Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Ён у нас па мехчасці, — сказаў Жалудкоў. — І цяпер шафёрыць у Сельгастэхніцы.
— Значыць, пайшла на карысць франтавая вывучка, — сказаў Агееў.
Жалудкоў падхапіў:
— І Скараходу вунь таксама прыгадзілася. Ды яшчэ як! Да рэдактара газеты дайшоў. І цяпер яшчэ няштатны ў абласной нашай.
— А табе зайздросна? — зыркнуў на яго Скараход.
— А мне што! Мая спецыяльнасць пасля вайны кату пад хвост. Я — куды пашлюць. Дзе толькі не быў…
— А цяпер дзе? — запытаўся Агееў.
— Цяпер бандарным цэхам камандую. У прамкамбінаце. У мяне ж і Сямёнаў рабіў. Да апошняга свайго дня. За станком і сканаў — клёпкі спушчаў.
— Знаю, — сказаў Агееў. — Тожа чалавек нялёгкага лёсу. Трохі расказваў.
— Мабыць, не ўсё расказваў. А як восем гадоў белых мядзведзяў пасвіў, не расказваў?
— Гэтага не.
— Гэтага ўжо не раскажа… Панёс з сабой.
— Кожны чалавек нешта ўносіць з сабой, — глыбакадумна зазначыў Скараход. — Чалавек — гэта цэлы свет, пісаў Хемінгуэй.
— Можа, і добра, што ўносіць, — буркнуў Жалудкоў.
Побач незадаволена заварушыўся Еўсцігнееў.
— Не, я не згодны. Няма чаго ўнасіць. Калі ты чалавек чэсны, прыйдзі і раскажы. Калектыў зразумее. І паможа.
— А што, калі на душы такое, што не зразумее? І не паможа? — упарціўся Жалудкоў.
— Тады пракурор зразумее, — заўсміхаўся Хаміч. — Гэты самы панятлівы.
Еўсцігнееў надзьмуўся і раздражнёна загаманіў:
— Ты не скалься, Хаміч! Я дзела кажу, а ты свае жарцікі. Харошы калектыў заўжды зразумее. Нават калі ў чым і памыліўся. І паможа выправіцца.
— Вунь як Сямёну, — ціха кінуў Хаміч.
— А што — Сямёну? Сямён і не думаў спраўляцца. Ён знаў сваю соску сасаць.
— Во таму і сасаў, — сказаў Жалудкоў, — што ніхто не памог, калі трэба было. Ён жа ў цябе рэкамендацыю прасіў? Прасіў. Ты яму даў?
Еўсцігнееў, здавалася, шчыра здзівіўся.
— Як я мог яму даць? Ён з забягалаўкі не вылазіў, скандаліў з жонкай. На грамадскасць не рэагаваў, а яму — рэкамендацыю?
— Э, гэта пасля ўжо — забягалаўка і ўсё іншае, — сказаў Жалудкоў. — А тады ж ён яшчэ і не піў. Тады ён хату стаўляў, во гэтую самую. І ты не даў таму, што ў яго там, у дзеле, нешта значылася. З вайны.
— Ну, хоць бы і так. Хоць бы і значылася. Тым болей я не мог даць.
— Надта пільны!
— А як жа! Як жа інакш? Гэта мой абавязак.
— Аднак жа Шаравараву даў. Малады, актыўны. Пад судом і следствам не быў, на акупіраванай тэрыторыі не пражываў. Не п’е, не курыць. Ліха камандуе райзагам. А што ён ужо тады спекуляцыяй займаўся — пра гэта ж у дзеле не напісана. Во ты і даў. А праз год яго выключылі і судзілі. І што ты? Счырванеўся?
— Ведаеце, таварыш Жалудкоў, вам болей піць сёння нельга. Я забараняю, — падумаўшы, холадна сказаў Еўсцігнееў і рашуча згроб бутэльку з рэштай гарэлкі. — Хопіць! Вы шальмуеце старшага афіцэра. Усё ж я падпалкоўнік, а вы — капітан.
— Ужо зняты з уліку, — нечакана ўсміхнуўся Жалудкоў. — Так што спазніўся.
— З чым спазніўся?
— З павучаннем!
— Во дае! — шчыра рагатнуў Хаміч. — Во дае!
— Нічога падобнага! Гэта ўжо п’янка. Вы забыліся, нашто сышліся.
Сказаўшы тое, Еўсцігнееў з натугай падняўся на ногі і з бутэлькай у руках патупаў да плота.
— Пакінь хоць бутэльку, будзь чалавек! — крыкнуў Жалудкоў, але Еўсцігнееў не азірнуўся нават. Трохі пасядзеўшы, моўчкі ўскочыў і Скараход, пабег за падпалкоўнікам. Жалудкоў паморшчыўся і перасеў на яго, мабыць, болей зручнае месца.
— Ну, і чорт з імі! Пакурым на прыродзе. Прахарэнка, дай цыгарэту, — сказаў ён амаль спакойна.
Яны закурылі ўтрох, памаўчалі. Хаваючы ў кішэню цыгарэты, Прахарэнка памяркоўна заўважыў:
— Не трэба было яго чапаць. Даваў, не даваў, каму даваў — якое нам дзела.
— Яму ж да ўсяго ёсць дзела. Надта актыўны.
— Ды ён няшкодны, — уставіў дабрадушна Хаміч. — Шабуршыць, ды ўсё без толку. Цяпер сядуць са Скараходам у шахмацікі.
— Ды ну іх, гэтых шчалкапёраў, — зноў нервова загаманіў Жалудкоў. — Не паважаю такіх! І на вайне не паважаў. За што іх паважаць? Бывала, калі якая аперацыя намячаецца, тэрміны ж заўсёды малыя, дык гэтыя штабы ўвесь час на сябе і сцягнуць. Месяц з паперамі возяцца, графікі малююць, перарабляюць, утрасаюць і ўзгадняюць. Пасля ніжэй спускаюць, зноў чэрцяць і малююць, дакладваюць і ўзгадняюць. А прыйдзе нарэшце такі план да таго, каму яго крывёю выконваць — у полк, батальён, — тэрмін і скончыўся. Камбату няма калі на мясцовасць зірнуць, дзе наступаць будзе, — да атакі гадзіна засталася. Ну, гэта правільна?
— Паперы, яны і на вайне — немалаважнае дзела, — задумліва сказаў Прахарэнка.