Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— А, панятна. Баліць? Канечне, будзе балець. Калі цяжкое раненне…
Яны ўвайшлі на кухню, Агееў пасунуў Кавешку крэсла, сам сеў па той бок насупраць.
— О, тут у вас цеплыня. І пахне! — храшчавым носам Кавешка прагна ўцягнуў у сябе паветра. — Пахне, бы ў харошай кухаркі. Цікава — самі гатуеце?
— Сам, — сказаў Агееў, у душы праклінаючы яго чуйны нюх. Яшчэ палезе шукаць кухарку.
— Гаспадыня не паявілася? — ціхенька запытаў Кавешка і насцярожыўся. Па гэтай яго насцярожанасці Агееў зразумеў, што гаспадыня — не марная яго цікаўнасць.
— Не, яшчэ не, — сказаў Агееў. — А што, вас гаспадыня цікавіць?
— Зусім не. Запытаў проста так. Зусім не цікавіць. Яна ж вам не радзіцельніца? — запытаўся ён і зноў звузіў вострыя вочкі.
— Ну, дапусцім, — сказаў Агееў, раптам прыпамятаўшы сваю першую гутарку з начальнікам паліцыі. Д’ябал іх ведае, як з імі трымацца, з гэтымі служкамі новай улады? Працуюць яны разам ці паасобку? І ў якой меры інфармацыя аднаго даступная другому?..
Кавешка трудна ўздыхнуў, задуменна пастукаў пальцамі па гладкай дошцы стала. Добра, што Марыя паспела прыбраць з яго посуд.
— Бачыце, пан Бараноўскі… — ён трохі памарудзіў, але хутка нешта прыпомніў і працягваў: — Будзем называць вас так. Нам вядома, канечне, што вы не Бараноўскі, але не будзем прыдзірацца. Галоўнае — вы беларусін, і я гэта адчуў адразу…
— Гэта якім чынам? — па-ранейшаму трымаючыся на пэўнай адлегласці ў адносінах, запытаўся Агееў.
— Э, што пытацца. Я, пане, земляка-беларусіна за вярсту чую. Нюхам чую. А вы, выбачайце, хоць і па-расейску гаворыце, але ў кожным вашым слове гучыць беларусін. Старажытная мова, ведаеце, з панскіх часоў, з часоў Вялікага княства. Яе не так проста вынішчыць. Калі расійцы за стагоддзі не вынішчылі…
— А як жа немцы?
— Прабачце — што немцы? Не зразумеў, — адразу наморшчыў абвялы тварык Кавешка.
— Як немцы паставяцца да гэтай мовы?
— Хе-хе, баценька, гэта надта праблематычна, — захіхікаў Кавешка. — Вельмі праблематычна, хе-хе. Але мы выжывем, — раптам цішэй, але са стоеным запалам загаманіў госць. — Мы выжывем. Галоўнае, вынішчыць зло нумар адзін. А пасля…
— Як бы нас саміх не вынішчылі, — не стрымаўся Агееў.
— Не, гэтага не можа быць. Гэтага не павінна быць, — пацягнуўся да яго цераз стол Кавешка. — Немцы культурная нацыя. Зноў жа — сіла хрысціянскай традыцыі. Я доўга жыў сярод іх, ведаю. Я вельмі спадзяюся…
— На іх культуру?
— Так, і на іх культуру.
— Культуру забіваць. Жанчын і дзяцей. І клапоцяцца, каб ежу з сабой узялі. На трое сутак! — раптам гнеўна прарвалася ў Агеева, і ён зараз жа пашкадаваў: знайшоў перад кім выкладацца. Але сказанага не вернеш. Ён думаў, што Кавешка раззлуецца і пачне пагражаць, а той раптам зазначыў з папрокам:
— Дык гэта ж яўрэяў. Трэба разумець.
— А яўрэі не людзі?
— Непаўнацэнная раса, — з націскам сказаў Кавешка. — Яно, можа, і не па-хрысціянску, але… Калі разабрацца, яны нам чужынцы. Яны сапсавалі нашу гісторыю. Яны стагоддзямі расслаблялі дух беларусінаў. Не будзем шкадаваць іх…
— Не будзем шкадаваць мы, не пашкадуюць і нас.
— І не трэба. Не трэба, пан Бараноўскі, нікога шкадаваць! Шкадаванне — патрэбна слабым. Гэта хаця і хрысціянскае пачуццё, але, несумненна, з ліку атавістычных. Не трэба шкадавання! Зараз нам трэба сіла і згуртаванасць. Вядома, пад германскімі сцягамі. Фюрар, ён правадыр арыйцаў, а беларусіны напалову арыйцы. Крывічы, напрыклад. Праўда, некаторая частка надта папсута інародцамі, асабліва татарамі і жыдамі. Але мы людзі сціплыя, радыя і таму, што засталося. Ёсць, ёсць здаровае ядро, з якога разаўецца раса. Трэба толькі спадзявацца на сілу.
— На германскую сілу? — іранічна ўдакладніў Агееў.
Кавешка іроніі не прыняў і, здаецца, нібы ўзрадаваўся падказцы.
— Вось іменна — на германскую. Іншае сілы на зямной кулі цяпер, на жаль, не існуе.
— А раптам знойдзецца, — з упартым пачуццём пратэсту сказаў Агееў і зірнуў у бляклыя вочы госця. У глыбіні іх тлеў, аднак, даволі злосны агеньчык, і Агееў сказаў сабе ў думках: хопіць, так можна дастукацца. Напэўна, штосьці зразумеў і госць — можа, сцяміў, што надта далёка зайшоў у сваёй размове з малазнаёмым чалавекам.
— Ну што ж, прыемна, ведаеце, пагутарыць з разумным і… перакананым чалавекам. Цвёрдасць перакананняў, яна заўжды нешта значыць. Нават і памылковых. Цяпер гэта не часта бывае. Вось і гэта… Ваша гаспадыня, значыць… Бараноўская. Яна ж жанчына цвёрдага погляду?