Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Ён крышку прыпазніўся выйсці з лесу, праз які пакручастай дарожкай яны ішлі ноч. Трэба было дняваць, і дужа не хацелася зашывацца дзе на пусты жывот. Добра ўгледзеўшыся ў сяльцо з узлеску, ён нічога падазронага ў ім не заўважыў; вялікай дарогі паблізу, здавалася, не было, і ён цераз балацявіну, трымаючыся бліжэй да кустоў, рушыў да крайняе хаты. У яго быў пад палой нямецкі аўтамат з дванаццаццю патронамі ў магазіне, здабыты на дарозе пад Кракавам, армейскія боты на нагах і на плячах нейкая несамавітая сялянская світка. З выгляду ён нагадваў звычайнага селяніна, такога, як і ўсе тут, і без перашкод дайшоў да гародаў, потым па бакавой дарожцы ад гумна, што вяла між плятнёў, скіраваў да бліжняе хаты. Але хата стаяла па той бок вуліцы. Ён азірнуўся: паблізу нікога не было, толькі дзесь у двары рыпнулі дзверы і замычала карова, — мусіць, гаспадыня ішла даіць. Але не паспеў ён пераскочыць аблеглы з ночы, пакроплены расой пыл на дарозе, як з суседняга двара хтось выйшаў на вуліцу. Іван не азірнуўся, аднак, здаецца, патыліцай адчуў, што той заўважыў яго. Хлопец утуліў голаў і таропка шыбануў у падворак. Толькі ўжо хаваючыся за вугал дома, азірнуўся — чалавека таго не ўбачыў, затое згледзеў у двары цераз вуліцу вялізны брызентавы кузаў машыны. Гэта было куды як няўдала, тым болей што з двара ўжо крыкнулі — не то загадвалі нешта яму, не то перасцерагалі каго другога. Дзецца Івану не было куды (за хатай пачынаўся шырокі забаранаваны гарод), і ён кінуўся да расчыненых у сенцы дзвярэй. У дзвярах тых якраз паказаўся няголены, сярэдніх год чалавек. Ён, пэўна, зразумеў усё без слоў, бо пабялеў крыху, зірнуў на Іванаў аўтамат, што тырчаў з-пад палы, і адступіў да шула, даючы дарогу ў хату. Іван, таксама без слоў, ускочыў у чысценькія, прыбраныя сенцы з прыцярушанай аерам падлогай, зыркнуў сюды-туды вачыма, шукаючы якога сховішча, і, не знайшоўшы нічога прыдатнага, праз расчыненыя дзверы кінуўся ў другі пакой, дзе была печ. Ён згледзеў у ёй чорную дзірку падпечча, прыпаў на калені, коратка азірнуўся на акно, пад якім на лаўках у покуце з-пад паласатае саматканае коўдры высоўваліся тры пары дзіцячых ног. Кепскае прадчуванне разанула яго — не, не туды трапіў.
Але перайначваць намер не было калі — на двары затупалі боты, і ён задам таропка сунуўся ў смярдзючую вузкую дзірку падпечча, зараз жа прытуліўся к боку за выступ, прыціснуўся, сцяўся. У сенцы ўжо ўваходзілі людзі. Толькі ён справіўся зацяць дыханне, як адразу данесліся галасы: то былі немцы, двое ці болей. Гаспадар не разумеў іх або, можа, не хацеў разумець, Іван жа ўсё чуў, і перакладчыка яму не трэба было.
— Вэр іст? Вэр ляўфт?[35] — крычаў адзін немец.
— Ін дызэм аўгенблік, іх габе гезэен[36], — гаварыў другі.
— Паночкі, нэ розумію. У мэнэ нікога нэма. Што вы!
У Івана трошкі абмякла напятае яго адчуванне — значыць, гаспадар свой, не выдасць, дзякуй Богу, у гэтым хоць пашэнціла. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. I ён ціснуўся да сцяны што было сілы, скурчыўшыся ў тры пагібелі і амаль што не дыхаючы. Тым часам немцы закрычалі мацней, вылаяліся, заплакалі малыя на покуце. Аднекуль, мабыць, з печы, тупнуўшы па падлозе, да іх кінулася жанчына, пачала супакойваць. Хтось, убегчы ў хату, лязгнуў затворам вінтоўкі; у падпеччы мільгануў цень. Галасней закрычалі малыя, загрукалі тапчаны — мусіць, раскідвалі іх пасцелі. Іван чакаў, трымаючы руку на рукаятцы аўтамата, хоць не ведаў, як тут было страляць. Немцы грукалі ботамі, пэўна, зазірнулі на печ, бразнулі засланкай, і тут жа прамень ліхтарыка мільгнуў па задняй сценцы падпечча. Іван аж прыжмурыўся, чакаючы крыку «гераўскрыхен!». Але праменьчык быў слабаваты (мусіць, разрадзілася батарэйка), немцы нічога не ўбачылі, і боты загрукалі далей. Неўзабаве крокі прыціхлі: напэўна, шукалі ў сенцах. Тады ён, усё яшчэ не варушачыся, выдыхнуў і зноў паціху ўздыхнуў, азадачаны надзеяй: няўжо ўратаваўся? I сапраўды, крокі зусім сціхлі — адно толькі хліпалі ля печы дзеці, і маці, тупаючы босымі пятамі, кідалася, відаць, да акон — нямецкая гамонка чулася ўжо з падворка. Там штосьці гаварыў гаспадар, напэўна, выправаджваючы іх далей ад хаты. I сапраўды, неўзабаве ўсё сціхла, гаспадар, мусіць, увайшоў у сенцы, да яго падалася жонка. Яна нешта хутка-хутка гаманіла, бядуючы і ледзьве не плачучы. Гаспадар злосна кінуў ёй: «Годзе! Змоўкні!» Яна змоўкла, вярнулася ў хату і засакатала да дзяцей.
35
Хто такі? Хто бег? (ням.)
36
Толькі што, я бачыў. (ням.)