Сэрца на далоні
- Автор: Шамякин Иван Петрович
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Сэрца на далоні». Краткое содержание книги:
Раман I. Шамякіна «Сэрца на далоні» аб чэсці чалавека — працоўнай і прафесійнай, аб духоўна багатых і прыгожых людзях і аб тых, хто маладушны і подлы. Гэта шматпланавы, шматпраблемны твор, з мноствам сюжэтных ліній, з разнастайнасцю людскіх лёсаў і характараў. Два галоўныя факты — «асэнсаванне чалавечага падзення» мужных людзей і гісторыя кіраўніка падполля, які быў аб'яўлены здраднікам — асноўныя сюжэтныя лініі твора. Дзеянне твора размеркавана па двух планах часу — ваенным і сучасным, а ідэя выяўлена ўжо ў самой назве твора, як бы падкрэсліваючы думку пра неабходнасць гуманнага стаўлення да чалавека. Цяперашняе і мінулае як бы сплятаюцца ў рамане, вырашаючы самыя важныя праблемы жыцця ўсяго грамадства ў пачатку 60-х гадоў: праўда мінулага і сучаснага, адносіны паміж пакаленнямі, чалавек як асоба і іншыя.
— Адкуль табе вядома, што яна з'ехала з-за маёй рэўнасці?
Антон Кузьміч моўчкі дастаў з кішэні пінжака сіні канверт, палажыў на стол.
Спакой здрадзіў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапіла таямнічы канверт, дрыжачымі рукамі выхапіла з яго, як з агню, пісьмо. Спачатку акінула ўвесь тэкст адным ліхаманкавым позіркам, потым, забыўшыся, што муж сочыць за ёй, прачытала скорагаворкай напаўголасу:
«Антон Кузьміч! Як мне звярнуцца да Вас? Дарагі мой таварыш, дарагі чалавек, друг і брат! Вы вярнулі мне жыццё. Якое дзякуй трэба сказаць за адно гэта! Але Вы вярнулі не толькі жыццё. Вы вярнулі мне веру ў людзей, у іх дабрату. У мяне няма слоў, каб выказаць усё тое, што я адчуваю да Вас. Ды і не варта гэта рабіць. Я магла б сказаць, што люблю Вас, а гэта не ўсе могуць зразумець правільна. Дзякуй Вам за ўсё, за ўсё — вось словы, што выходзяць з глыбіні майго сэрца, якое Вы трымалі на далоні. Дзякуй Вам, дарагі Антон Кузьміч!
Нядаўна я даведалася, што з-за мяне ў Вас непрыемнасці ў сям'і. Божа мой! Каб з-за мяне Вы перажывалі, трацілі спакой і цвёрдасць рукі, якая ратуе людзей. Ды лепш я памру! Не, не бойцеся. Я не памру. Цяпер я не памру. Цяпер мне вельмі хочацца жыць, калі я паверыла, убачыла, што навокал многа добрых, сардэчных людзей і свет такі прыгожы. Не турбуйцеся. Не шукайце мяне. Я буду далёка. Можа, пазней я прышлю вестачку. Супакойце Машу. Каб Вы ведалі, як мне цяжка пакідаць усіх вас.
Перадайце прывет Кірылу Васільевічу…
Дзякуй яму за тое, што ён зрабіў для мяне і асабліва для памяці бацькі майго.
Бывайце, добры чалавек. Дазвольце ў думках абняць і пацалаваць Вас.