго, як выйшла замуж, — дапоўніла яна. Ёй чамусьці было прыкра. — Фактычна, дык усяго апошнія паўтара года...

"I гэтую заб'юць!" — кальнула Сьцяпану недарэчнае.

— Вось тут пазначана, — кадравік пахіліўся над індэксам. (На халеру гэты індэкс?!) — Адзін год і няцэлых сем месяцаў, — ад яго кучмы ўдарыла ў нос кіслым потам нямытай галавы.

— Добра, пабачым. Запоўніце пэрсанальную анкету.

Кадравік пайшоў зь ёю, забіраючы рассыпаны стосік яе дакументаў, звычайных і аздобленых, якія нешта пасьведчваюць, уверагодніваюць перад чужымі.

Новае месца працы. Што-б гэта абазначала, як назва задумлівасьці Сьцяпана Сумленевіча?

Бачыў ён Кіру, яе патлусьцелыя шчокі й нязоркі пагляд. Яна ўставала перад шостай гадзінай раніцы й марудна апраналася, шахацела цэляфанавымі торбамі, у якія клала панчохі; (Сьцяпан злосна пераварочваўся на другі бок.) Абуўшыся, раз-пораз забягала ў спальню, зноў чагосьці; чуўся глухі стукат яе абцасаў на дыване. Скрыпелі дзьверы шафы з адзеньнем, зьвягалі вешалкі. Усе гэтыя гукі ўяўляліся Сьцяпану разам з пахамі згатаванага малака, харашуткіх булачак, масла ў пасоленай вадзе... Сьнедалі каля паловы сёмай, спакойна й без апэтыту. Ён з палёгкай уставаў з-за стала, рабіўся пасьпешлівым ад раптоўнай нецярплівасьці апынуцца на працы. (Кіра рэагавала на гэтую пасьпешлівасьць.)

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)