Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Хвіліну ён ціхенька стаяў, вузка саставіўшы ступні на круглым нешырокім зрэзе, і думаў: «Каб толькі не ўпасці». Патыліца яго ўжо адчула пятлю, якая ціхім дотыкам шорхала па валасах. Унізе напружылася шырокая Рыбакова спіна ў кажушку, скарэлыя яго рукі шчыльна аблапілі хваёвую кару цурбана. «Выкруціўся, сволач!» — нядобра падумаў Сотнікаў, нібы з зайздрасцю, і на момант сумеўся: ці трэба так? Цяпер, у апошнія імгненні свайго жыцця, ён нечакана ўсумніўся ў сваім заўсёдным праве — нароўні з сабой патрабаваць ад іншых. Сапраўды, як было ў такі момант чакаць чагось высакароднага ад гэтае затузанай жыццём цёткі? Зноў жа — і Рыбак. Мабыць, ён быў неблагі партызан, умелы малодшы камандзір у войску, ды вось аказалася, што як чалавек і грамадзянін, безумоўна, недабраў чагосьці.
Ззаду ўсё білася, галасіла, ірвалася з рук паліцаяў Дзёмчыха, нешта сабраўся чытаць па паперцы немец у рудых пальчатках — прыгавор ці, можа, страшыць людзей іхняю карай. Ішлі апошнія секунды жыцця, і Сотнікаў, прыткнуўшыся на цурбане, прагным апошнім позіркам міжвольна ўбіраў у сябе несамавітую аздобу звыклай з дзяцінства местачковай вуліцы з гаротнымі постацямі людзей, хілымі дрэўцамі, паламаным штыкетнікам, гарбячком намёрзлага лёду пад жалезнай калонкай. Праз настылае голле сквера праглядвалі аблупленыя сцены недалёкай цэркаўкі з абадраным счарнелым дахам, без крыжоў на двух аблезлых зеленаватых купалах. Некалькі яе вузкіх акенцаў былі нядбайна забіты неакоранымі аполкамі.
Але вось побач затупаў хтось з паліцаяў, пацягнуўся ўгору да яго вяроўкі; бесцырымонныя рукі ў шызых абшлагах злавілі яе над ім і, абдзіраючы яго балючыя, памарожаныя вушы, насунулі на галаву пад падбародак. Ну, вось і ўсё, міжвольна адзначыў Сотнікаў і апусціў позірк уніз, на людзей. Прырода сама па сабе, яна заўжды без натугі дабром і мірам клалася яму на душу, але цяпер сталі патрэбны людзі — іхнія абліччы, позіркі, іх згодная еднасць ці хоць бы абыякавасць — усё роўна хацелася бачыць людзей. І ён ціхенька павёў развітальным позіркам па іх шчыльным, насцярожаным радзе, у якім болей было жанчын, і толькі зрэдку трапляліся немаладыя мужчыны, падлеткі, дзяўчаты — звычайны тутэйшы люд у кажушках, ватоўках, вайсковых абносках, самаробных світках. Сярод іх бязлікага мноства ягоная ўвага чымсь вылучыла цесненька загорнутую ў чужую, без гузікаў, адзежыну танклявую постаць хлопчыка гадоў дванаццаці з насунутай на галаву старой армейскай будзёнаўкай. Хлопчык азябла ўбіраў счырванелыя рукі ў рукавы, адсюль было бачна, дрыжаў ад сцюжы ці, можа, ад страху і з баязлівай дзіцячай цікаўнасцю ўзіраўся ў жывых яшчэ вісельнікаў. Сустрэўшы ягоны позірк, хлопчык скрывіў у балючай грымасе свой хваравіта белы тварык, на якім раптам адбілася столькі спачувальнае жаласці, што Сотнікаў не ўтрымаўся і ціха, аднымі вачамі ўсміхнуўся малому — нічога, браток!
Болей ужо ён не стаў разглядваць нічога і апусціў позірк, каб лішне не бачыць з боку ад сябе начальства, немцаў, следчага Партнова, Стася, Будзілу. Іх драпежніцкую прысутнасць ён адчуваў і так. Абвяшчэнне прыгавору, здаецца, ужо скончылася, пачулася каманда па-нямецку, потым па-расейску, і ён неўзабаве адчуў, як пагрозліва-напружана варухнулася на шыі вяроўка. Нешта ў тым канцы шыбеніцы тузанулася раз і другі, і адразу ж зусім ужо жахліва закрычала Дзёмчыха:
— А-а-а-ай! Не хачу! Не хачу!!
Яе крык неяк ураз абарваўся, коратка трэснула ўгары намёрзлая папярочына, здушана загаласіла жанчына ў натоўпе. Стала нясцерпна самотна на душы. Нейкая невыдаткаваная яшчэ ўнутраная сіла падмывала рвануцца, закрычаць, як гэтая Дзёмчыха, — дзіка і страшна. Але ён стрымаў сябе, толькі сэрца яго да болю сцялася ад смяротнае роспачы; як найбольшай палёгкі перад канцом, захацелася заплакаць. Замест таго ён раптам усміхнуўся напаследак сваёй, мабыць, жаласнай, вымучанай усмешкай.
З боку ад начальства крыкнулі, відаць, гэта цяпер датычыла яго, цурбан пад нагамі на момант аслаб, нават хіснуўся. Каб не зваліцца, Сотнікаў зірнуў уніз — на яго са скрыўленага, зарослага шчаціннем твару глядзелі разгубленыя вочы яго нядаўняга сябра. Яны не то ўпрошвалі аб чымсь, ці то проста ён не мог саўладаць са сваім страхам, і Сотнікаў ледзь пачуў:
— Даруй, брат.
— Пайшоў к д’яблу!
Трэба было канчаць. Напаследак ён адшукаў позіркам ніцую сцяблінку хлопчыка ў будзёнаўцы. Той стаяў, як і раней, трошкі выпнуўшыся наперад з шэрагу, з шырока расплюшчанымі вачамі. Поўны болю і страху ягоны позірк сунуўся за некім пад вісельняй і вёў так, усё бліжэй і бліжэй да яго. Сотнікаў не ведаў, хто там ішоў, але па твары хлапчука зразумеў усё.