Рускія народныя казкі
- Автор: Афанасьев Александр Николаевич, Нечаев Александр Николаевич
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- Переводчик: Алесь Іванавіч Якімовіч
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Рускія народныя казкі». Краткое содержание книги:
чарадзейныя і бытавыя казкі, казкі пра жывёл.
Зажурыўся Іван-царэвіч, ідзе да шэрага воўка. А воўк яму:
— Я ж табе казаў, не чапай клетку! Чаму не слухаўся майго загаду?
— Ну, даруй жа ты мне, даруй, шэры воўк.
— Ага, даруй... Добра, садзіся на мяне. Узяўся за гуж, не кажы, шт.о не дуж.
Зноў памчаўся шэры воўк з Іванам-царэвічам. Доўга ці не, дабягаюць яны да той крэпасці, дзе стаіць конь залатагрывы.
— Лезь, Іван-царэвіч, цераз сцяну, вартаўнікі спяць. Ідзі ў стайню, бяры каня, ды глядзі аброць не чапай!
Іван-царэвіч пералез у крэпасць, там усе вартаўнікі спяць, зайшоў на стайню, злавіў каня залатагрывага, ды паквапіўся на аброць — яна золатам, дарагімі камянямі аздоблена; у ёй залатагрываму каню толькі і гуляць.
Іван-царэвіч дакрануўся да аброці — пайшоў шум па ўсёй крэпасці: трубы затрубілі, у барабаны забілі, вартаўнікі прачнуліся, схапілі Івана-царэвіча і павялі да цара Кусмана.
— Чый ты, адкуль?
— Я Іван-царэвіч.
— Эге ж, за якія дурыкі ўзяўся — каня красці! На гэта просты мужык не згодзіцца. Ну ды нічога, дарую табе, Іван-царэвіч, калі саслужыш мне службу. У цара Далмата ёсць дачка Алена Прыгожая. Украдзі яе, прывязі да мяне — падару табе залатагрывага каня з аброццю.
Яшчэ мацней зажурыўся Іван-царэвіч, пайшоў да шэрага воўка.
— Казаў я табе, Іван-царэвіч, не чапай аброць! Не паслухаўся ты майго загаду.
— Ну, даруй жа мне, даруй, шэры воўк.
— Ага, даруй... Ды ўжо хай сабе, садзіся мне на спіну.
Зноў памчаўся воўк з Іванам-царэвічам. Дабягаюць яны да цара Далмата. У яго ў крэпасці гуляе ў садзе Алена Прыгожая з мамкамі, нянькамі. Шэры воўк кажа:
— На гэты раз я цябе не пушчу, сам пайду. А ты ідзі назад дарогай-пуцявінай, я цябе хутка даганю.
Іван-царэвіч пайшоў назад дарогай-пуцявінай, а шэры воўк пераскочыў сцяну — ды ў сад. Прытаіўся за кустом і глядзіць: Алена Прыгожая выйшла са сваімі мамкамі, нянькамі. Гуляла, гуляла і толькі трошкі ад стала ад мамак і нянек, шэры воўк схапіў Алену Прыгожую, перакінуў цераз спіну — і наўцёкі.
Іван-царэвіч ідзе дарогай-пуцявінай, раптам даганяе яго шэры воўк, на ім сядзіць Алена Прыгожая. Зарадаваўся Іван-царэвіч, а шэры воўк яму:
— Садзіся на мяне хутчэй, каб хаця за намі пагоні не было.
Памчаўся шэры воўк з Іванам-царэвічам, з Аленай Прыгожаю па дарозе назад — сінія лясы міма вачэй прапускае, рэкі, азёры хвастом замятае. Доўга ці не, дабягаюць яны да цара Кусмана. Шэры воўк пытаецца:
— Чаго, Іван-царэвіч, прыціх, зажурыўся?
— Ды як жа мне, шэры воўк, не тужыць? Як расстануся з такою красою? Як Алену Прыгожую на каня буду мяняць?
Шэры воўк адказвае:
— Не разлучу я цябе з такою красою — схаваем яе дзе-небудзь, а я зраблюся Аленай Прыгожаю, ты і вядзі мяне да цара.
Тут яны Алену Прыгожую схавалі ў лясной хатцы. Шэры воўк перакуліўся цераз галаву і зрабіўся — кропля ў кроплю — вылітай Аленай Прыгожай. Павёў яго Іван-царэвіч да цара Кусмана. Цар зарадаваўся, пачаў яму дзякаваць:
— Дзякуй табе, Іван-царэвіч, што дастаў мне нявесту. Бяры сабе залатагрывага каня з аброццю.
Іван-царэвіч сеў на гэтага каня і паехаў па Алену Прыгожую. Узяў яе, пасадзіў на каня, і едуць яны дарогай-пуцявінаю.
А цар Кусман наладзіў вяселле, банкетаваў цэлы дзень да вечара, а як трэба было спаць класціся, павёў ён Алену Прыгожую ў спальню, ды толькі лёг з ёю на ложак, глядзіць — воўчая морда замест маладой жонкі! Цар ад страху зваліўся з ложка, а воўк уцёк прэч.
Даганяе шэры воўк Івана-царэвіча і пытаецца:
— Аб чым задумаўся, Іван-царэвіч?
— Як жа мне не думаць? Шкада расставацца з такім скарбам — канём залатагрывым, мяняць яго на Жар-птушку.
— Не тужы, я табе памагу.
Вось даязджаюць яны да цара Афрона. Воўк і кажа:
— Гэтага каня і Алену Прыгожую ты схавай, а я зраблюся канём залатагрывым, ты мяне і вядзі да цара Афрона.
Схавалі яны Алену Прыгожую і залатагрывага каня ў лесе. Шэры воўк перакінуўся цераз спіну, зрабіўся залатагрывым канём. Іван-царэвіч павёў яго да цара Афрона. Цар зарадаваўся і аддаў яму Жар-птушку з залатой клеткай.
Іван-царэвіч вярнуўся пеша ў лес, пасадзіў Алену Прыгожую на залатагрывага каня, узяў залатую клетку з Жар-птушкаю і паехаў дарогай-пуцявінаю ў родны край.
А цар Афрон загадаў падвесці яму падараванага каня і толькі хацеў сесці на яго — конь перакінуўся ў шэрага воўка. Цар ад страху дзе стаяў, там і ўпаў, а шэры воўк кінуўся наўцёкі і хутка дагнаў Івана-царэвіча.
— Цяпер бывай, мне далей ісці нельга.