Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
- Автор: Барщевский Ян
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Переводчик: Мікола Хаўстовіч
- Жанр: Ужасы
Электронная книга - «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Краткое содержание книги:
ББК 84(Беи-Пол)-44
Б26
Людзі за другім сталом глядзелі на гэта здзіўлена, некаторыя пазіралі спадылба, шэпчучыся між сабою і здзекліва ўсміхаючыся. Максім, які раней за іншых прыйшоў у карчму і быў ужо добра падвяселены, гучна засмяяўся і закрычаў:
– Ого! Як бачу, ты, брат Васіль, мусіш быць багаты не па-нашаму, ужо п’еш панскую гарэлку. Пэўна, начаваў пры Цмокавым Камені і знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкімі чарамі насыпала табе срэбра поўныя кішэні. Ну й зух!
Васіль паглядзеў са злосцю.
– З табою, – кажа, – ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не адважышся лухту вярзці.
– Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?
– Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.
– Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім – паслухайце! – раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.
Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.
“Будзе дрэнна, – падумаў сабе. – Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць”. Дык бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў – пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.
На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: “Мае памятку”. Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама ледзь не загінула.
Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма – трапіў у самыя грудзі. Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.
На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.
– Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя п’яніцы шкоды мне нарабілі!
Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за п’янства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплаціць за ўчыненую шкоду. Умомант угаманіліся.
Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму адпомсціць.
Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вінавацячы, аднак, Васіля.
– Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватаЯ. Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку паненцы Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.
– Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і імосці60, бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку выпілі. Сора, падай – там яшчэ ёсць крыху салодкае гарэлкі, – падай яе пану аканому і прынясі марынаду на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.
Аканом выпіў гарэлкі, закусіў, супакоіў арандара, што яму за ўсё заплацяць, сеў і паехаў.
Назаўтра ў маёнтак прыходзіць заплаканая Арына і апавядае панам, што незычлівыя людзі паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб шкодзіць іншым, завязвае заломы і адбірае малако ў кароў. Клялася, што ніколі нічога падобнага не чыніла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах і ў розных прыпадках, лекуючы іх зёлкамі, моц якіх толькі ёй вядомая. І гэтая незычлівасць да яе пануе ва ўсёй ваколіцы. Пра Васіля, якога выгадаваў Антон, таксама кажуць, быццам і ён пабратаўся з д’яблам. Але ж і гэта злая прыдумка. Сапраўды, Васіль – чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыцці няшчасця, але з часам пераменіцца і будзе лепшы і больш увішны. Ён заляцаецца да ейнае дачкі, але і гэтую сірату людзі крыўдзяць, злое пра яе кажуць.
60
Пану і пані. “Подовай перші егомосцю, а потым імосці” (І. Насовіч. “Словарь белорусскаго наречія”).