Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 207 208 209 210 211 212 213 214 215 ... 229
Перейти на страницу:

Ноч, імжыць дожджык, сьцюдзёна. Мы занялі АП на ўскраіне паселішча. Больш-менш акапалі гарматы. Дужа хочацца спаць. А побач ладны дамок, і я пастукаў у дзьверы.

Сям’я ўся ня сьпіць (вядома, які сон, калі ў двары гармата, гатовая адкрыць агонь па танках). Я зайшоў, кажу: пару гадзінаў шляфэн. Я, я, кажуць, фэрштэйн. Мне трэба было, каб яны зразумелі, што я — не забіваць, не рабаваць, а толькі пакімарыць трохі. А гаспадыня, папоркаўшыся, кажа: біттэ! Гляджу, чысты ложак, накрахмаленыя прасьціны… Але я не магу нават распрануцца. І няма сілы тлумачыць. Так і заваліўся на той ложак, у шынялі і ботах.

Пад’яжджалі на «студэбэкеры» з гарматай да ладнае вілы — наводшыбе ад гарадку, стукаем у дзьверы. Няхутка выходзіць дзяўчына, аднак не нямецкага (ці аўстрыйскага) выгляду, і пытаецца чыста па-расейску: «Что вы хотите?». Во як! «А ты хто такая?» — «А я тут работаю». — «Русская?» — «Русская. Из Днепропетровска». — «Дык чаго ж ты так нас сустракаеш?» А яна і праўда — стала на парозе і не пушчае. «А ну пакліч гаспадара!» Не ідзе, бароніць гэтага гаспадара ад сваіх. Во дзіва! Мы яе адпіхнулі, яна — у крык. Выйшаў стары гаспадар зь кіёчкам, нейкі адвакат ці што.

Я захварэў на малярыю. Мабыць, гэта вярнулася тая летняя хвароба. Варта было дзе толькі зірнуць на ваду — рэчку ці сажалку, як пачынала трэсьці.

Тады таксама затрэсла, і я лёг пад кусьцікамі, непадалёку ад АП, нехта накідаў на мяне кучу трафейных коўдраў, і я забыўся ў гарачцы. Ачнуўся таму, што пачуў незнаёмыя галасы. Галасы немцаў. Выграбся з-пад коўдраў. Бралася на прыцемак, гарматы на агнявой не было, хтось побач капаў зямлю.

Унізе было паселішча, дзе ўдзень быў КП камбата Ахрына, і я прыпусьціў па схіле ўніз. Аказваецца, зьмянілі АП, а пра мяне падумалі, што я пайшоў да камбата.

Між тым Аўстрыя ўражвала. Горад, краіна, горныя дарогі, невялічкія гарадкі, асобныя будынкі ў гарах. Жылі аўстрыякі культурна, але бедна — ня тое, што венгры. Харч быў нармаваны. Хлеба было мала. Нашае наступленьне прыпынілася ў нейкім гарадку, які мы занялі, а далей немцы не пусьцілі. Маю гармату паставілі каля аднаго з апошніх дамоў, ля самай дарогі. Ззаду была лесапільня — дрэва, дошкі, пілавіньне. Там я раздабыў веласіпед і ноччу на дарозе вучыўся езьдзіць. Па асфальце веласіпед добра ішоў, асабліва з гары. Як навучыўся, часам езьдзіў і ўдзень, калі ня надта стралялі. Неяк добра разагнаўся ад агнявой да павароткі, а як павярнуў за будынак, бачу, на сярэдзіне асфальту стаіць наш асабіст. Я разгубіўся, мабыць, ён — таксама, і я яго ўдарыў колам між ног. Мы абодва ўпалі, пасьля ён падняўся, вылаяўся і кажа са злосьцю: «Ты думаеш, я забыўся, што ты гаварыў, там, бегучы… Я табе гэта папомню…».

Сталася, аднак, што не папомніў. Ці, можа, я ня ведаў, як ён мне папомніў.

У батарэю прыслалі новага ўзводнага лейтэнанта Бахцігозіна. Выглядаў ён надта маладым нават для сваіх 20 гадоў, быў танклявы, як трысьцінка, зь дзявочым тварам. І памкненьні былі ў яго хлапечыя: то — давай згуляем у валейбол, то зьбегаем во да той дачы. «Ды там жа немцы. Ты што?» — «Немцы, да? Гэта сур’ёзна»… Начальства яго не ўзьлюбіла. Ён яго таксама.

Наш Ахрын сябраваў з камандзірам 3-й батарэі капітанам Коханам. Калі была магчымасьць, хадзілі адзін да аднаго ў госьці. Тады Кохан трохі пабыў, яны выпілі, і ўжо ў прыцемку капітан пайшоў да свае батарэі, якая была, можа, у якім кілямэтры ад нашай. Ды так і не прыйшоў да яе. Назаўтра спахапіліся, шукалі і знайшлі. Ляжыць камбат з прастрэленым сэрцам у кусьціках за 20 мэтраў ад свае гарматы. Аказваецца, ішоў, вартавы, як звычайна:

«Стой, хто ідзе?». Ці камбат не пачуў пытаньня, ці вартавы не пачуў адказу — стрэліў, і ўсё сьціхла. І якраз у сэрца камбата.

Пахавалі ў горадзе Обэрварт, у парку.

Атрымаў зь інжынэрнага батальёну адказ на маё пісьмо да Тосі. Пісаў знаёмы, пісаў са штабу, што Кастэнка Таісія дэмабілізаваная па цяжарнасьці. Такі сюрпрыз.

Па салдацкай пошце пайшлі чуткі, што Германія капітулюе. Бэрлін ужо быў узяты. А немцы ўсё стаялі перад намі, акопваліся, лупілі ва ўсю зь мінамётаў. А бліжай — і з кулямётаў. Нашы, адчуўшы хуткі канец вайны, кінуліся рабаваць. Неяк адышоўся за рэчку, там на схіле сядзібы на падворку ў траве ляжыць маладая жанчына — згвалтаваная і забітая. У доме ўсё перавернута, мяккая мэбля парэзаная фінкамі, толькі тырчаць спружыны. Люстры пабітыя…

1 ... 207 208 209 210 211 212 213 214 215 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)