Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Азевіч вылаяўся — ад прыкрасці, злосці — і пачаў уставаць; адзін побач з засцюдзянелым нябожчыкам, зусім скалеў пад воглым шынелкам, аж стукалі неўпрыцям зубы ад дрыжакі. У змрочнай нары-будане трохі зашарэў ранак — на ўваходзе сталі відаць нізка абвіслыя лапкі хвояў, шэрыя сукаватыя камлі тоўстых елак насупраць. Штось там, аднак, мільганула — раз і другі, Азевіч з трывогай угледзеўся, адразу прагнаўшы сон, і апанурана пачаў надзяваць у рукавы шынелак — між хвояў рэдка мільгалі белыя мухі — то пайшоў снег. Значыць, даседзеліся, падумаў Азевіч, да белых мух, што будзе далей? Але што будзе далей, ведама і малому — пасля зазімку будзе зіма, сцюжа і мароз, сляды на снезе. А што рабіць яму? Аднаму на гэтым яловым грудку?
На кукішках ён выбраўся з будана, ледзьве асільваючы дакучную дрыжаку ў целе, агледзеў лясное наваколле. Між яловага вецця ўгары лёталі-мільгалі сняжынкі, няроўна запарушваючы іглісты, з апалымі шышкамі дол, скрозь перавіты жылістымі каранямі елак. Трава тут бадай не расла, месца ўвогуле было схоўнае — хвойны гушчар — і сухое; мабыць, якую ямку-магілу ён тут і выкапае. Праўда, у яго не было рыдлёўкі, затое ў нябожчыка быў штых — тупы нямецкі цясак, якім яны секлі на будан хвойнік і рэзалі палкі. Цяпер, узяўшы гэты цясак, Азевіч крыху прайшоў па грудку між таўшчэзнага ельніку, паазіраўся, памеркаваў і, трудна, злосна ўздыхнуўшы, пачаў калупаць дол.
Калупаў ён нетаропка, доўга, памалу грэючыся пасля неспакойнай халоднай начы, — сек цесаком карані, выграбаў рукамі зямлю. Добра, зямля была не цвёрдая — пад пластом лесавога перагною ляжаў рыхлы пясок, у які без натугі лез яго штых. Сняжынкі патроху сыпаліся між елак, але вялікі снег яшчэ не ішоў, а тыя, што ападалі долу, патроху таялі на свежай зямлі — марозу яшчэ не было. Як толькі берагі той вузкаватай ямкі дайшлі да каленяў, падумаў, што, мабыць, хопіць. Пакуль што нябожчык перабудзе і ў такім прытулку, а там будзе відаць. Калі надарыцца магчымасць і ён, Азевіч, будзе жывы, дык, можа, куды перахаваюць. А калі не, дык што ж… I так добра, што ёсць каму закапаць. Яшчэ невядома, ці будзе каму закапаць яго самога…
Вярнуўшыся ў будан, Азевіч укленчыў каля нябожчыка, трохі памарудзіў Мусіць, трэба было зняць ватоўку, нашто закопваць у зямлю? Але куды яму з ватоўкай? Надзенеш ватоўку, тады трэба скідаць шынель, а шынель ён скідаць не хацеў Перамагаючы пэўную няёмкасць, усунуў руку за пазуху пракурору, выцяг адтуль тошчы пацёрты кашалёк, мабыць, з дакументамі, не разгортваючы запіхаў сабе ў кішэню. Палапаў іншыя кішэні ў нябожчыкавым пінжаку — выняў з адной жменю патронаў да нагана, мяккі скураны партабак з рэштаю самасаду, якім яны на днях разжыліся ў дзядзькі на лесавой дарозе. У другой кішэні ён знайшоў брудную насоўку і блакнот з нейкімі напаўсцёртымі запісамі,— усё паклаў сабе за пазуху Апроч таго, пад галавой у Гарадзілава муляла кірзавая сумка з паперамі, побач ляжала вінтоўка і наган у абдзёртай па баках скураной кабуры, і Азевіч падумаў, што, мабыць, усяго грузу будзе для яго залішне. Дзве вінтоўкі яму не трэба, а наган ён, канешне, возьме, наган яму ўжо спатрэбіцца. Як спатрэбіўся Гарадзілаву пасля іх камандзіра — начальніка райаддзела міліцыі Віткоўскага, забітага ля моста на шашы. Тады пад нямецкім агнём толькі і паспелі што зняць гэты наган ды сумку, самога ж Віткоўскага нават не вынеслі з канавы, дзе яго і падабралі немцы. Але, мабыць, Віткоўскаму тады было ўжо ўсё роўна.
Не знімаючы з нябожчыка ватоўкі, Азевіч вывалак яго з будана, пад пахі давалок да ямы. Перад тым як апусціць у зямлю, трохі аддыхаўся, паазіраўся. Сняжынкі ўсё раздумна лёталі між галля ў лесавым зацішку, асядалі долу. Бралася на макрэдзь, з начы зяблі яго заўжды мокрыя ногі, боты зусім раскіслі ў балотна-лесавой твані, прэлыя анучы бадай ніколі не прасыхалі. Але і ў Гарадзілава боты былі не лепшыя, падэшва на правым зусім адстала і ледзьве трымалася на пары цвіках у наску. Мусіць, трэба было як развітацца, думаў Азевіч, але ён не ведаў як і марудзіў. Аброслы сіваватаю шчэццю шырокі твар нябожчыка быў на дзіва спакойны, падкрэслена абыякавы да ўсяго, што так непакоіла яго пры жыцці і асабліва ў гэтую жахлівую восень. Але, мабыць, ужо ўсе ягоныя клопаты ззаду, не трэба будзе перажываць за няўдачы з атрадам, за няшчасці, пагібель адных і здраду другіх, недарэчную тую прастуду на балоце, што гэтак неспадзеўкі згубіла ўвогуле здаровага і дужага чалавека. Мабыць, Азевіч быў не дужэйшы за пракурора, але маладзейшы і неяк убярогся, хоць яны тады абое дужа вымаклі ў балоце, пакуль выбраліся на гэты грудок. А Гарадзілаў на другі дзень ужо не падняўся. I цяпер вось — магіла. Памерці ў часе вайны ад хваробы — невялікую, аднак, раскошу нарыхтаваў чалавеку ягоны ваенны лёс.