Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Тым часам, мінаючы вялізныя камяні на травяністым доле, яны ўзбеглі на ўзлобак і ўбачылі непадалёк у сцяне вузкую, як шчыліна, расселіну, якая вяла некуды ў нетры гэтай камяністай грамады. Іван аж узрадаваўся, падумаўшы, што там, магчыма, будзе ручаіна, якая дасць заблытаць ад сабак сляды. Ды і самім, адчуваў ён, трэба куды-небудзь хавацца, бо з кожнай секундаю ззаду маглі з’явіцца немцы. Хлопец з апошніх аслабелых сіл прыпусціў па траве, за ім пакутна, але цярпліва трываючы стому і страх, бегла Джулія.
Абадраўшы ў калючых зарасніках рададэндрану ногі, яны неўзабаве прадраліся ў расселіну, але ручая, на жаль, у ёй не аказалася. Тут панаваў сыры, душны змрок. З крутых камяністых сцен тапырыўся калючы кустарнік, у шчылінах і між камянёў раслі хамлакі жорсткай травы, валяліся старыя косці; спалоханая людзьмі, з фыркатам кінулася ў глыб шчыліны нейкая начная птаха. Вельмі няўтульнай здалася ім гэтая расселіна, але тое, што яны ўсё ж паспелі дабегчы да яе і схавацца, крышачку супакоіла Івана. Хлопец прыпыніў бег, узлез на пахілую абамшэлую каменную пліту і прычакаў Джулію. Для раўнавагі перабіраючы ў паветры адною рукой, дзяўчына па камянях ішла да яго. Кароткія яе чорныя валасы зблыталіся, твар гарэў ад стомы і ажыўлення, але ў вачах, калі яна зірнула на Івана, замест звычайнае яе гуллівасці цяпер свіціліся збянтэжанасць, стома і ўнутраны боль.
— Парка візерэ![32] Мі ўходіль, да? — пыталася Джулія.
Ён нецярпліва кінуў:
— Каб жа ўцяклі! Давай хутчэй!
— Что ест хютчей? — не зразумела дзяўчына.
Іван не адказаў. Цяжка дыхаючы, Джулія далезла да яго, і яны разам рушылі па камянях далей.
— Многа карашо фатэр! Комуністо фатэр, — радасна сказала яна.
— Які там камуніст! — з прыкрасцю кінуў Іван. — Чалавек проста.
— Сі, сі, человек. Бэне[33] человек, — згадзілася дзяўчына, лезучы трохі вышэй ад яго.
Ён услухоўваўся ў гукі, што скупа даляталі знізу, але позірк яго міжвольна не мог адарвацца ад заціснутай у яе пад пахай буханачкі. Джулія неяк інстынктыўна адчула гэты яго позірк і азірнулася.
— Эссэн! Хляб, да?
Яна хуценька адламала ад буханачкі краёк скарынкі і падала яму. Хлопец, не вагаючыся, узяў і з прагнасцю праглынуў. Трэба было бегчы, уцякаць, ззаду вось-вось маглі з’явіцца немцы, але ён ужо не мог адарваць свае ўвагі ад хлеба. I Джулія зразумела ягоную маўклівую нерухомасць, прыпынілася, прысела, прыціснуўшы буханку да грудзей, хуткімі пальцамі адламала большы кавалак і ўслужліва сунула ў яго вялікія парэпаныя далоні. Крошкі, што нацерушыліся на палу курткі, яна ашчадна зграбла ў жменю і высыпала сабе ў рот.
Іван беражліва ўзяў хлеб, пакруціў яго ў руках, нібы разглядаючы, спадылба тайком зірнуў на буханку ў яе руках і пачаў старанна разломваць кавалак папалам. Затым, узважыўшы на руках, адну палавіну працягнуў ёй. Яна не адмовілася, усміхнулася і хуценька ўзяла.
— Граціе! Нон… Спасібо!
Старанна жуючы, ён пакінуў гэтую яе ўдзячнасць без адказу.
Яны палезлі далей, дзяўчына таксама пачала моўчкі жаваць. Але хлеба было дужа мала. Гэта толькі раздражніла іх, і неўзабаве Джулія жвава крутнулася да свайго спадарожніка:
— Руссо! Давай всё манджарэ[34]! Согласье? Сі?
Вочы яе прыжмурыліся і ўзгарэліся ранейшаю свавольнай жвавасцю, пальцы сцялі абламаную буханачку, гатовыя разадраць яе, і Іван аж спалохаўся, адчуўшы, што яна раскрышыць увесь гэты іх болей чым мізэрны запас.
Ён хіснуўся да дзяўчыны і схапіў яе за рукі:
— Дай сюды!
Джулія здзіўлена варухнула брывамі, а Іван выхапіў у яе хлеб і хуценька загарнуў яго ў скуранку. Дзяўчына спярша збянтэжылася, а затым голасна засмяялася.
Ён недаўменна паглядзеў на яе.
— Ты што?
— Руссо правілно. Джулія нон веріт хляб. Слова веріт, любовь веріт. Хляб нон веріт Джулія. Джусто — правілно, руссо!
Усё смеючыся вачыма, яна падышла ззаду да Івана і лёгенька кранулася далоняй ягонай худой лапаткі. Адчуўшы яе нечаканую ласкавасць, ён ніякавата варухнуў плячамі.
— Ладна ты, — буркнуў ён і памкнуўся сігануць шырэй, але ў гэты час ззаду раскаціста грымнуў далёкі вінтовачны стрэл.
Яны абое ўраз азірнуліся і застылі на камені — унізе, недзе каля сялібы, пачуліся крыкі, зараз жа затрашчалі «шмайсеры» — над цяснінай загуло, закалацілася рэха. Іван сцяўся, стаіўся — у гэтай раптоўнай калатнечы ён з усяе сілы ўслухоўваўся, ці не пачуецца там знаёмы ненавісны брэх, — ад гэтага цяпер залежала жыццё. Але брэху быццам не было. Кулі ў расселіну не заляталі, чэргі джгалі недзе ўбаку, і гэта трошкі здзіўляла Івана. З паўхвіліны ён паўслухоўваўся, пасля раптам у яго галаве мільганула здагадка, і хлопец, струхнуўшы з сябе змярцвеласць, кінуў пад ногі дзяўчыне скуранку, а сам па выступах і трэшчынах у скале, хапаючыся за кустоўе, таропка палез угору.
32
Тут у сэнсе: «Чорт вазьмі!» (іт.)
33
Добры. (іт.)
34
Есці. (іт.)