Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Электронная книга - «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае». Краткое содержание книги:

Гэта — яго кніга жыцця. «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае» — апошняя кніга гісторыка Міколы Ермаловіча (1921–2000), якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. М. Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх дзён, паспеўшы ўнесці ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. У адпаведнасці з поглядамі аўтара, Вялікае княства Літоўскае паўстала пасля заваявання Літвы князем-наёмнікам Міндоўгам, прынятым у Новагародак на «службу». Сама ж летапісаня Літва знаходілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму Вялікае княства Літоўскае названа беларускай дзяржавай.
Несавецкае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае раздражненьне ўладаў, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча работнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам.
Гіпотэза Міколы Ермаловіча у канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў адыграла значную ролю. Аўтар паказаў, што тэрыторыя летапіснай Літвы не тоесная тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі. М. Ермаловіч звярнуў увагу на тое, што утварэнне і існаванне Вялікага княства Літоўскага не зводзілася да схемы захопу літоўскімі феадаламі саслабелых усходнеславянскіх земляў. М. Ермаловіч паслядоўна паказваў пагрозы існаванню ВКЛ і з Усходу, і з Захаду. Работы Міколы Ермаловіча паспрыялі абуджэнню як навуковай дыскусіі у гістарычнай навуцы, так і грамадскай свядомасці беларусаў.
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 93
Перейти на страницу:

Транята зрабіў усё, каб аслабіць Міндоўга. Так, ён падбіў апошняга на паход зімой 1261–1262 гг. у Лівонію, абяцаючы, што на дапамогу яму прыйдуць рускія, а лівы і латышы паўстануць супраць немцаў. Аднак нічога гэтага не адбылося. Міндоўг вымушаны быў ні з чым вярнуцца з Лівоніі. Здрада Траняты была відавочнай, і Міндоўг павінен быў выслухаць дакоры нават сваёй жонкі за тое, што ён «дарэмна слухае такую малпу, як Транята», які прадае яго, што ён дарэмна адрокся ад каталіцтва і парваў сувязі з Ордэнам. Міндоўг мусіў прызнаць, што зрабіў неразумна, але вяртацца назад не можа.

Сапраўды, саюз з Ордэнам і быў галоўнай сілай, якая трымала Міндоўга, бо ён не меў цвёрдай унутранай апоры нават у сваёй Літве. Таму, парваўшы з Ордэнам, ён убачыў хісткасць свайго становішча і міжволі павінен быў, як ён сам сказаў, выконваць указанні Траняты і жмудзінаў, якія не маглі дараваць яму саюз з Ордэнам і не хацелі мірыцца з яго ўладай. У асяроддзі жамойцкіх феадалаў узнікла змова з мэтай забіць Міндоўга. На бок Траняты перайшоў і нальшчанскі князь Даўмонт, у якога Міндоўг забраў жонку. Без саюза з Нальшчанамі, якія знаходзіліся паміж Літвой і Жамойціяй, Транята, вядома, і не мог марыць пра авалоданне Літвой. Нальшчаны, як адзначала адна нямецкая хроніка, былі спрэчнай тэрыторыяй паміж Жамойціяй і Літвой (гэта сведчанне, дарэчы, можа ўказваць на тое, што Аўкштайцію паглынала назва Жамойціі). Таму, згаварыўшыся з нальшчанскім князем Даўмонтам, Транята атрымаў вялікую перавагу над Міндоўгам.

Міндоўг бачыў усё гэта і вырашыў у барацьбе з жамойцкімі і нальшчанскімі феадаламі выкарыстаць такі ж прыём, што і ў 1248 г. у барацьбе з Таўцівілам, Едзівідам і Вікінтам. Ён паслаў многіх з іх, у тым ліку і Даўмонта, ваяваць за Дняпро, пад Бранск, мяркуючы расправіцца са сваімі ворагамі. Аднак змоўшчыкі перахітрылі яго. Даўмонт вярнуўся з дарогі назад, дагнаў Міндоўга, забіў яго і двух ягоных сыноў. Так бясслаўна закончылася жыццё Міндоўга. Яго значэнне ў гісторыі як стваральніка ВКЛ выключна перабольшана. Прыведзеныя намі гістарычныя сведчанні паказваюць, што ён быў толькі наёмнікам Новагародка, які выкарыстаў яго для заваяванмя пакінутай ім Літвы, з чым ён не справіўся. Жамойція выкарыстала яго таксама як наёмніка для барацьбы з крыжакамі. Але калі Новагародак адпусціў яго жывым, то па жаданні Жамойціі ён быў забіты. Вось гэта толькі і звязвае Міндоўга з сучаснай Летувой. I таму ён беспадстаўна ўслаўляецца тут як яе выдатны гістарычны дзеяч. Забойства Міндоўга азначала крах справы аб’яднання ўсіх балцка-літоўскіх земляў вакол летапіснай Літвы.

Стаўшы князем «во всей земле Литовской и Жемоти», Транята не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаючы, што ў Полацку і Новагародку сядзяць такія ж самыя, як і ён, законныя спадкаемцы Літвы. Таму ён вырашыў расправіцца паасобку з Таўцівілам і Войшалкам. Першага ён выклікаў да сябе пад выглядам запрашэння дзяліць «землю и добыток Миндовгов». Намер быў просты: забіць Таўцівіла, захапіць полацкіх баяраў, якія прыехалі з ім, і, карыстаючыся гэтым, навязаць Полацку сваю волю і князя. Усім балцка-літоўскім землям, аб’яднаным пад уладай аднаго князя, гэта было цяпер пад сілу.

Таўцівіл паехаў да Траняты з такім самым контрнамерам: забіць Траняту, завалодаць яго княскім пасадам і далучыць Літву да Полацка. План гэты быў, бясспрэчна, прадыктаваны Таўцівілу полацкімі феадаламі. Дзеля гэтага яны ўзялі яго да сябе. Не дзіўна, што Таўцівіла суправаджала цэлая світа полацкіх баяраў, каб трымаць яго пад сваім кантролем і дапамагчы ў ажыццяўленні забойства Траняты. Аднак гэтаму плану не суджана было збыцца: Транята апярэдзіў. Намер Таўцівіла выдаў полацкі баярын Пракоп. Таўцівіл быў забіты, а полацкія баяры захоплены. Рабілася спроба захапіць і забіць сына Таўцівіла, які знаходзіўся ў Полацку, але палачане дапамаглі яму ўцячы ў Ноўгарад. Гэты факт пацвярджае меркаванне, што Таўцівіл у свой час не быў пастаўлены ў Полацку Міндоўгам, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, а быў добраахвотна выбраны полацкім вечам, якое лічыла яго законным князем, і таму палачане не выдалі яго сына.

Палачане, апынуўшыся ў складаным становішчы, павінны былі пайсці на часовую ўступку Траняту і прыняць ад яго князя. Наўгародскі I летапіс, адзіная крыніца, якая паведамляе пра гэта, не называе імя стаўленіка Траняты ў Полацку. Выказвалася меркаванне, што гэтым князем быў Гердзень, сын полацкага князя Давыда Расціславіча. Значыцца, Транята фактычна пасадзіў у Полацку не літоўскага князя, а полацкага князя. Гэта магло б быць яшчэ адным сведчаннем на карысць таго, што палачане нават у цяжкі момант сваёй гісторыі не бралі да сябе князёў іншых дынастый. Аднак катэгарычна сцвярджаць, што гэтым князем быў Гердзень, нельга, бо ў крыніцы аб гэтым не сказана.

Забойства Таўцівіла вывела Полацк з далейшай барацьбы за літоўскую спадчыну. Цяпер была чарга Войшалка. Але той аказаўся больш хітрым і дальнабачным, каб за нішто ісці ў рукі Траняты. Прачуўшы аб забойстве Міндоўга, «Воишелк убоявся того же и бежа до Пинська и ту живяшеть». Гэтыя словы летапісу сведчаць, што Войшалк разгадаў намер Траняты. Але не адзін толькі страх і не ён перш за ўсё гоніць Войшалка ў Пінск, што і паказалі будучыя падзеі. Перацягнуўшы на бок Новагародка пінянаў, якія ўжо даўно адчувалі на сабе цяжар залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў, Войшалк уважліва сачыў за падзеямі ў Літве, не спяшаючыся з адкрытым умяшаннем у яе справы. Ён добра разумеў, што феадалы Літвы не будуць мірыцца з жамойцкім панаваннем, і, можна думаць, раздзімаў гэтыя супярэчнасці, што і дало свае вынікі. Транята быў забіты конюхамі-парабкамі Міндоўга. Смерць Траняты азначала крах намераў жамойцкіх феадалаў аб’яднаць балцка-літоўскія землі вакол Жамойціі.

Наўрад ці можна пагадзіцца з думкай, што падзеі пасля смерці Міндоўга «зноў пацвердзілі ўнутраную цвёрдасць Літоўскай дзяржавы». Наадварот, падзеі да і пасля смерці Міндоўга пацвердзілі ўнутраную слабасць Літвы. Галоўнай прычынай гэтай слабасці быў непераадольны антаганізм паміж Літвой і Жамойціяй. Менавіта ў кароткі перыяд 1260–1263 гг. канчаткова паказала сваю нежыццяздольнасць ідэя аб’яднання балцка-літоўскіх земляў як вакол Літвы, так і вакол Жамойціі.

Войшалк быў адным з тых людзей, якія разумелі ўсю марнасць асобнага аб’яднання балцка-літоўскіх земляў ад славянскіх. I таму назаўсёды звязаў свой лёс з Новагародкам. Паміж Жамойціяй і Літвой не было і не магло быць трывалых эканамічных сувязей. Апроч таго, летапісная Літва, акружаная амаль з усіх бакоў славянскімі землямі і ўсеяная славянскімі калоніямі, вядома, не магла быць прыцягальнай для Жамойціі з яе кампактнай тэрыторыяй і аднародным язычніцкім насельніцтвам. Феадалы Літвы і Жамойціі не мелі дастатковых сіл, каб узяць верх адных над другімі. Усё гэта не пацвярджае меркавання, што Літва ў выніку ўсталявання ў ёй манархічнай улады Міндоўга мацнела. Наадварот, як мы бачылі, манархічная ўлада Міндоўга выклікала яшчэ большы антаганізм паміж Літвой і Жамойціяй. Дзеля аб’яднання іх і іншых балцка-літоўскіх земляў патрэбны быў іншы цэнтр, якім і стаў Новагародак.

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 93
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)