Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 154
Перейти на страницу:

— Што вы, князь, — пачырванеў Выбiцкi. — I так бардзо задоволёны. Што мне трэба, я адзiн.

— Ну то i добра… Пойдзем, Алесь… Што спачатку, сады або дом?

З Алеся было ўжо досыць дома. Трэба было хаця на кароткi час ратавацца. I таму ён сказаў:

— Сады.

Яны спусцiлiся з тэрасы на круг гонару i заглыбiлiся ў адну з радыяльных алей. Толькi тут Алесь адчуў сябе лепей, бо ўсё вакол было знаёмае: дрэвы, трава ля iхнiх каранёў, жвiр пад нагамi.

Некаторы час iшлi моўчкi. Потым бацька, неяк нават вiнавата, сказаў:

— Ты любi яе, Алесь… Любi, як я… Яна мацi табе… Ты не глядзi, што яна строгая… Яна, брат, добрая.

I яго праставаты прыгожы твар быў такi незвычайны, што Алесь апусцiў вочы:

— Буду яе любiць… Што ж, калi ўжо так атрымалася.

Бацька павесялеў.

— Ну вось, вось i добра… Ты не думай. Вось прыйдзе дзень пастрыжэння ў юнакi. Да гэтага дня будуць цябе, брат, шлiфаваць… з пяском, каб не пляваўся… марцыпанамi. А потым, калi толькi захочаш, будзеш ездзiць i да Кагутоў, i ў суседнiя дамы. Я цябе абмяжоўваць не хачу, не буду. Расцi, як трава, як бог загадаў. Гэта лепш… Каня табе падару — дык да Азярышча зусiм блiзка будзе, нейкiх дзесяць вёрст. I помнi: ты тут гаспадар, як я. Загадвай. Прывучайся. Я думаю, будзем сябрамi… А за Кагутоў не бойся, будзе iм добра.

— Я i цябе буду любiць… бацька.

— Ну вось i добра, брат. Хадзем.

Алея вывела iх праз парк i пладовы сад да доўгiх шэрых будынкаў пад чарапiцай. Будынкi абкружаў глыбокi роў, зарослы лопухамі i гускай. Пад iх узнятымi парасончыкамi бруiлася вада. Пад'ёмны масток ляжаў над ровам.

— Тут псярня i стайнi, — сказаў бацька.

На манежнай пляцоўцы ганялi на кордзе коней. Англiчанiн-жакей, даўгазубы i спакойны, як статуя, стаяў на ўзбочыне, паляскваючы лёсачкай па лакавым чобаце. Непарушна прытаiўся з бацькам за руку.

— Што новага, пан Крэбс?

— Гэты народ… — англiчанiн адвёў убок сiгару, зацiснутую памiж простымі, як алоўкi, пальцамі, — яму б ездзiць па-цыганску, без усякi закон… Сёння засеклася Б'янка.

— Можа, яно i лепей, — сказаў бацька, — я заўсёды гаварыў вам, што трэба рыхтаваць на скачкi Змея.

— О, но! — запратэставаў англiчанiн. — Но, Змей! Склад Змея не ёсць адпаведны склад. Паглядзiце на яго бабкi. Паглядзiце — Меры яго мацi, — паглядзiце на яе калмыцкую грудастасць i бадай вiслазадасць. Но, но!

З манежа збiралiся да iх конюхi. Старшы конюх, Змiцер, абпалены сонцам да таго, што скура лупiлася на носе, як на маладой бульбе, зняў шапку.

— Накрыйся, — сказаў бацька. — Ведаеш — не люблю.

Змiцер няшчыра ўздыхнуў, накрыўся.

— I не ўздыхай, — сказаў бацька, — не падлiзвайся. Чуе кошка… Было табе загадана бiнтаваць Б'янку цi не?

— О Змiцер, бестыя Змiцер, — сказаў англiчанiн, — хiтры азiят Змiцер. Яны ўсе ў змове, яны не хацелi Б'янкi, яны хацелi выпусцiць мясцовага дрыкганта… зусiм як сам пан-князь Загорскi.

Бацькавы вочы няўлоўна смяялiся, вельмi сiнiя i прастадушна хiтрыя, як у маладога чорта.

— Што ж зробiш, мiстэр Крэбс. Тут ужо нiчога не зробiш. Вiдаць, будзем выпускаць на скачкi трохгодак Змея, Чаркеса i Мамелюка.

I раўнуў на Змiтра:

— Яшчэ раз гэткае — не пашлю купляць коней. Кувай сабе ў Загоршчыне!

Уздыхнуў:

— Падбяры для панiча кабылку з больш цiхмяных i жарабца.

— Глорыю хiба? — спытаў Змiцер.

— Каб галаву скруцiў?

— Што вы, пане, не ведаеце, як ездзяць мужыцкiя дзецi? Яны з хваста на каня ўзлятаюць, чэрцi… каб брыкнуць не паспела.

— А мне не трэба, — сказаў пан Юры. — Мне трэба, каб ён за якi месяц навучыўся ездзiць прыгожа, а не па-халопску. Потым дамо i сапраўднага жарабца.

— Добра, — сказаў Змiцер i пайшоў у стайнi.

Алесь глянуў на англiчанiна i нечакана заўважыў, што вочы яго смяюцца.

— То гэта малады князь? — спытаў англiчанiн. — Будучы гаспадар?

— Але, — сказаў бацька.

— Новы мятла будзе месцi па-новаму, — сказаў Крэбс. — Крэбс пойдзе адсюль разам з веданнем коней i свавольнасцю. Га?

— Можна мне сказаць, бацька? — спытаў Алесь.

— Кажы.

— Вам не трэба будзе iсцi адсюль, пан Крэбс. Вы харошы. Вы застанецеся тут, i я вам буду больш плацiць.

Бацька ўсмiхнуўся. Халодныя вочы Крэбса пацяплелi.

— Гуд бой, — сказаў ён. — Тады i я буду рабiць малады пан добра. Я навучу пан ездзiць, як малады лорд з найлепшых фамiлiй. — I, глянуўшы на пана Юрыя, дадаў: — I ён нiколi не будзе прымушаць састарэлага ўжо тады Крэбса рабiць супраць сумлення… i падманваць яго. А Крэбс зробiць, каб трохгодкi пана былi лепшыя нават у Пецярбурзе.

Засаромлены бацька адвёў вочы:

— Вам не давядзецца чакаць, пан Крэбс. Я павялiчваю вам пенсiю ўдвая.

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)