Рускія народныя казкі
- Автор: Афанасьев Александр Николаевич, Нечаев Александр Николаевич
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- Переводчик: Алесь Іванавіч Якімовіч
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Рускія народныя казкі». Краткое содержание книги:
чарадзейныя і бытавыя казкі, казкі пра жывёл.
Назаўтра раніцай кажа баба:
— Едзь, стары, праведай дачку, колькі там напрала яна за ноч.
Паехаў дзед, а баба сядзіць ды чакае: калі гэта ён свае дачкі костачкі прывязе.
Надышоў час дзед у вяртацца, а сабака:
— Цяў-цяў-цяў! З дзедам дачка едзе, табун коней гоніць, воз серабра вязе.
— Маніш, брыдкае сабачаня! Гэта ў корабе яе костачкі брынчаць!
Тут вароты зарыпелі, коні на двор забеглі, а дачка з бацькам на возе сядзяць: поўны воз серабра. У бабы ад прагнасці ажно вочы ледзь не вылазяць.
— Гэткая важнасць! — крычыць.— Завязі от маю дачку ў лес; мая дачка два табуны коней прыгоніць, два вазы серабра прывалачэ.
Павёз дзед той жа дарогаю бабіну дачку ў зямлянку; даў ёй крэмень, крэсіва, мяшэчак круп і пакінуў адну. Увечары зварыла яна кашу.
Прыбегла мышка і просіць:
— Наташка! Наташка! Ці салодкая твая кашка? Дай хоць лыжачку паспытаць!
— Бач ты якая! — закрычала Наташка і шпурнула ў яе лыжкай.
Мышка ўцякла, а Наташка толькі і ведае — аплятае сабе кашу. З'ела цэлы гаршчок, агонь пагасіла, прылегла ў куточку і заснула. Ажно апоўначы ўвальваецца мядзведзь і кажа:
— Гэй, дзе ты, дзяўчына? Давай у жмуркі гуляць.
Дзяўчына спалохалася, маўчыць, адно ад страху зубамі ляскае.
— Ага, дык ты вунь дзе! На званочак, уцякай, а я цябе лавіць буду.
Узяла яна званочак, рука дрыжыць, званочак увесь час звініць, а мышка прымаўляе:
— Нядобрай дзяўчыне ўсё роўна не жыць!
Мядзведзь кінуўся лавіць бабіну дачку, і як толькі
злавіў яе, тут жа і задушыў.
Назаўтра пасылае баба дзеда ў лес:
— Едзь! Мая дачка два вазы прывязе, два табуны прыгоніць.
Дзед паехаў, а баба каля варотаў чакае. Тут прыбягае сабачка:
— Цяў-цяў-цяў! Не будзе больш дома бабіна дачка жыць, дзед на парожнім возе сядзіць, а што ў корабе брынчыць, дык гэта — Наташыны костачкі!
— Маніш ты, брыдкае сабачаня! Гэта мая дачка едзе, табуны коней гоніць, вазы серабра вязе. На, з'еш блін ды кажы: бабіну Дачку ў золаце, у серабры прывязуць, а дзедаву жаніхі не бяруць!
Сабачка з'еў блін і забрахаў:
— Цяў-цяў-цяў! Дзедаву дачку замуж выдадуць, а бабінай костачкі ў корабе прывязуць.
Што ні рабіла баба з сабачкам: і бліны яму давала, і біла яго,— ён адно і тое ж брэша... Зірк, аж дзед каля варотаў, жонцы кораб падае; баба кораб адкрыла, зірнула на костачкі і завыла, ды так яе злосць узяла, што на другі дзень яна, як кажуць, і канцы аддала, памерла. Дзед выдаў сваю дачку замуж за добрага жаніха, і пачалі яны жыць-пажываць ды дабро нажываць.
Жылі-былі дзед ды баба, у іх была дачка Алёнка і сынок Іванка.
Дзед і баба памерлі. Засталіся Алёнка ды Іванка адны-адзінюткія.
Пайшла Алёнка на работу і бражка з сабою ўзяла. Ідуць яны дарогай далёкай, полем шырокім, і захацелася Іванку піць.
— Сястрыца Алёнка, я піць хачу!
— Пачакай, брацік, дойдзем да студні.
Ішлі, ішлі — сонца высока, студня далёка, спёка даймае, пот выступае. Стаіць каровін капыцік повен вадзіцы.
— Сястрыца Алёнка, нап’юся я з капыціка!
— Не пі, брацік, цяляткам зробішся!
Брацік паслухаўся, пайшлі далей.
Сонца высока, студня далёка, спёка даймае, пот выступае. Стаіць конскі капыцік повен вадзіцы.
— Сястрыца Алёнка, нап'юся я з капыціка!
— Не пі, брацік, жарабяткам зробішся!
Уздыхнуў Іванка, зноў пайшлі далей.
Ідуць, ідуць — сонца высока, студня далёка, спёка даймае, пот выступае. Стаіць казіны капыцік повен вадзіцы.
Іванка кажа:
— Сястрыца Алёнка, не магу больш трываць: нап'юся я з капыціка!
— Не пі, брацік, козлікам зробішся!
Не паслухаўся Іванка і напіўся з казінага капыціка.
Напіўся і зрабіўся козлікам...
Кліча Алёнка браціка, а замест Іванкі бяжыць за ёю беленькі козлік.
Залілася Алёнка слязьмі, села пад стажок — плача, а козлік каля яе скача.
На той час ехаў міма купец:
— Аб чым, краса дзяўчына, плачаш?
Расказала яму Алёнка пра сваю бяду.
Купец ёй кажа:
— Ідзі за мяне замуж. Будзеш у золаце-серабры хадзіць, і козлік будзе жыць з намі.
Алёнка падумала, падумала і пайшла за купца замуж.
Пачалі яны жыць-пажываць, і козлік з імі жыве, есць-п'e з Алёнкай з адной міскі.
Аднаго разу не было купца дома. Раптам, ні адсюль ні адтуль, прыходзіць ведзьма: стала пад Алёнчыным акенцам і гэтак ужо ласкава пачала клікаць яе купацца на рэчку.
Прывяла ведзьма Алёнку на рэчку. Кінулася на яе, прывязала Алёнцы на шыю камень і спіхнула яе ў ваду.
А сама зрабілася Алёнкай, прыбралася ў яе адзенне і прыйшла ў яе харомы. Ніхто ведзьму не пазнаў. Купец, вярнуўся — і той не пазнаў.