Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вёска. Нічые. Рэвізія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вёска. Нічые. Рэвізія

Электронная книга - «Вёска. Нічые. Рэвізія». Краткое содержание книги:

Аповесці Нічые, Вёска і раман Рэвізія, што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
1 ... 176 177 178 179 180 181 182 183 184 ... 198
Перейти на страницу:

Ці ўзяць нежывое, ваколіцы — тут увогуле скарб пад нагамі!

Выкраслі план­схему, сінім фламайстрам пакажы на ёй рэчачкі­рачулкі, якія на ніводнай, нават буйнога маштабу, тапаграфічнай карце не пазначаны (а між тым існуюць жа яны, гэтыя рачулкі, і назвы маюць!), зялёным — лясы, жоўтым — палі і палянкі, чорным — тарфянікі, і г.д. Пападпісвай: Майстры, Печкі — іх мо штук пяць і ўсе ў розных месцах, Фальварак, Лапленіца, Вудзелкі, Сухі Лясок, Доўгі Лес, Падляскі, Гарэлае, Асіннікі (тыя самыя, дзе і знаходзіўся ў гэтую хвіліну Трухановіч, дзе акурат пад асінаю ў верасе і ўбачыў шапку першага грыба і цяпер прысеў перад ім і, прымінаючы пальцамі верас, вызваляў крэпкую ножку, каб як мага ніжэй, пры самай зямлі зрэзаць яе, потым слімака скалупнуць з пяшчотна­белага нізу, счысціць сцізорыкам жоўтую кроплю следу яго і асцярожна — не злупіць бы заадно і скурку! — адарваць сухі бярозавы лісток з шапкі, і тады — з гэтым белым знакам — грыб робіцца копіяй тых, штучных, шакаладна­пернікавых грыбкоў, што прадаюцца ў каробцы наборам па пяць штук у кожным мінскім універсаме)…

Крыніца, Копанка, Гравельныя Ямы… Шупікава Кладка, Мікітава Паляна, Ігнатава Пеля… Што за імя такое — Шупік? Чаму ў гонар яго ўвекавечана звычайная кладка?…

Кожная палянка, кожная лясная прасека, кожная вузкая, як стаць, сцяжынка, крынічка, пеля, балотца, брод, кладка — усё мае свае назвы, свае гісторыі, усё да чагосьці ці да кагосьці прывязана, усё гэта — на добры лад — варта было б запісаць, зафіксаваць, па магчымасці расшыфраваць… Не можа быць, каб не прыгадзілася яно, каб прапала нізавошта, — не кажучы ўжо, што гэта такі ж паўнацэнны элемент вуснай творчасці, як і песня, показка, паданне…

І вось цяпер, на восемдзесят гадоў назад сягнуўшы, якую цудоўную магчымасць здзейсніць такую задумку атрымаў Трухановіч! Ды больш ідэльных умоваў, большай нагоды сто год думай — не прыдумаеш. Прасачыць зараджэнне гэтых назваў, зразумець, адкуль што ўзялося… Альбо добра, не будзем перабольшваць — хоць бы наблізіцца да іх разгадкі, пагаварыць з людзьмі, якія маглі ведаць гэтага таямнічага Шупіка, ці Сярбейца, прадзеды якіх маглі жыць на старадаўніх Майстрах… Ды проста больш пільна паўглядацца ў гэтых мурзатых, галапузых дзяцей, што гойсаюць зараз па вёсцы (дзяды яго будучых аднагодкаў!), супаставіць насенне з плодам, пастарацца ўбачыць у іх, на прыкладзе іх «ланцуговую повязь пакаленяў»…

Не толькі людзі, лёсы іхнія, не толькі тапаграфія ваколіцаў — усё іншае таксама ж не менш цікавае. І гаспадарка, і побыт, і прылады працы, якія ён можа памацаць рукамі, на ўласныя вочы ўбачыць, — усё тое, што да ягонага часу не даехала, растрэслася па дарозе, пагублялася, стала экзотыкай і, у лепшым выпадку, пыліцца недзе на гарышчах, ці схавана ў музеях, ці падносіцца нам у выглядзе ілюстрацый на старонках энцыклапедычных выданняў…

…І вось кош ужо адцягвае руку, а грыбоў чым далей у лес, тым болей — яны ж такія стварэнні, што так і лезуць на вочы, калі не шукаеш іх. Знойдзена палянка. Самы час паабедаць. Беларускім шашлыком (вынаходніцтва Трухана). Так гэта робіцца: не баравікі, не іншыя якіясь «высокародныя» грыбы, а звычайныя маладзенькія сыраежкі лупіш, на ражэнчык нанізваеш: сыраежка, кольца цыбулі, скрыдлік сала — і далей у такой жа паслядоўнасці. Тонкія хваёвыя лапкі пад ніз. Таўсцейшыя галіны «піянерскай» пірамідкаю…

І толькі калі падносіў у жмені да сухога нізу трапяткі агеньчык, усё не могучы прывыкнуць, што сернікі, як і соль, і мыла — раскоша, і трэба эканоміць іх, Трухановіч раптам зразумеў, чаму не зрабіў дагэтуль, і хутчэй за ўсё ніколі ўжо не зробіць, не давядзе да толку свайго плану — скласці своеасаблівую кнігу кшталту «Памяці», прысвечаную роднай вёсцы і яе ваколіцам. Да яго дайшло нарэшце, чаму ён усё адкладвае, апраўданняў шукае, усё не бярэцца за гэтую, на чужы розум несумненна карысную справу.

А не робіць ён яе, бо, як і ў выпадку з умяшаннем у гістарычны працэс, яму і не трэба яе рабіць. Бо няма нерушу. Бо і без яго на гэтай дзялянцы ўсё ўжо да такой ступені вытаптана, выкашана, выбіта, што вольнага лапіка не засталося, што проста ступіць няма куды: усе Мікіцішыны Паляны і Дальнія Логі (з дакладнасцю Ведрычавай пародыі) занятыя дзядамі і бабамі, катамі Барсікамі і баранамі Колямі, каровамі Лысухамі і Барсухамі, што ўся гэтая голая факта­біяграфічнасць, мянушкавая абазначальнасць, літаратурная фатаграфія, фальклорна­этнаграфічна­лубковая натура даўным­даўно ператворана ў сумную самамэту, таму і адваджвае запамінаць, выкарыстоўваць, ужываць — злуючы і раздражняючы з аднаго боку, а з другога — закалыхваючы, падманваючы, прымушаючы забываць, што самая незвычайная, самая цікавая, самая рэальна­праўдзівая гісторыя, чалавечая мянушка, тапаграфічная назва, любая іншая самабытная рэдкасць нічога не вартыя самі па сабе. Не тым цікавая палянка, што яна Данілава ці Мікіцішына, а тым, хто на яе ў дадзены момант пазірае, праз чые вочы, розум і душу яна перадаецца.

1 ... 176 177 178 179 180 181 182 183 184 ... 198
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)