Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Не ведаю, — знарок абыякава сказаў Агееў. — Не цікавіўся.
— Не цікавіліся? І дарма. Вось вы пагутарыце як-небудзь.
— Як жа пагутарыш, калі яе няма? Ужо другі тыдзень.
— Гэта кепска. Нам яна таксама патрэбна. Нам яна нават неабходна. Але куды яна прапала? Вам не казала? — запытаў Кавешка і зноў знерухомеў, поўны ўвагі.
— Не, не казала.
— Да, вось дык праблема, — госць зноў задуменна пастукаў па стале худымі косткамі пальцаў. — Ведаеце што? Яна павінна азвацца. Не можа таго быць, каб не азвалася. Так што вы неадкладна паведаміце.
— Гэта куды? — запытаў Агееў. — Ва ўправу ці ў паліцыю?
Кавешка хітра прыжмурыўся.
— Не ведаеце? Які вы, аднак, непанятлівы, на самай справе. Пры чым тут управа?
— Дык вы ж ва ўправе робіце?
— Гэта, баценька, няважна, дзе я раблю. А паведаміць трэба ў эсдэ. У памяшканні былой міліцыі.
— А Драздзенка? — не мог чагосьці зразумець Агееў.
— Не турбуйцеся, пане. Драздзенку мы растлумачым.
— Во як! — здзівіўся Агееў, падумаўшы: чорта лысага вы ад мяне дачакаецеся. І вы з вашай эсдэ, і Драздзенка таксама.
Ён моўчкі праводзіў госця з падворка і той, відаць, апанураны ад нейкай няўдачы (можа, адсутнасцю Бараноўскай), суха кіўнуў на развітанне і борздзенька патупаў па вуліцы. Агееў яшчэ пастаяў нядоўга, адчуваючы, як дзесь унутры ў ім узнімаецца злосная хваля — ад яго бяссілля, міжвольнай пакорлівасці, вымушанай падначаленасці. І каму? Яны ўжо звязалі яго і з СД — паліцыі ім аказалася мала. І вось змушаюць — упарта і настойліва — на пэўную здраду цяпер ужо ў адносінах да Бараноўскай. Хаця з Бараноўскай ён не мог ім ні памагчы, ні нашкодзіць, ён сам нічога пра яе не ведаў. Але як бы не пранюхалі пра Марыю! Праўда, падобна было на тое, што Марыя іх пакуль не цікавіла, можа, не зацікавіць і далей? Знікла, ну, і бог з ёй, мабыць, у іх ёсць справы больш пільныя. Хіба што выпадкам, пільнуючы Бараноўскую, могуць наткнуцца на Марыю, тады пэўна ўжо ім не паздаровіцца абедзвюм. Агееў прайшоў па сцежцы ў гарод, агледзеў сад, быццам там мог хавацца другі Кавешка, і нетаропка вярнуўся на кухню. Марыі, вядома, тут прастыў ужо і след, напэўна, забілася на гарышча, і ён, накінуўшы на прабой кручок, таксама палез туды. Устрывожаная, Марыя сядзела на кукішках у цёмным кутку за куфрам.
— Пайшоў, не бойся…
Яна з палёгкаю выбралася на больш вольнае месца, страсянула ад пылу падол сарафаніка. Сляды страху і трывогі ўсё тлелі ў яе насцярожаным позірку, увага была скіравана на слых. Але, здаецца, навокал было ціха.
— Што ён — пра мяне пытаўся?
— Пра Бараноўскую, — ціха сказаў Агееў. — Чамусьці ім Бараноўская спатрэбілася.
— Вярбуюць, напэўна, — проста сказала Марыя, і ён насцярожыўся.
— Вярбуюць? А навошта ім яе вербаваць?
— А яны цяпер усіх вярбуюць. Амаль пагалоўна. Каб пасля выбіраць. Хто патрэбны.
Абое яны спыніліся абапал дахавага акна, пазіраючы ў яго цьмянае, з павуціннем шкло і слухаючы несціханы шум ветру над дахам. Марыя з гідлівай грымасай на няўсмешлівым цяпер твары няўцямна круціла вялікі гузік свайго жакета.
— Гэты Драздзенка і мяне хацеў… Падпісачку трэбаваў…
— Во як! — вырвалася ў Агеева.
— А вы думалі! — Марыя вінавата ўсміхнулася.
— Ну і што ж ты?
— А я во яму! — паказала яна маленькі, туга сціснуты кулачок. — Каб на сваіх даносіць? Аўчаркай нямецкай стаць! Не, гэтага яны ад мяне не даб’юцца.
Агееў адышоўся ад акна і прысеў на куфар — доўга стаяць не давала нага, якая сёння зранку ныла рупным застарэлым болем. З ціхай зайздрасцю падумаў ён пра Марыю: вось жа пашэнціла неяк выкруціцца з ярма, што не дадзена было яму, — не сумеў, не змог, пабаяўся, можа. Праўда, становішча ў іх было рознае, яна як дзяўчына магла тут дзе хочаш схавацца, а дзе б мог схавацца ён? Напэўна, хуценька апынуўся б у шталагу для палонных, што было для яго аднолькава роўна з пагібеллю.
— Што ж мы будзем рабіць, Марыя? — запытаўся ён бадай што разгублена. Становішча іх усё ўскладнялася, а выйсця не было па-ранейшаму. Заставалася чакаць, але ж дачакацца можна было і горшага. Патраціць час, прамарудзіць, згубіць апошні свой шанц, калі ўжо цяжка будзе што-небудзь паправіць.
— Не ведаю, — ціха сказала Марыя.
Цепнуўшы худым плечуком, яна прысланілася да падаконніка дахавага акна, сумна паглядзела праз мутнае шкло. Яна, вядома, не ведала. Зрэшты, ён і не чакаў ад яе іншага адказу, выдатна разумеючы, што ў такой справе павінен шукаць выйсця сам — як старэйшы, больш вопытны і, напэўна, з большымі ў гэтым сэнсе магчымасцямі. Але бяда ў тым, што ён таксама не ведаў.
— Ладна, пабачым. Толькі сядзі тут, нікуды не вытыркайся. Калі што, я буду ўнізе.