Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 182 183 184 185 186 187 188 189 190 ... 229
Перейти на страницу:

Характару ён быў не крутога, але зь дзецьмі абыходзіўся строга (прынамсі, мне так здавалася, можа, у параўнаньні зь мяккай маці). А ўвогуле, усё жыцьцё біўся як рыба аб лёд, і толькі на старасьці дажыўся да ладу і казаў, што хлеба даволі, ёсьць і да хлеба, і нейкая апратка — калі такое было? Толькі жыць ды жыць.

Але менавіта ў такую пару і прыйшоў канец. Памёр у 1966 годзе на дзень Сталінскай Канстытуцыі 5 сьнежня пасьля доўгай і цяжкой хваробы на расьсеяны скляроз.

Урэшце, я другі раз скончыў чацьвёртую клясу ў Двары-Слабодцы, далей трэба было падавацца ў Кублічы, дзе ўжо вучыліся мае сябры-аднавяскоўцы. Кепска — не было абутку. Сандалікі, што я насіў летась, сталі малыя і ня лезьлі на ступні. Тады бацька прыстасаваў іх арыгінальным спосабам: разрэзаў і надшыў заднікі. (Пята, праўда, не зьмяшчалася на падэшве, але тое не бяда.) Так я ў тых сандаліках дахадзіў да зімы. А зімой здарылася бяда: на лесанарыхтоўках у Пад’язеньні захварэў на тыфус бацька, паклалі яго ў бальніцу ва Ушачы. Дома не было дроў, каб згатаваць страву, трэба было ісьці ў лес, сьсекчы алешыну, прыцягнуць яе, насекчы. Гэта ўжо быў мой абавязак, часам дапамагаў Валодзя Галавач, мілы хлопец, старэйшы за мяне на тры гады, малодшы сын найдабрэйшай цёткі Анапкі. У лес і ў школу хадзіў я ў апорках, здаецца, гэткі адзін у клясе. Неяк на перапынку кліча мяне дырэктар і кажа: ідзі ў сяльмаг і выберы сабе чаравікі. Скажы, дырэктар прыслаў. Пайшоў, выбраў, а пасьля заняткаў дырэктар мне ўручыў новенькія, пахучыя чаравічкі, на якія я ня мог нарадавацца. Ідучы цераз Сатавізну дадому, дома таксама. Маці заплакала ад радасьці… Скураны пах тых чаравікаў я чую дагэтуль — такі ён мне быў мілы.

З абуткам ды й вопраткай была пастаянна нявыкрутка: то не было чаго купіць у сяльмагу, то не было за што. Кожны год у канцы лета, як трэба было зьбірацца ў школу, мама бедавала: у што апрануць дзяцей? Памятаю, аднойчы пашыла мне кашулю зь белых жаночых хусьцінак у кропачку. Але неяк не хапіла, і на грудзях трапіў шлячок, які выдаваў паходжаньне маёй кашулькі, ад чаго давялося дужа перажываць.

А з абуткам… Ледзь ня кожнага дня на золаку ўранку чуў я праз сон, як бацька пры газьніцы то падбівае, то зашывае мае чаравічкі, што дашчэнту ірваліся. Усё ж тры кілямэтры па макрэдзі, у сьнезе, цераз балота, па гразі. І кожны дзень. Неяк памарозіў пальцы на нагах, тыдзень ня мог абуцца. Зноў жа прастуды, кашаль. Асабліва дапякаў начны кашаль, які трывожыў бацькоў. Бацька звычайна бурчэў: казаў, не мачы ногі, ня йдзі праз аселіцу… Дык не! Неслух ты, Васька, цяпер во кашляй…

Той ранішні плач маці быў сімвалічным знакам, вяхой на мяжы дзьвюх эпох. З калгасамі пачалася эпоха нечуванай нэндзы, бясхлеб’я, прымусу. Мы былі малыя, а бацькі рабілі ў калгасе штодня — за палачкі, вядома. Увосень пры канчатковым разьмеркаваньні бацька пойдзе па зароблены за год хлеб і прынясе гэты свой заробак у торбачцы на плячы. Канешне, выручаў агарод, бульбачка, кароўка. Але ж і з агароду трэба было здаць бульбу, а таксама малако, воўну, яйкі, сплаціць страхоўку, падатак, пазыку. Дзе браць грошы?

У нас валютнай крыніцай былі курачкі — дзесяць рабенькіх, якія чымсьці карміліся і неяк несьліся. Маці [яйкі] зьбірала. Як зьбіралася дзясяткі тры-чатыры, бацька ў нядзелю раненька ішоў за 18 кілямэтраў у Вушачу і прадаваў: там было даражэй, чым у Кублічах, усё ж райцэнтар. Здаецца, цана была такая: 3 рублі за дзясятак. Во з гэтай валюты і сплочвалі ўсе абавязкі, куплялі соль, газу. Вясной перад Вялікаднем бацька купляў сабе чацьвярцінку гарэлкі, палову выпіваў на сьвяты сьняданак, а другую пакідаў на Каляды. Такое было стаўленьне да алкаголю.

Бадай, кожнай вясны да Вялікадня канчаліся хлеб і бульба, пачыналася пара траўнікаў — жахлівых коржыкаў зь лебяды і крапівы. І так аж да жніўня, калі дасьпявала бульба ў агародзе і пачыналі жаць ячмень — на крупы. Жахлівая пара на 7 гадоў — да самай вайны.

Улетку напярэдадні пятай клясы пачуў ад старэйшых, што ў Кубліцкую школу прыехала дужа сімпатычная настаўніца расейскай мовы. Увосень давялося пазнаёміцца зь ёй. Гэта сапраўды была маладая ўсьмешыстая Клаўдзя Якаўлеўна Пашута. Неяк так здарылася, ужо хлопцы-пяціклясьнікі дужа палюбілі яе, а яна нас таксама. (Чаго нельга, зрэшты, сказаць пра нашых дзяўчынак.) Зь пятай [клясы] ўсе наступныя гады прайшлі ў атмасфэры тае ўлюбёнасьці ў гэтую настаўніцу, ды і яна неяк не па-настаўніцку выказвала сваю прыхільнасьць. Вядома, я па-расейску вучыўся выдатна, можа таму яна заўжды ласкава адносілася да мяне — бывала, падыдзе, пакладзе руку на мае валасы, далікатна пагладзіць. Канешне, было страшэнна няёмка, амаль сорамна, але і радасна. І хто ведае, што болей значыла ў лёсе падлетка — тая яе навука па расейскай мове і літаратуры ці проста надта чалавечае, мацярынскае ці сястрынскае стаўленьне да яго…

1 ... 182 183 184 185 186 187 188 189 190 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)