Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
- Автор: Барщевский Ян
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Переводчик: Мікола Хаўстовіч
- Жанр: Ужасы
Электронная книга - «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Краткое содержание книги:
ББК 84(Беи-Пол)-44
Б26
Казалі яшчэ, што калі хто асмеліцца ля гэтага каменя начаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Васіль быў смелы, не баяўся нічога, бо ўжо раз з шатанам, што ехаў на віхоры, вітаўся, як з братам.
Пасля захаду сонца, калі вечаровы змрок ахутаў палеткі, ідзе ён на пагорак і сядае на камень. Хмары закрылі неба, цямнее ў полі, усюды глуха, у лесе, што чарнеўся перад ім, абзываецца сава; Васіль бачыць, як снуюцца перад ім здані, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з сабачымі галовамі і казлінымі нагамі. Васіль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогі і набліжаецца да яго. Гэта быў Марцін.
– Што ты тут робіш? – запытаўся ён з усмешкаю. – Пэўна, скарбы шукаеш?
– Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў мяне на парозе багацця, вырваў з рук маіх шчасце, варта, каб я табе галаву каменем раскроіў.
– Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы. – І, сеўшы ля яго на камені, кажа: – Слухай, Васіль, лепей ідзі дадому. Здароўе, пачцівая праца – гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калі будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.
Угневаны Васіль плюнуў і, мармычучы штосьці, адышоў.
З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя – што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і балоце каля азёраў, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае58. Трэція сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.
Марцін, настойлівы ў сваіх задумах, імкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з ім, але не выпадала. Не асмельваўся ісці да Арынінае хаты, баяўся гасціннасці чараўніцы.
Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам ідуць у карчму, каб там пры гарэлцы пагаманіць, параіцца пра тое ды пра сёе і весела час прабавіць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васілём, ідзе туды і Марцін.
Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налівае гарэлку, ставіць на стол і крэйдаю запісвае на сцяне, умаўляючыся, што калі ўвосень будзе новы хлеб, дык прыедзе да іх, пачастуе гаспадара і гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго ветліва і аддзячаць розным збожжам.
Заходзіць Марцін. Сёй-той рады, што яго ўбачыў. Просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васіля і яго каханую; адны хвалілі Алюту, што добрая дзяўчына і была б добраю жонкаю, калі б выйшла замуж за добрага чалавека, а не за Васіля, які пабратаўся з д’яблам; было колькі п’яных, што і Васіля хвалілі; іншыя ж Васіля, Алюту і Арыну называлі найнягоднейшымі людзьмі.
Калі гэтая спрэчка і шум зацягнуліся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:
– Паслухайце, вы несправядліва гаворыце пра Васіля. Васіль – чалавек добры і акуратны; калі прыйдзе з таварышамі да мяне, дык заўсёды плаціць гатоўкаю, заўсёды мае грошы. А Алюта, ай да Алюта, добрая дзяўчына, апранаецца добра, як паненка, ды і ў Арыны я нічога дрэннага не бачу. Ну і што, калі яна чаруе? Яна чаруе, каб мець грошы, а грошы вельмі патрэбныя кожнаму; яна і дапамагае: лечыць зёлкамі людзей.
Калі ішла гэтая размова, імкліва і са стукам адчыняюцца дзверы, заходзіць Васіль з узнятай галавою, шапка ссунута набакір, і з ім некалькі сябрукоў; агледзеўся, убачыў Марціна і насупіў бровы.
– Як маешся, Васіль? – кажа Ёсель. – Даўно цябе не бачыў, ужо дні тры. Я і мая Сора думалі, што з ім такое, а цяпер вось толькі што гаманіў з людзьмі пра цябе.
– Я ведаю, што людзі пра мяне кажуць: сабакі брэшуць, а вецер носіць. Мне ўсё адно. – Ён сеў на лаве, узлокціўся на стол, закрычаў: – Дай нам гарэлкі, але добрае.
– А можа, Васіль просіць гарэлкі салодкае? Я прывёз з горада, хоць яна і каштуе дорага.
– Дай дарагое. – І кідае колькі грывеннікаў59 на стол.
Жыд у міг вока падае кілішак і бутэльку гарэлкі.
58
Трава росiчка, якая расце на купiнах i ўжываецца супраць чараў.
Расічка – вельмі рэдкая і нізкая расліна. “Яе адметнасць, па словах простага люду, заключаецца ў тым, што пакуль на ёй ёсць раса, то яе можна знайсці; але як толькі раса прападзе, то расліна хаваецца ў зямлю і адшукаць яе немагчыма. Расічка мае прыемны пах і ўжываецца як лекавая зёлка. – “Собрала росічкі на посвяцаніе” (І. Насовіч. “Словарь белорусскаго наречія”).
59
Грывеннік або грыўна – расійская срэбраная манета, роўная 10 капейкам,
якую білі манетныя двары Расіі ў ХVIII стагоддзі.