Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Тым часам мой разьведчык-назіральнік, маўклівы камлюкаваты хлопец родам з Пермскай вобласьці, заўважыў, што ўначы ў напаўразбураным сяле на нейтралцы паяўляюцца адзнакі нейкага жыцьця. Неяк ён папрасіў пусьціць яго, каб туды наведацца. Я і пусьціў. Праз нейкі час разьведчык прыйшоў і паведаміў, што ў другой ад краю мазанцы жыве малдаванін — безь сям’і, але з такой-сякой гаспадаркай. Той пачаставаў разьведчыка, які нават прынёс на НП кавалак хлеба з салам і яшчэ нешта. Мы пачалі наведвацца да таго гасьціннага малдаваніна. Хадзіў і я некалькі разоў, як было ціха, перадавая замірала — звычайна пад ранак. На НП было холадна, а ў хаце той малдаванін, не стары яшчэ мужчына, распальваў печ, лавіў на гародзе сваю ці чужую курыцу, абскубваў яе і ладзіў пачастунак. Для таго патрэбны быў час, і я бавіў яго ў цеплыні хаты. Аднойчы і задрамаў. А прачнуўся раптоўна ад страшэннага вэрхалу, што ўсчаўся з надворку — грукацелі чэргі, бахалі выбухі гранат. Ускочыўшы, я кінуўся на сваю гару, у НП, дзе ўжо надрываліся тэлефоны, трывожыліся, што здарылася і дзе начальнік НП Быкаў. Стаўся невялікі скандал, начальнік штабу вылаяў мяне, што гэтак моцна сплю, калі трэба ня спаць.
На тым нашае наведваньне гасьціннага сяла скончылася. Аказалася, туды наведваліся ня толькі савецкія, але і нямецкія аматары кураціны. Нечакана спаткаліся ўначы — і адбылася бойка.
Недзе ў сярэдзіне мая мяне паклікалі з НП у штаб палку. Сказалі ўзяць рэчы, будзе іншае заданьне.
Іншае заданьне было дзіўнаватым.
Начальнік штабу капітан Травін загадаў з камандай у дванаццаць чалавек адправіцца ў недалёкае сяло Барсучэнь, эвакуяваць у тыл усіх ягоных насельнікаў і арганізаваць камэнданцкую службу. Камэндантам назначаўся малодшы лейтэнант Быкаў. Увечары мы прыйшлі ў Барсучэнь, знайшлі старшыню сельсавету. Але ніхто не хацеў кідаць гаспадарку і ехаць немаведама куды. Давялося ўгаворваць і сварыцца, і пагражаць. Але толькі назаўтра малдаване запрэглі куруцы, паскідалі ў іх якое майно і паехалі за зону эвакуацыі — праз 15 кілямэтраў ад фронту.
Нечакана я зрабіўся гаспадаром бязьлюднага сяла. Паставілі ў абодвух яго канцах шлягбаўмы, наладзілі каравул. Камэндатуру я абсталяваў у хаце псаломшчыка і вугалем вывеў на белай сьцяне «Камэндант». Галоўнай задачай было ня даць нашым войскам, якіх скрозь была процьма, разрабаваць тое, што пакінулі насельнікі. А пакінулі яны ўсе прыпасы: збожжа, кукурузу, маёмасьць і таксама віно, бочкі якога пазакопвалі ў дварах, на агародах, у хлявах. Усе харчовыя прыпасы падлягалі арганізаванай рэквізіцыі, якую ажыцьцяўлялі інтэнданцкія службы дывізіі. Езьдзілі па сёлах і ўсё вымяталі падчыстую. Але езьдзілі ня толькі службы — шныралі і байцы з розных часьцей, разьведчыкі ды іншыя. Як ні пільнавалі, яны прарываліся ўдзень і ўначы, выкочвалі бочкі віна, напіваліся, налівалі каністры і бутлі. Кожны дзень былі ў мяне сваркі і стычкі, часьцяком абодва бакі хапаліся за пісталеты. У Барсучэні, аднак, пакуль што бог мілаваў, ніхто не застрэліў нікога.
Фронт стаў у абарону, баі папрыціхлі, але войскі жылі сваім жыцьцём. Ня надта спакойным. Здаецца, у канцы мая ў Барсучэнь прыбыў армейскі інжынэрны батальён, які заняў усе пустыя хаты. Штаб яго разьмясьціўся ў хаце цераз вуліцу ад камэндатуры. Неяк наведаўшыся туды, убачыў усьмешыстую дзяўчынку ў вайсковым, яна жартаўліва загаварыла са мной, памятаю, прасіла пачаставаць арэшкамі. То была Тося, пісар гэтага штабу. Так сталася, што неўзабаве і яна завітала да мяне ў камэндатуру, пасьля мы зь ёй сустрэліся і прайшліся па вуліцы. А яшчэ праз колькі дзён мне ўжо хацелася бачыць яе штодня… Вакол было войска, салдаты, і яна ўсё часьцей забягала да мяне ў камэндатуру, вядома, увечары, як канчалася служба. Як сьціхала вёска, уначы мы гулялі зь ёй па вуліцах, сядзелі на лаўках пустых хацінаў. Побач квітнеў бэз, і мы нацалаваліся. Я ўжо кахаў Тосю — першым пакутным каханьнем. Клікалі яе ў штабе «птенчик», і я таксама так клікаў.
Калі я сядзеў адзін у псаломшчыкавай хаце (памятаю, чытаў «Так говорил Заратустра», што знайшоў на паліцы тут жа), зайшоў незнаёмы лейтэнант з інжынэрнага. Павітаўшыся, зазначыў: «Уполномоченный контрразведки СМЕРШ. Знаете, что такое СМЕРШ?». Як ні дзіўна, але тое слова я чуў упершыню, у нас у вучылішчы гэтых людзей звалі проста «асабісты». «Смерть шпионам!» — растлумачыў лейтэнант. Тут жа ў размове ён не схаваў, што цікавіцца пісарам штабу Кастэнка Таісай. Мне здалося, што ён да яе заляцаецца. Мабыць, так яно і было. Бо калі я расказаў пра гэтую сустрэчу Тосі, тая заплакала. А я падзівіўся: чаго яна так, калі заляцаецца?