Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Новы дамавікамерон - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Новы дамавікамерон

Электронная книга - «Новы дамавікамерон». Краткое содержание книги:

Анёл з'яўляецца з-за паркана. Можа, хто з маіх суседзяў і бачыў, як Анёл выходзіць з пад'езда ці як вылятае са слухавога акенца майстэрні, што некалі належала савецкаму разьбяру, а цяпер — уласнасць нацыянальнага музея. Можа і так. Толькі сапраўдны Анёл уздымаецца з-за жалезабетоннага паркана, на якім напісана чырвонае слова НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ, з-за таго самага плота, што адгароджвае стары двор ад новабудоўлі. Спачатку паказваецца анёльская галава: кудзеры доўгіх светлых валасоў вакол вузкага белага твару з тонкім доўгім носам ды круглымі сінімі вачыма. Потым з'яўляецца шыя з акуратным кадыком і выплываюць плечы, за якімі можна ўбачыць магутныя крылы. Можа, хто з маіх знаёмых і сустракаў Анёла ў залатым плашчы ці ў бліскавічным панцыры мадрыдскага тарэадора. Можа... Але Анёл, які ўздымаецца з будоўлі, носіць яскрава-чырвоны хітон. На Анёле доўгі, колеру артэрыяльнае крыві хітон і болып нічога. Нават зімою, у лютыя маразы, Анёл босы. Зрэшты, Анёл не ходзіць па грэшнай зямлі. Ён лунае, планіруе, лётае. Анёл уздымаецца, узносіцца, творыць урачыстасць. Анёл — лётчык ад Бога.
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 61
Перейти на страницу:

Даўжэзным паўметровым ключом ён прысунуў засаўку на дзвярах сваёй хаты i, схаваўшы ключ за рукамыйнiкам, пашыбаваў праз вёску. Суседзi не любiлi галавастага Чарапашнiка, але "дзень добры" давалi спраўна.

Пакiнуўшы за плячыма высозны, аб’едзены вятрамi, прыдарожны крыж, ён выйшаў да вялiзнага, парослага мохам каменя. Малiтва гучала нядоўга. Чарапашнiк сцiпла папрасiў у валуна дапамогi на першы час, каб паспрыяў упаляваць на сняданак пару-тройку балотных паўзуноў. Валун маўчаў. Чарапашнiк паазiраўся i, не згледзеўшы нiчога падазронага, адзiнаццаць разоў плюнуў на абамшэлы камень. Не чакаючы адказу, ён пашыбаваў па вузенькай сцежцы, што светлым пасам перахоплiвала лог. Перайшоўшы рэчку, Чарапашнiк рушыў уздоўж берага. Iшоў ён шпарка i лёгка, а таму хутка дабраўся да старой, зацягнутай салатнай раскаю завоiны. Пад туркатанне дробных жабак Чарапашнiк скiнуў абутак, падкасаў калашыны i палез у гнiлую ваду. З-пад мулу на паверхню ўсплывалi смуродлiвыя бурбалкi. Пралезшы каля аеравага зараснiку да пачварнага карча, ён выцягнуў з-пад слiзкiх карэнняў алюмiнiевы бiтончык з зашрубаванай накрыўкай i метровы трызубец, зроблены з лыжнай палкi ды сталёвага вiдэльца.

На беразе Чарапашнiк спрытна паабтрасаў з валасатых лытак налiплую раску. Не абуваючыся, ён вярнуўся да крынiчнай рэчкi, дзе скiнуў нагавiцы, выцягнуў пас i падперазаў голы жывот, папярэдне начапiўшы на скураны пас пачарнелы бiтончык. Завязаўшы кашулю высока на грудзях, Чарапашнiк спусцiўся па пясчаным адхоне да вады. Пасвечваючы бялюткiмi клубамi, ён апусцiўся ў сцюдзёную плынь. Вада была неглыбокая, i Чарапашнiк хутка дабрыў да тоўстай нахiленай вярбы, за якой з рэчкаю злiвалася невялiкая ручаiна. Сунучыся па вузкiм, але глыбакаватым раўчуку, Чарапашнiк трапiў на балота.

Ручаiна скончылася раптоўна, схавалася пад дзёран. Чапляючыся за алешыну, Чарапашнiк запоўз на ненадзейны дзёран, якiм зарасло вялiкае багнiстае возера. Дзёран дыхаў, уздрыгваў i торгаўся, нiбыта скура на спiне ў велiзарнага патрывожанага цмока.

Чарапашнiк папоўз памiж танклявымi бярозкамi ў бок нiзкага чэзлага ляска. Там, пры ляску, на купiнах гнездавалiся чарапахi.

Першую ён прыкмецiў у алейных лiсцiках бруснiчнiку. Чарапаха грэла чорны парэпаны панцыр на сонцы, далёка высунуўшы лапкi, хвост i змяiнапысую галаву на танюткай шыйцы. У гэтую змаршчакаватую шыю i пацэлiў трызубцам Чарапашнiк. Трызубец узняў паўзуна ў паветра i прынёс на далонь Чарапашнiку, якi прагна абнюхаў здабычу i схаваў яе ў бiтончык.

Поўзаючы мiж купiнамi, Чарапашнiк лёгка набiў паўзунамi пяцiлiтровы бiтончык пад самую накрыўку. Напаляваўшыся на сваiх улюбёных земнаводных, Чарапашнiк вярнуўся на рэчку да тоўстай старой вярбы, пад якой доўга куляўся ў крынiчных вiрах, змываў палявальную стому.

Таксама на беразе ён расклаў вогнiшча i зварыў чарапахавую юшку, якую пiў проста з бiтончыка. Панцыры Чарапашнiк раздзiраў рукамi i чыста выядаў варанае мяса разам са скурай, са страўнiкам, з нястраўленай травою, з гноем, з вантробамi, з храбусткiм хрыбетнiкам, з чарапнымi костачкамi, з вочкамi, з раздвоеным языком i разам з вострымi лакавымi кiпцюрамi.

Нахарчаваўшыся, Чарапашнiк ляжаў каля вогнiшча, нюхаў дым i глядзеў у пустое зорнае неба. Ён думаў, што спаць не захочацца ажно да прымаразкаў.

01.02.1995

19 — Рэпетытарка

Рэпетытарка макнула касметычны пэндзлiк у залатую фарбу, нахiлiлася да люстэрка i намалявала iскрыстыя колцы вакол вачэй i вуснаў.

— Пасуе мне маска? — размаляваны твар павярнуўся да трынаццацiгадовага вучня.

— Вельмi пасуе. — Хлапечыя шчокi паружавелi.

— Давай i табе намалюю на лобе залатое колца.

— Мужчыны не фарбуюць твараў, — адхiснуўся ад блiскучага пэндзля вучань.

— Прабачце, я зусiм запамятавала пра вашу мужчынскасць. Мужчыны не расфарбоўваюць твараў? Няўжо? А баевiкi ў Iчкерыi не робяць на тварах маскавальных плямiн? А наймiты не чарняць свае пысы, каб не свяцiлiся ў цемрадзi? А блазны?

Вучань маўчаў.

— Не хочаш, як хочаш. Я атрымлiваю грошы не за тое, каб размалёўваць твой лоб, а за тое, каб за лобам былi веды... Ты зрабiў практыкаванне?

— Так. — Хлопец паклаў на трумо вяла-ружовы сшытак.

Чырвоны аловак шпарка заскакаў па радках. Фiялетавае практыкаванне застракацела выпраўленнямi.

— Цяпер мне будзе сорамна браць грошы ў тваёй мацi. З кожным урокам ты горай i горай выконваеш практыкаваннi. Нiбыта я не вучу, а, наадварот, развучваю. Ты ходзiш у сёмы клас, а пiшаш горш за вясковага другакласнiка. I што рабiць? I што казаць тваёй мацi?

Вочы Рэпетытаркi пазiралi на вучня з залатых кругоў.

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 61
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)