Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 183 184 185 186 187 188 189 190 191 ... 229
Перейти на страницу:

Зь беларускай мовай усё якраз склалася наадварот. Выкладаў яе суровы, рэзкі Андрэй Дзям’янавіч Курчанка, кульгавы ад нараджэньня. Яго ўсе баяліся, асабліва дзяўчаты. Можа з тае прычыны я ня мог дазволіць сабе ня выканаць хатняга заданьня, ня вывучыць урок. Затое выклікаў ён мяне рэдка, і як толькі я пачынаў адказваць, саджаў на месца і ставіў «выдатна». Іншай адзнакі за гады вучобы ў Кублічах па беларускай мове і літаратуры я ня меў.

Зусім іншае было з матэматыкай. Можа таму, што выкладаў яе чалавек, былы завочнік пэдінстытуту, які сам бясконца блытаўся ў алгебры каля дошкі. А можа, была тут мая віна. Справа ў тым, што кожную хвіліну я чытаў кніжкі. Чытаў на ўроках, калі можна было. На матэматыцы было можна, бо настаўнік рэдка адрываўся ад сваіх канспэктаў

і дошкі, і, вядома, ягоных тлумачэньняў я ня слухаў, аддаўшыся прыгодам Жуль Вэрна ці Вальтэра Скота. Таму па алгебры ў мяне заўсёды было «пасрэдна», як па астатніх прадметах «выдатна». Аднойчы ў канцы паўгодзьдзя дырэктар выклікае і пытаецца: «У чым справа, Быкаў, чаму ў цябе па алгебры скрозь „пасрэдна“? Хацелі цябе залічыць у выдатнікі, ды як з „пасрэдна“ залічыш?».

Што праўда, то праўда — цераз тое «пасрэдна» я не пераступіў ні тады, ні празь некалькі гадоў.

У той год, як хварэў і не хадзіў у школу, недзе знайшоў старую, яшчэ дарэвалюцыйнага выданьня кніжку Ж. Вэрна «З гарматы на месяц». Чамусьці мне здалося, што пабеларуску гэтая кніжка ня выдадзена, бо ня мае перакладу. І некалькі тыдняў я сядзеў над перакладам, сьпісаў дзясятак вучнёўскіх сшыткаў. А пасьля паслаў ліст у «Піянэр Беларусі» з пытаньнем, куды мне паслаць пераклад. Атрымаў адказ з тлумачэньнем, што калі ёсьць тэкст расейскі, то навошта беларускі, у нас вывучаюць расейскую мову, таму прачытаюць і па-расейску. Што ж, можа і так, падумаў я, і тыя сшыткі пакрысе пусьціў на хатнія патрэбы.

Поруч з расейскай літаратурай, вядома, захапляла беларуская. Найперш у тыя гады дзяцінства аповесьці Янкі Маўра «Палескія рабінзоны», «Сын вады», «Амок». Але таксама і кніжкі нядаўніх і будучых «нацдэмаў» Міхася Зарэцкага, Васіля Каваля, а таксама Міхася Лынькова. Паэзія цікавіла менш, апроч хіба «Новай Зямлі» Я. Коласа, якая добра чыталася, як складная проза ці што. З прычыны майго «запойнага» чытаньня я ня меў клопату і з мовай — амаль без памылак пісаў дыктанты і сачыненьні. У старэйшых клясах сядзеў на адной парце з Шуркам Андрэйчыкам, які быў даволі слабаваты па мовах, затое добра петрыў у матэматыцы. І мы ўтварылі зь ім адметную каапэрацыю: на мовах ён бязбожна сьпісваў у мяне, а на матэматыцы — я ў яго. Настаўнікі, мабыць, бачылі тое, але неяк заплюшчвалі вочы. То і дзякуй ім.

Зрэшты, настала пара, калі настаўнікам стала не да вучняў. У Кублічах разьмяшчалася пагранкамэндатура, самая вялікая мураванка ў цэнтры мястэчка была занята пагранічнікамі, каля школы была стайня і вайсковы цір, у якім часьцяком бахалі такія прыцягальныя для вучняў стрэлы. Але ішлі рэпрэсіі. Арыштавалі аднаго капітана, мужа нашай настаўніцы Акулавай, пасьля інтэнданта камэндатуры (казалі, за шкодніцтва і плот, які ён пабудаваў [і які] паваліў вецер у буру). Пасадзілі нашага дырэктара (таго, што купіў мне чаравікі). Прозьвішча яго было Карчэўскі. (Гэта за тое, што абразіў бюст Леніна ў ДСК, а наша вучаніца Голда Меерсон убачыла і даказала.) Пасадзілі шмат каго з навакольных вёсак, у тым ліку і нашай: Бобрык[a], Азевіча, Барыса Быкава, Лявіцкага, Альхімоўскага і іншых. Бацька таксама кожную ноч чакаў арышту — за матку, у якой былі родзічы па той бок польскай граніцы. Але бацьку неяк бярог Бог. Ці, можа, Назараў Кузьма, наш вясковец, прымак з былых чырвонаармейцаў, які ажаніўся з адной мясцовай жанчынай. Ён быў расеец, актывіст, і, вядома, меў дружбу з пагранічнікамі і мясцовымі гэпэушнікамі. А іх вушацкі начальнік Перацяцькін некалькі разоў начаваў у яго, піў гарэлку, там яны абмяркоўвалі, каго можна ўзяць яшчэ. І бралі. Ніхто з узятых тады не вярнуўся, хоць усе рэабілітаваныя пасьля 1956 году.

Крыху раней да тых масавых рэпрэсіяў мы назіралі незвычайную зьяву — масавы пераход мяжы з Польшчы. Ішла ў асноўным моладзь, хлопцы з гармонікам. Ранічкай, ідучы ў школу, мы бачылі, як іх вялі з пагранзаставы каля Лісічана ў Кублічы. Хлопцы былі вясёлыя, добра апранутыя, у ботах, весела віталіся з намі. А пасьля заняткаў, ідучы дадому, часам мы зноў бачылі іх — на санях ці нават у кузавах палутарак, як іх везьлі пасьля допыту далей, у Полацак. Тады ўжо выгляд іхні быў іншы, ніхто не ўсьміхаўся! Сядзелі, паныла зьвесіўшы галовы, часам зь сінякамі на тварах.

1 ... 183 184 185 186 187 188 189 190 191 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)