Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Ён ледзьве на кагосьці не наскочыў, у доле спалохана матлянулася ўбок зялёная постаць у касцы, — здалося, без твару, на адной толькі худой кадыкастай шыі; нібы баронячыся, яна ўскінула насустрач локаць. Клімчанка, адчуваючы, што ў магазіне засталося некалькі апошніх патронаў,рукаяткай пісталета, змаху, урэзаў ворага ў тое месца пад каскай, дзе павінна быць скроня, і адразу выразна адчуў — насмерць. Затым са здзічэлай, амаль немагчымай сілаю скочыў цераз яго абвялае цела, прыгінаючыся, сігануў крокі два да завароткі траншэі. Ззаду ўдарылі ў зямлю выбухі — гранаты! Нехта закрычаў: «Братцы! Братцы! Бра…» Крык абарваўся, недзе побач узвіўся другі: «Носке!» і яшчэ: «О, Носке!..» Затым, зрушваючы камяні з бруствера, у траншэю грукнулася нейкае цела. Клімчанка не паспеў азірнуцца, толькі мільганула здагадка, — Косця, — як з траншэйных сцен абапал яго сыпанула зямлёй, нешта востра штурхнула ў плячо. Клімчанка, асеўшы, крутнуўся, і яго вочы на імгненне сустрэліся з замутнелым позіркам Косці. Выпусціўшы аўтамат, ардынарац падаў ніц са скрываўленай шчакой; у шынялі на грудзях чарнела мокрая, ірваная знутры дзірка. Хлопец яшчэ не асеў у дол, як з-за яго спіны на фоне хмарнага неба вынырнуў немец — малады, проставалосы, у расшпіленым мундзіры, са здзічэлым ад жаху позіркам. Клімчанка, адкінуўшыся да сцяны, аслабелай рукой узняў насустрач яму пісталет, але стрэліць, здаецца, не паспеў: штосьці агніста-чорнае нясцерпным болем у галаве пагасіла ягоную свядомасць.
3
Было вельмі сцюдзёна, асабліва мерзла спіна. Лейтэнант унутрана сцяўся, нібы ўтрымліваючы ў сабе рэшткі цяпла, і дробненька тросся ад холаду. Спакою не было, нешта штурхала ў плечы, церла патыліцу, затым стала зразумела, што ён кудысьці сунецца, вопратка на яго спіне загарнулася. Клімчанка расплюшчыў вочы, убачыў перад сабой зямлю; здавалася, ён быў у яме, але чаму тады задраліся ўгору ногі? Ён варухнуў галавой, павярнуўся, спрабуючы затрымацца рукамі ад гэтага няспыннага спаўзання, і ўбачыў нахіленую спіну чалавека, хлясцік з алавяным гузікам і чорны скураны рэмень. Другі гузік у хлясціку быў адарваны, засталося толькі драцянае, залепленае зямлёй вушка, ніжэй якога пацепвалася старэнькая кірзавая сумка. Клімчанка адразу пазнаў яе — гэта была яго сумка, атрыманая яшчэ пры выпуску з вучылішча. Боты лейтэнанта былі заціснуты пад пахамі гэтага чалавека, які, так недарэчна ўпрогшыся, валок яго кудысьці па траншэі.
Зразумеўшы, дзе ён, Клімчанка, трапятнуўся, дрыгнуў нагамі. Немец адразу спыніўся, азірнуўся, — на яго густа зашчаціненым немаладым твары адбілася амаль, што палахлівае здзіўленне; ніжняя засліненая губа адарвалася ад верхняй, і на ёй, коса прыліпшы, дыміў жоўты недакурак цыгарэты.
— Майн гот! — сказаў немец, сустрэўся з Клімчанкавым позіркам і выпусціў яго ногі, якія глуха бразнуліся ў дно траншэі. Затым ён цепнуў губою, варухнуў рэдкімі рудымі бровамі і, чамусьці азірнуўшыся, пачаў знімаць з грудзей аўтамат.
А Клімчанка ўжо зразумеў, што з ім сталася, і ў адно імгненне згадаў: канец!.. У яго не было сілы абараняцца, ён толькі паспрабаваў сесці, бо нечакана спалохаўся ад думкі, што будзе забіты лежачы. Аднак аўтамат у немца быў на кароткім рэмені, чапляўся за каўнер, і салдат, збычыўшы голаў, знімаў яго цераз зімовую казыркатую шапку. Уверсе над ім плылі азызлыя хмары, і калівы быльнёгу на брустверы трапятка ляскаталі ад ветру.