Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 162
Перейти на страницу:

Тым часам вярнуўся чалавек, якога я сустрэў на ганку. Расчыніўшы дзверы ў пакой, ён з калідора загадаў прынесці ў яго кабінет «допіс вось гэтага аўтара» і пры тым паказаў на мяне. Чарнявы панёс да яго мае пашматаныя старонкі, а я, не вытрымаўшы больш уласных пакут, паплёўся дадому.

За наступныя пасля гэтага здарэння дні я, здаецца, пасталеў. Менш смяяўся, стаў больш стрыманым у размовах, чытаў Дзікенса і зусім перастаў цікавіцца нашай раённай газетай. Але здараецца так, што людзі зробяць паслугу, калі нават няма ніякай патрэбы ў ёй. Аднойчы ўранку (я быў яшчэ ў ложку) прыбег Колька Азевіч — мой вучань — і прынёс тую раённую газету, дзе на трэцяй старонцы значылася: «Узорны калгасны пастух». У мяне адразу знікла цягучая дрымота, і я з болем і жалем упершыню агледзеў рэшту ўцалелых абзацаў, абскубаных думак, а пачатак допісу ледзь не зусім даканаў мяне:

«Уключыўшыся ў барацьбу за круты ўздым малочных надояў, пастух Іваноў Свірыд у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі перабудаваў сваю працу. Буйнае рагатае пагалоўе сельгасарцелі пад яго кіраўніцтвам значна палепшыла мяса-малочныя паказчыкі».

Прозвішча пастуха было пераблытана, замест 180 кароў калгаснага статку ў артыкуле значылася 18, толькі прозвішча аўтара, на мой шчыры жаль, не пакідала ніякіх сумненняў у прыналежнасці гэтых радкоў мне.

Я ледзь перажыў той дзень. Увечары прыходзіў сварыцца загадчык фермы, уначы мне сніліся каровы, а назаўтра мая гаспадыня казала, што няўдалае каханне ў маладосці праходзіць без шкоды для здароўя.

Доўга не ведаў я, што думаць пра селькораўскія справы. Але пісаць я ўсё ж пачаў і друкаваўся ў розных выданнях, толькі ні разу больш не пасылаў сваіх допісаў у тую раённую газету.

[1956 г.]

Даведка

Па вуліцы ішоў чалавек. 3 выгляду ён падобны быў на вайскоўца — у кіцелі, але без пагонаў, у руках трымаў невялічкі чамаданчык і цікаўна аглядаўся навокал.

Чалавек падыходзіў да вугла, калі адтуль шпаркай хадою выкаціўся маленькі круглявы прахожы ў палатняным летнім гарнітуры і з папкай. Ён спяшаўся, а яго сустрэчны пазіраў угору на шыльду, і яны спрытна стукнуліся адзін аб аднаго. Маленькі збянтэжана буркнуў штось, злавіў збіты з галавы капялюш і хацеў было падацца далей, ды вузенькія вочкі яго раптоўна расплюшчыліся на колькі былі здольны і, поўныя здзіўлення, хуценька замігалі.

— Гэ! Няўжо Алесь?

— Ага, ён самы, — усміхнуўся сустрэчны. — Вітаю вас, Іван Іванавіч.

— Ну-ну-ну! Якім чынам, адкуль і куды?

— Ды вось прыехаў па справе.

— Да нас?

— Ага.

— Тады хадзем. Мне хоць і некалі, але ўжо вярнуся: для былога калегі яно можна.

Яны звярнулі за вугал у бакавую вулічку і засенню бухматых каштанаў дайшлі да першага пад’езда. Маленькі ўвесь час сыпаў пытанні, жарты і прымаўкі — ён, відаць, быў у добрым гуморы і радаваўся сустрэчы.

У калідоры важнай ціхманай установы Іван Іванавіч паслужліва расчыніў дзверы свайго кабінета, гасцінна прапусціў наперад сустрэчнага. Застаялая халаднаватая ціш пакоя адразу ўстрывожылася гоманам і рухамі мітуслівага гаспадара. Ён шпурнуў на стол папку, на дыван — капялюш, бразгочучы графінам, з асалодай напіўся і, нарэшце, у знямозе ад празмернай рухавасці і духаты зваліўся ў крэсла.

— Значыцца, адслужыў? Так, так, цудоўна. Як сямейства, як жонка?

— Дзякую, нічога, — казаў захожы, садзячыся перад сталом. — Нядаўна сын нарадзіўся.

— Гэк, ты! Сын? Малайчына! Сын — спадчыннік, так сказаць… Цудоўна, цудоўна! Расце, значыць… А мы старэем. Так. Што зробіш…

Іван Іванавіч летуценна-сумна ўздыхнуў, але маленькія вочкі яго паранейшаму весела смяяліся.

— Я па справе да вас, — сказаў захожы пасля кароткай паўзы. — Патрэбна даведка аб часе маёй работы ў вашай установе.

Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў усмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны.

— Даведку, значыць, — паўтарыў ён, нібы абдумваючы сэнс просьбы. — Ат, навошта тыя даведкі? Уся гэта папераманія — заслона ад жывога чалавека.

— Ды ўжо так патрабуецца, дзеля формы, — адказаў захожы. — Калі не забыліся, я працаваў тут з 46 па 49, да прызыву ў армію.

— Як жа, як жа — памятаю. Усё памятаю, але…

Іван Іванавіч абарваў фразу, ускочыў з крэсла і дробнымі крокамі выбег з пакоя. Вярнуўся ён хутка, і яго твар ужо нёс на сабе адбітак моцнай заклапочанасці.

— Ты разумееш — архіваў няма. За 50 год ёсць, а за 49 няма. — Ён па нейкай старой прывычцы прыгладзіў бліскучую лысіну. — Не ведаю, што і рабіць.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)