Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 154
Перейти на страницу:

— Што гэта? — амаль без голасу спытаў ён.

— «Го-Сатэрн», — адказаў бацька. — Гэта, брат, такое вiно, што i ты можаш пiць.

— Вiна не хачу, ад яго людзi дурныя. Лаюцца.

Выбiцкi зморшчыўся ад скрухi, i, убачыўшы гэта, Алесь раптам раззлаваўся. Урэшце, iхняя гэта была вiна. Урэшце, гэта самi яны давялi яго, а цяпер яшчэ ўчынiлi яму гэткае катаванне.

Таму ён смела палез падрапанай лапай у хлебны кошычак, палажыў кавалак на сваю талерку i лыжкаю пацягнуўся да бацькавай талеркi, адчуваючы ў сэрцы пачуццё, блiзкае да адчаю.

— Еш, еш, сыне, — спакойна адказаў пан Юры. — Мацуйся. Давай мы i табе на талерку пакладзем.

Але маленькi зацкаваны мужычок ужо нёс да рота самы вялiкi кавалак. Яму было нязручна, i таму ён успёрся левай далонькай на край стала, а калi ўспёрся — з-пад гэтай далонькi ўпаў на падлогу падрыхтаваны кавалак хлеба.

Дзiця пачало павольна спаўзаць з крэсла пад стол. Спаўзло. Знiкла. А потым з-пад стала з'явiлася сур'ёзная галава.

Сурова, з адчуваннем важнасцi моманту, малады князь пацалаваў паднятую з падлогi скiбу i сур'ёзна сказаў:

— Даруй, божухна.

I ўжо зусiм па-гаспадарску хлопец сказаў наступныя словы:

— Пакладзiце гэта, калi ласачка, каню.

Пан Адам пакутлiва пачырванеў. Няёмкасць трывала доўга. Потым бацька, увесь час аглядаючыся на мацi, пачаў тлумачыць сыну, што так нядобра, што так не робяць, i выгляд яго, вiдаць, быў горшы, чым у Алеся, бо мацi раптам засмяялася — ласкавым сумным званочкам.

Лёд растаў. Перастала быць няёмка Алесю. Усе засмяялiся. Ды толькi смех яшчэ гучаў не вельмi весела.

— Что же вы, например, ели сегодня на завтрак, мой маленький? — спытала панi Антанiда.

— Сёння… на заўтра? — неўразумела перапытаў Алесь.

— Антонида, — сказаў пан Юры. — Если можешь, говори по-мужицки.

— Што ты еў сёння на… сняданне? — спытала мацi.

— Крышаныя буракi, — басам адказала медзведзяня. — I курыцу елi… Зарэзалi з такой прычыны старога пеўня… Марыля сказала: «Усё адно ўжо, дык няхай хаця панiч-сынок памятае».

Мацi ўсмiхалася, яе забаўлялi «крышаныя буракi».

— Жорж, — сказала яна, — няўжо стары певень для iх — свята? I як мог жыць маленькi? Нашто такая жорсткасць з боку старога Вежы?

Шакаладна-матавы твар бацькi спахмурнеў.

— Я вiнен перад табою, Антанiда. Бацька даў толькi лёгкi намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на «дзядзькаванне». Астатняе дадумаў i вырашыў я. Кагуты — лепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзi.

Яго моцныя рукi сцiснулi край абруса:

— Бачыш, ты i ўсе лiчылi мяне легкадумным. Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлi. Няхай сабе яго не кармiлi каплунамі. Ты паглядзi на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабiць, як рабiлi дзяды. Яны былi не зусiм дурнi. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькi розумам, а i целам.

Памаўчаў. Потым сказаў:

— Сын графа Хаданскага, даражэнькага суседа, едзе дарогаю мiж iльноў i кажа ўсур'ёз, што мужычкi будуць з хлебам. Якi з яго будзе гаспадар? Якой павагi яму чакаць ад прыгонных? А гэты будзе iншы… Некалькi год сярод жытнiкаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фiзiчныя практыкаваннi, размеранае жыццё. А лоск мы яму вернем за год.

Хiтравата ўсмiхнуўся у вусы:

— Пад'еў, сынок? На вось табе. Гэта цукраваная садавiна. Гэта называюць цукатамi. Можаш узяць да iх фiлiжаначку кавы.

Густы карычневы струмень пабег у маленькую — з напарстак — фiлiжанку. Мацi з цiкавасцю, нават трошкi грэблiвай, сачыла за тым, як сын бярэ загарэлай лапкай цукат, насцярожана кладзе ў рот.

Тое, што першае трапiла на язык, спадабалася Алесю: цукар, якi часам прывозiлi дзецям i ў Азярышча. Але далей зубы ўлезлi ў нешта вязкае, — груша i не груша, — нечаканае i таму гiдкае.

Ён выплюнуў пад стол.

— Нясмачныя твае… марцыпаны.

Бацькаў твар спахмурнеў, бо на матчыных вачах выступiлi слёзы.

— Ты не маеш рацыi, Антанiда, — сказаў ён. — Я шчаслiвы за хлопца. У яго сяброў страўнiк ужо цяпер назаўсёды сапсуты ласункамi. А гэты будзе, калi спатрэбiцца, варыць жалеза. Быстраногi, спрытны, здаровы. Трэба ж камусьцi цягнуць па зямлi род наступнае тысячагоддзе.

I ён, прыцягнуўшы жонку да сябе, пацалаваў яе ў скронь.

— Аh, Gеоrgеs, — сказала яна, — часам ты такi, што я пачынаю вельмi, вельмi любiць цябе.

Бацька ўстаў:

— Пойдзем, сыне. Буду табе ўсё паказваць. А вы заставайцеся тут, пан Адам. Сёння дакладаў не будзе нi ў вас, нi ў галоўнага аканома. Пасядзiце тут з жонкай, папiце кавы… Дарэчы, пенсiю атрымаеце праз тыдзень, за ўсе тры месяцы.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)