Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Электронная книга - «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае». Краткое содержание книги:

Гэта — яго кніга жыцця. «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае» — апошняя кніга гісторыка Міколы Ермаловіча (1921–2000), якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. М. Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх дзён, паспеўшы ўнесці ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. У адпаведнасці з поглядамі аўтара, Вялікае княства Літоўскае паўстала пасля заваявання Літвы князем-наёмнікам Міндоўгам, прынятым у Новагародак на «службу». Сама ж летапісаня Літва знаходілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму Вялікае княства Літоўскае названа беларускай дзяржавай.
Несавецкае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае раздражненьне ўладаў, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча работнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам.
Гіпотэза Міколы Ермаловіча у канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў адыграла значную ролю. Аўтар паказаў, што тэрыторыя летапіснай Літвы не тоесная тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі. М. Ермаловіч звярнуў увагу на тое, што утварэнне і існаванне Вялікага княства Літоўскага не зводзілася да схемы захопу літоўскімі феадаламі саслабелых усходнеславянскіх земляў. М. Ермаловіч паслядоўна паказваў пагрозы існаванню ВКЛ і з Усходу, і з Захаду. Работы Міколы Ермаловіча паспрыялі абуджэнню як навуковай дыскусіі у гістарычнай навуцы, так і грамадскай свядомасці беларусаў.
1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 93
Перейти на страницу:

Захоп Новагародкам Літвы не мог не выклікаць трывогі ў галіцка-валынскіх князёў. Узмацненне Новагародка ў выніку пашырэння яго ўлады на Літву давала яму магчымасць узяць першынство ў аб'яднанні заходнерускіх земляў. А на гэту ролю прэтэндавалі самі галіцка-валынскія князі. Даніла Галіцкі даўно добра разумеў геапалітычнае значэнне Літвы. Нездарма ён быў жанаты з сястрою Таўцівіла і Едзівіда. I вось калі Міндоўг апынуўся ў Новагародку і заваяваў Літву, ён ператварыўся з ранейшага саюзніка галіцка-валынскіх князёў у іх заклятага ворага, і таму яны адразу ацанілі ўсю сур’ёзнасць становішча. У здзяйсненні іх далейшых намераў наступіў падыходзячы момант для ўмяшання ў справы Новагародскай дзяржавы. Даніла Галіцкі адразу адправіў паслоў да польскіх князёў са словамі: «Яко время есть хрестьяном на поганее, яко сами имеють рать межу собою». Гэты выраз тлумачыць, чаму ў Галіцка-Валынскім летапісе адсутнічае паведамленне аб прыняцці Міндоўгам праваслаўя ў 1246 г.: яно б супярэчыла прыведзеным словам Данілы Галіцкага і рабіла б бяссэнсавым яго заклік да барацьбы з паганымі. Але справа, вядома, была не ў паганстве, бо менавіта са збеглымі феадалам-іязычнікамі галіцка-валынскія князі ішлі на саюз.

Збеглыя князі Літвы накшталт іншых перабежчыкаў з яе з’яўляліся паслухмянымі служкамі новых гаспадароў. Тыя паслалі іх у Ордэн і Рыгу, у Жамойцію і да яцвягаў з мэтай стварэння кааліцыі супраць новай дзяржавы, што ўрэшце і ўдалося зрабіць шляхам подкупу. Аднак калі гэтым удзельнікам кааліцыі адводзілася другарадная роля, дык на сябе галіцка-валынскія князі ўзялі галоўную задачу — барацьбу з Новагародкам як цэнтрам новай дзяржавы. Гэтым самым яны зноў паказалі, што для іх галоўным ворагам было не паганства, а хрысціянская Новагародская зямля, і разгарнулі супраць яе шырокі наступ адразу ў трох кірунках — на Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, у выніку чаго «паідоста к Новугороду» і «поимаша грады многи», «возвратишеся в домы». 3 гэтага бачна, што галіцка-валынскія князі не ставілі сваёй задачай на той час заваяванне Новагародскай зямлі: яны яе разбуралі і рабавалі і гэтым самым знясільвалі.

Даведаўшыся, што немцы збіраюцца дапамагчы Таўцівілу ў барацьбе з Міндоўгам, Даніла Галіцкі даў яму сваё войска і полаўцаў. 3 гэтай сілай Таўцівіл пайшоў у Рыгу, дзе прыняў каталіцкае хрышчэнне. Міндоўг убачыў, што вакол яго сціскаецца варожае кола, і вырашыў таксама дзейнічаць подкупам у адносінах з Рыгай. Тут у яго была перавага над Вікінтам і Таўцівілам: казна новагародскіх феадалаў была багатая. Але адных раскошных дароў было мала. Рыжскім біскупам Андрэем была пастаўлена ўмова: прыняць хрышчэнне ад папы, і толькі тады Міндоўг адолее ворагаў, г. зн. яму будзе аказана патрэбная дапамога. Рымская курыя ўжо даўно ўважліва сачыла за падзеямі ва Усходняй Еўропе і выкарыстоўвала кожны момант для пашырэння там уплыву каталіцкай царквы. Асабліва прыдатнымі ў гэтых адносінах былі моманты варожасці і саперніцтва паміж асобнымі землямі, у прыватнасці Новагародскай і Галіцка-Валынскай. Папа рымскі Інакенцій XIV не прамінуў даць у гэтым выпадку згоду на хрышчэнне Міндоўга і ўручэнне яму каралеўскай кароны. Паводле Густынскага летапісу, гэта адбылося ў Новагародку ў 1252 г. (паводле некаторых іншых меркаванняў, у 1253 г.). Праз два гады такая ж самая карона была ўручана ад імя папы рымскага Данілу Галіцкаму.

Становішча Міндоўга крыху палепшылася. Рыга не ваявала з ім, у яго войску з’явіўся нямецкі атрад. Паміж войскамі Міндоўга і Таўцівіла адбыліся дзве бітвы і абедзве безвынікова. У час першай Міндоўг знаходзіўся ў сваёй роднай Варуце, і яго праціўнікі абмежаваліся рыцарскім турнірам, падчас другой ужо сам Міндоўг абклаў горад Вікінта Твірымець, але, паранены, павярнуў назад. Ворагі Міндоўга добра разумелі, што сіла яго ў Новагародскай зямлі і што без знясілення яе немагчыма перамога над ім. Вось чаму Таўцівіл паслаў нейкага Рэўбу да Данілы Галіцкага з просьбай: «Поиди к Новогородку». Просьба была выканана з задавальненнем. Даніла сабраў вялікую сілу: з ім былі яго брат Васілька, сын Леў і сват — палавецкі хан Цягак. Па дарозе яны ўзялі з сабой пінскіх князёў. Апошнія, як сведчыць летапіс, пайшлі неахвотна. I гэта зразумела. Паход арганізоўваўся не толькі супраць Новагародка, але і супраць Літвы, якая служыла заслонай Новагародскай зямлі з паўднёвага ўсходу. А пінскім князям не хацелася варагаваць са сваімі суседзямі, з якімі ў іх даўно ўжо вызначыліся агульныя эканамічныя інтарэсы. Літва аказала супраціўленне: паслаўшы старожу на воз. Зьяце, гналася за галіцка-валынскім войскам да р. Шчары. Даніла вымушаны быў зрабіць суровае ўнушэнне сваім войскам, асабліва тым, якія не хацелі ваяваць. Супраціўленне Літвы было зломлена, і «наутрее же плениша всю землю Новогородьскую, оттуда же возвратишеся в дом свой». Аднак гэтага было недастаткова. Даніла паслаў свайго брата Васілька і сына Рамана на заходнюю частку Новагародскай зямлі — Гарадзенскае княства (гэты факт і дае падставу лічыць, што яно ўваходзіла ў склад Новагародскай зямлі). Там быў захоплены Гарадзен, а пасля таго, як Даніла дадаткова «послаласте многи своя пешьте и конникы», «плениша всю вотчину их и страны их».

Як бачым, у выніку гэтага паходу была занята левабярэжная Літва і ўся Новагародская зямля. I хоць Міндоўг паслаў свайго сына пад Турыйск, хоць да гэтага часу яму ўдалося падкупіць яцвягаў, справа была прайграна, і ён папрасіў у Данілы міру. Аднак умовы, прапанаваныя Міндоўгам, былі, відаць, непрымальныя для Данілы Галіцкага. Мір быў заключаны пасля яшчэ аднаго паходу Данілы «на Литву, на Новогородок».

Чамусьці У. Пашута нічога не гаварыў пра гэты паход, магчыма таму, што гэтае месца летапісу ясна ўказвае на знаходжанне летапіснай Літвы паміж Пінскай і Новагародскай землямі. А менавіта гэты паход і вырашыў зыход справы і прымусіў Новагародак заключыць мір на ўмовах, прадыктаваных Данілам Галіцкім. Вось чаму нельга паказваць заканчэнне вайны 1248–1254 гг. як трыумф палітыкі і дыпламатыі Міндоўга, як гэта сцвярджаў У. Пашута, зазначаючы, што за Міндоўгам засталася Чорная Русь. Пры гэтым не растлумачыў, чаму ён змяніў свой ранейшы погляд, паводле якога гэты мір з’яўляўся перамогай Данілы, што больш адпавядае сапраўднасці. У. Пашута яшчэ пісаў: «Заваяваць Літву нікому не ўдалося». Але Літву і Новагародак ніхто і не хацеў заваёўваць. Мы бачылі, што галіцка-валынскія князі тры разы займалі Новагародскую зямлю і два разы Літву і кожны раз пасля «возвратишеся в дом свой». Для заваявання і асабліва ўтрымання ў сваіх руках Новагародскай зямлі і Літвы ў іх проста не было сіл: Галіцка-Валынская зямля на той час была занята барацьбой з татара-манголамі і вайной за аўстрыйскую спадчыну. Вайна 1248–1254 гг. была выклікана заваяваннем Літвы Новагародкам, што прывяло да пашырэння тэрыторыі і ўзмацнення Новагародскай дзяржавы. Таму галіцка-валынскія князі, якія вялі вайну з Новагародкам, мелі на мэце прымусіць яго адмовіцца ад Літвы. Яны гэтага дасягнулі. Міндоўг павінен быў здаволіцца толькі роляй князя Літвы, у той час як Новагародак узяў сабе другога князя — Войшалка, старэйшага сына Міндоўга.

Палітыка Войшалка i другое заваяванне Літвы

Як бачым, першая спроба заваявання Літвы Новагародскай зямлёй закончылася няўдачай. Галоўнымі праціўнікамі гэтага былі: знутры — літоўскія феадалы, а звонку — галіцка-валынскія князі. Гэтыя дзве сілы найбольш паслядоўна змагаліся за раз'яднанне Новагародка і Літвы і давялі сваю справу да канца.

Аднак, нягледзячы на першую няўдачу і спусташэнне, якое прынеслі тры паходы галіцка-валынскага войска на Новагародскую зямлю, яе феадалы не адмовіліся ад свайго намеру заваяваць Літву. Але яны ўлічылі горкі вопыт першай сваёй спробы, выканаўца якой — Міндоўг — аказаўся дрэнным, няўмелым палітыкам. Яго дзеянні выклікалі міжнародны канфлікт, цэлая кааліцыя дзяржаў выступіла супраць Новагародскай дзяржавы. Асабліва няўдалым палітычным манеўрам Міндоўга быў саюз з Ордэнам. Па-першае, гэта вельмі пашкодзіла балцка-літоўскім землям. Паводле гэтага саюзу, Міндоўг рабіў за кошт іх зямельныя ахвяраванні Ордэну і адмаўляўся ў дапамозе Жамойціі ў час барацьбы яе з немцамі. Рыцары, развязаўшы сабе рукі ўмовай з Міндоўгам, разгарнулі шырокае наступленне супраць Прусіі і Жамойціі. 3 другога боку, манеўр Міндоўга нічога не даў і Новагародку — не спыніў галіцка-валынскага наступлення, што і было галоўнай прычынай няўдачы.

1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 93
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)