Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— І рэпрадукцыя ўдалая, — сказала, прыгледзеўшыся, Марыя. — Некалі любіла зімовыя пейзажы… Ну, ды ладна, давайце за стол, будзем есці.
— Ну і ну! — сказаў Агееў, здзіўлены і азадачаны. — Во гэта гаспадыня! Што толькі скажа нам цётка Бараноўская?
— Анічога не скажа! — лёгка кінула Марыя, таксама сядаючы за стол насупраць. — У мяне з цёткай Бараноўскай лады. Яна слаўная жанчына.
— Пападдзя, — жартам сказаў Агееў.
— Ну і што ж! — акругліла Марыя жвавыя вочы. — Ну і што ж, што пападдзя? Пападдзя па мужу, а так яна народная настаўніца. Дарэчы, як і мой бацька.
— А ён што, таксама настаўнічаў?
— Некалі. Даўно. Да таго, як стаў працаваць у акадэміі.
— Акадэмік, значыць?
— Не, не акадэмік. Проста навуковы супрацоўнік, — сказала Марыя і, уздыхнуўшы, загаварыла аб іншым. — Дзе цяпер мая бедная мамачка? Загінула, напэўна.
— Усё можа быць, — сказаў ён. — А бацька што — на фронце?
— Бацькі ўжо няма жывога.
— Памёр?
— Напэўна. У трыццаць сёмым.
Яны ненадоўга змоўклі. Агееў еў хутка, па-салдацку, болей працуючы відэльцам, чым нажом. Дранікі сапраўды былі смакатой. Ён бы з’еў і яшчэ столькі і не ведаў, як быць, калі яна паклала ў яго талерку яшчэ два ў дадатак.
— Не, не! — сказаў ён. — Я ўжо.
— Так і ўжо? З’ешце яшчэ два.
— Ну добра. Дарэчы, будзем на «ты». Згодна?
— Ну, ведаеце… Я неяк не прывыкла. Скажыце лепш, як ваша імя? Калі не ваенная тайна?
Агееў старанна дажаваў дранік, думаючы, як усё ж назвацца Марыі. Напэўна, трэба было ёй штось растлумачыць, але не цяпер жа тлумачыць, і, падумаўшы, ён сказаў:
— Алег.
— Алег? Добрае імя. К хазарам собрался наш вещий Олег, — прадэкламавала яна і ўсміхнулася, пачырванеўшы поўненькімі, з ямачкамі, шчочкамі. Ад яго не схавалася гэтая яе кароценькая збянтэжанасць, і ён раптам нечакана для сябе запытаўся:
— А колькі табе гадоў, Марыя?
— О, многа! — махнула яна рукой і ўскочыла ад стала. — Ужо дваццаць адзін. Старая.
— Да, — сказаў ён. — Дзяўчынка. На шэсць гадоў маладзейшая за мяне.
— Праўда? Гэта вы такі стары?
— Такі стары.
Штосьці лёгкае і дураслівае гатова было ўвайсці ў іх адносіны, калі на пэўны час забываецца рэальнасць і даецца воля ўласцівым іхняму ўзросту звычайным чалавечым пачуццям. Але толькі было гатова, ды не ўвайшло. Агееў змусіў сябе вярнуцца з неба на зямлю — страшную зямлю вайны, на якой іх пільнавала нялёгкае і трэба было ўвесь час сцерагчыся горшага. Тут ужо не да гуляў з гэтай мілай, але ўвогуле, мабыць, даволі бесклапотнай дзяўчынай.
— А вы ўсё рамантуеце? — запытала яна, таропка прыбіраючы посуд.
— Ты, — паправіў ён.
— Ну, так. Ты.
— Рамантую.
— Там многа нанеслі. Багатым будзеце.
— Будзеш.
— Ну, будзеш.
— Багатым не буду, — сказаў ён. — Таму што бясплатна.
— А вы што — сапраўды…
— Ты, — паправіў ён.
— Ты сапраўды шавец?
— У сілу неабходнасці.
— Я так і думала. Камандзір, напэўна? — сказала яна і, прыслухоўваючыся да чагось на двары, што зусім не пачуў ён, заціхла ля расчыненых дзверцаў буфета.
— Што такое?
— Быццам… Ходзіць нехта…
Агееў скочыў ад стала, кіўнуў ёй, і яна, усё зразумеўшы без слоў, кінулася ў кладоўку. Сам ён адшчапіў кручок і нетаропка выйшаў на двор.
На двары, аднак, нідзе не было нікога, толькі шумеў у кляновым голлі напорны вецер; жардзіна, якой ён перагарадзіў уваход у двор, была на сваім месцы. Ён зірнуў цераз яе на вуліцу, але там было пуста, ля паркана насупраць спакойна хадзілі па траве дзве белыя курыцы. Агееў, кульгаючы, вярнуўся на двор і раптам згледзеў у гародзе пад яблыняй чалавека ў чорным паношаным пінжаку. Нагінаючы галаву ад нізкіх сукоў і прытрымліваючы рукой капялюш, той нетаропка выбраўся на двор, надкусіў яблык. Убачыўшы Агеева, салодка заўсміхаўся абвялым зморшчаным тварам.
— А я вось, ведаеце, спакусіўся яблычкам. Яно грэх, канечне, але яблык, ведаеце, грэх не вялікі. Упаўне даравальны, пан Бараноўскі, — лёгка загаварыў яго нядаўні знаёмы Кавешка.
Агееў моўчкі глядзеў на дзікаватага госця, не ведаючы, як размаўляць з ім: жартам, сур’ёзна, запрашаць у хату ці затрымаць тут. Непрыемнае адчуванне ўжо авалодала ім, ён зразумеў, што гэты прыход — не па яблыкі, вядома. І ён прысеў на лаўку пад клёнам, зрабіўшы выгляд, што забалела нага. Кавешка, жуючы яблык, спыніўся насупраць.
— Пагутарыць прыйшоў, — сказаў ён проста і кінуў агрызак. — Няхай пан запросіць у дом.
— Зараз, — сказаў Агееў, бавячы час, каб даць магчымасць Марыі схавацца. — Нага, ведаеце…