Электронная книга - «Новы дамавікамерон». Краткое содержание книги:
Анёл з'яўляецца з-за паркана. Можа, хто з маіх суседзяў і бачыў, як Анёл выходзіць з пад'езда ці як вылятае са слухавога акенца майстэрні, што некалі належала савецкаму разьбяру, а цяпер — уласнасць нацыянальнага музея. Можа і так. Толькі сапраўдны Анёл уздымаецца з-за жалезабетоннага паркана, на якім напісана чырвонае слова НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ, з-за таго самага плота, што адгароджвае стары двор ад новабудоўлі. Спачатку паказваецца анёльская галава: кудзеры доўгіх светлых валасоў вакол вузкага белага твару з тонкім доўгім носам ды круглымі сінімі вачыма. Потым з'яўляецца шыя з акуратным кадыком і выплываюць плечы, за якімі можна ўбачыць магутныя крылы. Можа, хто з маіх знаёмых і сустракаў Анёла ў залатым плашчы ці ў бліскавічным панцыры мадрыдскага тарэадора. Можа... Але Анёл, які ўздымаецца з будоўлі, носіць яскрава-чырвоны хітон. На Анёле доўгі, колеру артэрыяльнае крыві хітон і болып нічога. Нават зімою, у лютыя маразы, Анёл босы. Зрэшты, Анёл не ходзіць па грэшнай зямлі. Ён лунае, планіруе, лётае. Анёл уздымаецца, узносіцца, творыць урачыстасць. Анёл — лётчык ад Бога.
Злотнiк iдзе да каханкi, якая гандлюе духмянымi алеямi. Ноч прысвячаецца экзатычным забаўкам. "Укусi мяне!" — просiць Злотнiк. "Не магу", — уздыхае духмяная каханка. "Кусай нямоцна, за мезенец". Палец засоўваецца ў залатазубы рот. Металёвыя iклы сашчэплiваюцца. Злотнiк салодка стогне. "А цяпер кусай за руку, вось тут — вышэй локця. Мацней, яшчэ мацней... А зараз за шыю, вось там, дзе сонная артэрыя. У цябе выдатныя зубы. Золатка маё. Такiмi зусiм лёгка пракусiць скуру... Кусай. Яшчэ кусай. Загрызi мяне. Хай кроў пойдзе. Хай пацячэ мая апетытная кроў па залатых iклах..." Каханка кусае i кусае Злотнiка за дазволенае i забароненае.
Падрапаны, пакусаны, спатолены i задаволены, ён на золку вяртаецца ў краму, каб раскласцi на вiтрыне новыя рэчы i распачаць золатазварот.