Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
Многа ператрывала яго душа за гэты дзень, але здабытая перамога хвалюючай радасцю засланiла цяпер усё самотнае. Як крыўдныя слёзы маленства, адразу забылiся нядаўнiя страхi. Пачатак быў зроблены — цяжкi, але удалы пачатак. Хлопец паваяваў, i хоць не зусiм ладна, але, бадай, i не дрэнна. Ён сам адчуваў гэта, быў рады, i радасць яго павялiчвалася ўпэўненасцю, што Галкiн задаволiцца яго ўмельствам i цяпер, бадай, пасябруе з iм. Што ж датычыць Матузкi, дык ён вельмi жадаў гэтага.
Макрэючы ад поту, хлопец iмчаўся па ўгрэтай духмянай траве, радасць падганяла яго, i ён спяшаўся падзялiць яе са знойдзеным сёння баявым сябрам.
Яшчэ здалёк Матузка прыкмецiў ля лазнi групу афiцэраў (ён пазнаў там камандзiра батальёна) i заўважыў, што яны глядзелi ў гэты бок, нiбы чакалi каго. Хлопец пашукаў вачыма Галкiна, але не ўбачыў яго. Не было таго i ў акопчыку, якi, пусты i непатрэбны цяпер, тулiўся пад лазою. У кусце на ранейшым месцы стаяў кацялок з рэштай вады. Але чаму Змiтрок не сустракае яго, няўжо ён стаў зусiм абыякавым да свайго былога памочнiка? Нешта трывожнае затрымцела ў хлапечым сэрцы, калi ён пралазiў хмызняк на ўзмежку i наблiжаўся да камандзiраў.
— Вось ён, гэты кулямётчык, — сказаў камбат, звяртаючыся да незнаёмага, вiдаць, старэйшага афiцэра.
— Малайчына, — сказаў той. — Малайчына. Прадстаўце да ўзнагароды.
Матузка, аднак, чамусьцi змаркатнеў i не адчуваў радасцi ад пахвалы начальства: нейкая смутная трывога ўзнiмалася ў iм. Сцiпла стоячы перад афiцэрамi з узятым да нагi кулямётам, ён адказаў на iхнiя пытаннi i, адпушчаны, пайшоў памалу на выган да свайго ўзвода.
У вёску прыйшлi ўжо новыя людзi i з поўнай абыякавасцю да ўсяго, што адбылося тут, займалiся сваiмi справамi. У дварах гаманiлi галасы, стукалi колы па вулiцы; байцы нейкага гаспадарчага падраздзялення маскiравалi галлём нагружаныя вазы пад плотам. Абапал дарогi дагаралi хаты, i ўдушлiвы едкi смурод пажарышчаў раздзiраў грудзi. У адным месцы з вулiцы Матузка пазнаў садок, ля якога бег ранiцай, каб перадаць загад. Нейкая будынiна збоч саду згарэла дашчэнту, апалiўшы сваiм полымем суседнiя яблынi. Мiж iмi ўбачыў баец i тую яблыньку ля сцежкi, з якой сарваў надоечы недаспелы яблык. Цяпер чорныя галiны яе маркотна цягнулiся над тынам i, здавалася, у смяротнай роспачы прасiлi ратунку.
Пад прыдарожнымi вербамi на выгане сядзелi i гаманiлi цяпер байцы былой паходнай заставы. З апошняй надзеяй Матузка пашукаў позiркам сябра i, не знайшоўшы, запытаў у Пiлiпчука, якi курыў на абочыне, спусцiўшы ногi ў канаву:
— А дзе Галкiн?..
— Галкiн? — здзiвiўся вусаты Пiлiпчук. — Галкiн забiты, хiба ты не ведаеш?
Нешта цяжкае i душнае навалiлася на хлопца, зацяло дыханне, i ў вачах скрывiлася дарога. Матузка апусцiўся на пыльны ўскраек дарогi i абхапiў рукамi кулямёт. Знямоглае за дзень сонца паволi апускалася над лесам, дарога па насыпе, як хрыбцiна шчупака, стракацела палосамi ценяў, кiнутых вербамi…
Так баец сядзеў доўга i не чуў, што рабiлася наўкола. Толькi калi падалi каманду строiцца i байцы выйшлi на дарогу, Матузка падняўся апошнi i, падумаўшы крыху, стаў у галаву калоны, дзе ўчора крочыў Галкiн i дзе звычайна станавiлiся ручныя кулямётчыкi.
Тупое пяро
Аднойчы ў абласной газеце давялося прачытаць мне нарыс пра калгасных даярак. Добрыя былі тыя даяркі — працавітыя і сумленныя, і навялі яны мяне на развагу пра нашага пастуха — чалавека вельмі паважанага ў нас, дбайнага і кемлівага. Гэтаму чалавеку калгас шмат чым абавязаны за тое, што нашы каровы сёлета далі столькі малака, што не сорамна стала трымаць іх. Абдумаў я ўсё гэта і засеў за допіс для газеты, Пачаў нібы для пробы, але паступова так улёг у гэтую справу, што дзён пяць узапар нічога не прыкмячаў навокал.
Я быў выкладчыкам мовы, меў пэўны густ у літаратурных стылях, чытаў сёе-тое пра трафарэты, штампы і канцылярызмы, якімі грашаць газеты, і хацеў напісаць свой твор выдатна. Знарок перад тым я прачытаў кніжку аб літаратурным майстэрстве, паглядзеў падручнікі, дзе падрабязна тлумачыліся розныя таямніцы пісьменніцкай справы. У мяне нават з’явілася жаданне яшчэ раз прачытаць «Вайну і мір», каб лепш засвоіць выдатны талстоўскі стыль, і не зрабіў гэта толькі таму, што пабаяўся спазніцца са сваім допісам.
Асаблівых пакут каштавала знайсці свежыя эпітэты, выразныя метафары і вобразныя параўнанні. Гэта было вельмі цяжка, але якая ж добрая літаратурная рэч абыходзіцца. без іх?
Нарэшце ўсё было скончана. Упершыню за некалькі дзён я выйшаў з хаты і са сваім шматпакутным творам накіраваўся ў кантору. Над вёскай толькі што прашумеў лівень, з-пад хмар лагодна зірнула нізкае вячэрняе сонца, безліччу іскрынак заззялі мокрыя садкі і гароды, а вербы на вуліцы яшчэ доўга страсалі на пясчаны дол важкія сцюдзёныя кроплі. Я сігаў уздоўж парканаў, а сустрэчныя неяк падазрона глядзелі на мяне, некаторыя пыталі, чаму пахудзеў і як здароўе наогул. Я ж нічога пэўнага не мог сказаць ім, бо ў маёй галаве ўсё грымотна гучалі радкі майго твора, памерам у тры старонкі. Асабліва падабаўся мне яго пачатак, у які я ўклаў працы больш, чым, бадай, ва ўсё астатняе. Вось ён: