Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
— Але ж у мяне няма дзяцей, — непаразумела кажа Выбiцкi. — Зусiм няма. Бяры.
— Ну, тады ўжо давайце.
Пан Выбiцкi са скрухаю кiвае галавою. «Мужычок, зусiм мужычок. I гэта сын загоршчынскага князя. Спадкаемца амаль дваццацi дзевяцi тысяч сем'яў, калi прыйдзе час. Дурны звычай!»
Выбiцкаму да слёз шкада хлапчука.
Так яны едуць i едуць. А вакол рунь, рунь i рунь.
…Пан Адам Выбiцкi яшчэ шэсць год назад ледзь не памiраў з голаду разам з бацькамi. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такiх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час.
…Нават год яго нараджэння быў годам чорнага недароду. А потым пайшло i пайшло. Чатыры галодныя гады, з дваццатага па дваццаць чацвёрты. Год адпачынку. А потым пяць год страшнай пошасцi на худобу, калi па ўсiм Прыдняпроўi ледзь засталася дзесятая частка коней i iншай худобы. Каб не кончыцца наглай смерцю, давялося прадаць восем дзесяцiн зямлi з дзесяцi. Ды i апошнюю няма чым было абнасенiць, i яна зарастала гiрсаю, i асотам, i, ад вялiкай кiслаты, хвашчом. У дваццаць чатыры гады Адаму было ўжо так, што хоць у кавалкi iдзi. Тут яго i падабраў Юры Загорскi. Аканомам хлопца прызначаць было рана, i таму пан зрабiў яго чымсьцi накшталт фактара i перакупшчыка, з пенсiяй трыццаць рублёў месячных ды яшчэ з панскiм жыллём, вопраткай i ежай. З таго часу Выбiцкi ног пад сабою ад радасцi не адчуваў.
Фактар з яго быў нявопытны, але рухавы i, галоўнае, бездакорна сумленны, капейкi пад ногаць не зацiсне. I таму Загорскi прывык да яго i адпускаць не хацеў.
I вось зараз яны ехалi ў панскiм кабрыялеце, белы, як апошнi мужык, шэравокi панiч i Выбiцкi, гарбаносы i кашчавы, ушчэнт спалены сонцам, але са старанна дагледжанымi вусiкамi. Ехалi моўчкi, насцярожаныя адзiн да аднаго.
— Што ж, цi падабалася там панiчу? — спытаў нарэшце Выбiцкi.
— Вельмi.
— То ж бачыў я, што тая хлопка так плакала, быццам роднага сына за свет вязуць.
— Яна не хлопка. Яна Марыля, другая мацi мне.
Пан Адам пакруцiў галавою.
— За што ж гэта вы iх так паважаеце, панiч?
— Бо яны працуюць, як Адам i Ева, — завучана сказаў хлопец. — Аруць зямлю i прадуць лён.
Выбiцкi ўздыхнуў:
— Э-эх, панiч. Прайшоў той час, калi на зямлi былi толькi Адам i Эва. Прайшоў i не вернецца. Цяпер над Адамам i Эвай цар, потым губернатар, потым ваш ойцец, а потым я, паўпанак.
На вуснах яго з'явiлася iранiчная ўсмешка.
— А яны з усiх нас пасмейваюцца, бо нiчога больш не могуць зрабiць. Пра цара не чуў, а губернатара, як яны кажуць, кулагай аблiлi. Князь, па iхняму прыслоўю, «лярва, хоць i ў барве». А я, наогул, «цi пан сам пан, цi пан у пана служыць?». «На назе бот рыпiць, а ў гаршку трасца кiпiць». Так што нiколi вам, панiч, не быць мужыком, а мужыку не быць панам. I таму час вам забыць аб тым, што вы гулялi з хлопскiмi дзецьмi ў цыркi[9]. Час вучыцца панаваць… Нiколi iм, на жаль, не быць вольнымі, як старапольская шляхта. Заўсёды над iмi будзе прыгон. Чалавек гэта такая халера што прыдумае…
— А белае жарабя? — спытаў Алесь i схаладнеў ад самага нутра, бо зразумеў, што ледзь не ляпнуў лiшняе.
— Якое белае жарабя? — спытаў пан Адам, уважна гледзячы на Алеся.
— Камень унь у яры, — няспрытна выкруцiўся Алесь. — Ляжыць у траве, як белае жарабя.
— А-а, — сказаў абыякава Выбiцкi. — Дык гэта, панiч, хутчэй на белую авечку падобна…
Вочы ягоныя амаль зусiм непрыкметна смяялiся.
— Дык, значыць, вучылi вас там, панiч?
— Вучылi.
— То i добра. Прынамсi, не зблытаеце льну з пшанiцай.
Абодва зноў маўчалi. Цёплы ветрык павяваў у твары, кабрыялет мякка пагойдвала. Пасля амаль бяссоннай ночы Алеся хiлiла ў сон, i ўрэшце ён задрамаў…
…Не было ўжо нi рунi, нi жаўранкаў над ёю, нi сонца. Была ноч, i туман, i доўгiя конскiя шыi над белым возерам. Як тады, у начлежнай няпэўнай дрымоце, ён падступаў траха не да ног, гэты туман, i з туману паступова вырасталі, выходзiлi на ўзгорак, як на бераг, дзiўнай прыгажосцi белыя коні. Маўклiвыя белыя конi, якiя павольна перабiралi нагамi. Ён адзiн ляжаў ля напалову згаслага вогнiшча, а конi стаялi вакол яго i часта, пяшчотна схiлялi да яго галовы i дыхалi цёплым i харошым, а iхнiя вочы былi такiя глыбокiя i такiя добрыя, якiя бываюць толькi ў чалавечай мацi, калi яна глядзiць на дзiця… Конi стаялi i журботна, ласкава глядзелi на яго, а памiж iмi стаяла яшчэ мокрае белае жарабя са смешным тоўстым хвастом… I гэта было такое незразумелае шчасце, што Алесь ледзь не заплакаў. А малочны туман збягаў з зямлi, як вада, i ўсюдых былi белыя… белыя… белыя конi…
…У сне ён адчуў, што нешта змянiлася, што кабрыялет стаiць, i прачнуўся ад няяснай трывогi.
9
Гульня накшталт бабак.