Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Ужасы » Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Электронная книга - «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Краткое содержание книги:

УДК 821.162.1(476)-31
ББК 84(Беи-Пол)-44
Б26
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 26
Перейти на страницу:

Раніцою вярнуўся дахаты Карпа. Калі яму расказалі пра гэтае здарэнне, змяніўся з твару і з неспакойнымі думкамі доўга паходжваў сюды-туды. Нарэшце падышоў да жонкі, кажа:

– Што ж ты нарабіла? Калі пасеяна, дык трэба і жаць, а інакш – людскі смех і няшчасце.

– Не сеяла я тых злых зярнят, – адказвае яна, плачучы. – Лепей памерці, чым карыстаць з таго жніва.

Ён кінуўся да жонкі з кулакамі, але яна выскачыла за дзверы і схавалася, пакуль не прайшла ягоная злосць.

Карпа зусім занядбаў гаспадарку і рэдка калі пасылаў на паншчыну сваіх парабкаў. Аканом абыякава глядзеў на гэта і ўсё яму дараваў, бо Карпа заявіў пану, што хоча быць вольны, і вялікія грошы абяцаў, каб выкупіць сябе і зямлю, на якой жыў.

Аднойчы ўвечары ў хаце паводле свайго звычаю Карпа ўсхопліваецца, падыходзіць да вакна і сядзіць ля яго задумлівы. Чуваць было, што ён размаўляў сам з сабою. Жонка просіць яго, каб супакоіўся. Карпа толькі адказаў:

– Вярнуся заўтра, – стукнуў дзвярыма і пайшоў невядома куды.

Агапка паклікала да сябе кабету, бо баялася адна начаваць. Ледзь толькі задрамала, чуе, што нехта дакрануўся да яе рукі гарачай далоняю. Глянула і бачыць: той мужчына, што яе нядаўна напалохаў, стаіць, дзіўна апрануты, пазірае на яе, і вочы ягоныя гараць, як дзве свечкі, на галаве шапка і пояс, якім ён падперазаўся, чырвоныя, як вуголле ці распаленае жалеза. Агапка здранцвела ад страху, ледзь руку змагла падняць, каб перажагнацца. І ён умомант знік. Разбудзіла Агапка сваю таварышку і расказала ёй пра гэты прывід. Размаўлялі нейкі час, а калі супакоіліся, – зноў тая здань з’явілася перад імі і зноў знікла, як успомнілі імя Езуса і Марыі. Дык усталі з ложка і, запаліўшы святло, маліліся, аж пакуль певень не заспяваў.

Пасля гэтага здарэння пасылае Агапка перад узыходам сонца да сваіх бацькоў кабету, каб паведаміла пра тыя здані, і прасіла наведаць яе ды параіць, што ёй рабіць у такіх выпадках.

Па ўсёй воласці разышлася пагалоска пра тое, што цмок колькі разоў палохаў Агапку, прыходзячы да яе ў розных абліччах. Карпа ж даводзіў усім, што гэтыя весткі фальшывыя, што ягоная жонка быццам звар’яцела, а можа, д’ябал і прыходзіць да яе за нейкія грахі.

Гарасім са сваёю жонкаю, калі сонца ўжо хілілася да захаду і ў полі скончылі працу, пайшлі пераведаць сваю дачку. Агапка, як убачыла іх праз вакно, з вялікай радасцю выбегла насустрач, прывяла іх у хату і са слязьмі апавядала пра свае пакуты, аб пераменах у мужавым жыцці, аб з‘яўленні ў чалавечым абліччы таго цмока, які яму служыць.

– Ну вось, – адказаў Гарасім, – калі я яшчэ перад вяселлем казаў аканому і іншым дваровым людзям, што Карпа выгадаваў сабе цмока, які дае яму багацце, дык смяяліся і кпілі з мяне, гаварылі: “Грубы, дурны мужык, пляцеш немаведама што”. А калі гэта дайшло да пана, дык ён, угневаны, сказаў: “Слухай, хаме, калі ты будзеш малоць гэтую лухту, атрымаеш соцень пяць розгаў і палову галавы агалю, як вар‘яту”. Што ж яны цяпер на гэта скажуць?

Маці, плачучы, кажа ёй:

– Хутка збяром з поля, тады пойдзем разам да Прачыстае Маці Сірацінскае. Падгаворвай і яго, каб ішоў з намі і там паспавядаўсЯ. Бог злітуецца. А вось гэта ў мяне свянцоныя зёлкі і касцельнае кадзідла, якімі кожны вечар будзеш акурваць хату, і, можа, дасць Бог, што ўсё наладзіцца.

Так, седзячы, размаўлялі яны пра сёе-тое, а Карпы ў той час у хаце не было. Ужо і змрок. У пакоі пацямнела. Ноч была цёплая, неба чыстае. Паветра такое ціхае, што, здаецца, волас не паварушыцца на галаве. Пасля вячэры, бо надвор’е было цудоўнае, парабкі пайшлі начаваць у поле, пры конях; іншыя ж – у адрыну на свежае сена. У хаце толькі Агапка не магла закончыць прыемнае размовы са сваімі бацькамі. Ціха было ўсюды, толькі раз-пораз патрэскваў кнот свечкі, якая дагарала. Агапка раздзьмухала агонь і кінула на яркія жарынкі-вугольчыкі свянцоных зёлак. Адразу ж з-за сцяны данёсся як бы шум раптоўнага ветру, і бляск прабег па хаце. Задрыжалі ўсе.

– Вось ён, – паведаміла ўстрывожаная Агапка. Змоўклі і, мовячы пацеры, чакалі, што будзе далей. Ля печы стаялі гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут.

Гарасімава жонка зняла з сябе медны крыжык (колісь высвенчаны пры адпушчэнні грахоў у Юхавічах у час Юбілею54).

– Няхай ён будзе тваім абаронцам, – сказала і надзела на шыю дачцэ.

Калі набожная кабета вымавіла гэтыя словы, дробныя, як град, каменьчыкі, вылятаючы з цёмных куткоў, адскоквалі ад сцен; і камяні па некалькі фунтаў выляталі з-за печы, аднак бацькі і дачка, заклікаючы на дапамогу Прачыстую Маці, цэлымі выбеглі за дзверы.

вернуться

54

Юбілеі рымска-каталіцкая царква адзначае праз кожныя 25 гадоў ад нараджэння Ісуса Хрыста. Юхавічы – сёння вёска ў Расонскім р-не.

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 26
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)