Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Памерла 17.05.1980 г.
Друкавала вершы, апавяданні ў менскіх альманахах «Ідземы» («Ідзём», 1929), «Пазьдзернік» («Кастрычнік», 1934) і іншых выданнях. Пісала на польскай мове. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці «З вясною ў спаборніцтве» (1933), «Пахне зямля» (1934), інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934).
На польскую мову пераклала аповесць П.Галавача «Спалох на загонах» (1933), асобныя творы беларускіх пісьменнікаў.
Рашкоўскі Леанід, нарадзіўся 09.01.1937 г. у горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і служачага.
У 1955 г. скончыў барысаўскую сярэднюю школу № 2, працаваў рознарабочым на будоўлі. У 1956 г. паступіў вучыцца ў Віцебскі ветэрынарны інстытут на заатэхнічны факультэт. Аднак з-за цяжкай хваробы быў вымушаны спыніць вучобу на другім курсе. У 1962 г. скончыў фельчарскае аддзяленне Барысаўскай медыцынскай навучальні. У 1963 г. арганізаваў і ўзначаліў літаб'яднанне пры барысаўскай аб'яднанай газеце «Камуністычная праца». Завочна скончыў чатыры курсы факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1972). Жыве ў Барысаве. Сябра СП СССР з 1970 г.
Першы верш надрукаваў у 1955 г. (барысаўская газета «Бальшавіцкая трыбуна»). Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў вершаў «Пускай не умирают звезды» (1968), «Ливень» (1975), «Преодоление» (1979), «Откровение» (1987). Выдаў кніжкі паэзіі для дзяцей «Как пингвину шили фрак» (1970), «Почемучка» (1973), «Трубач» (1976) і «На веселой карусели» (1984).
Родзевіч Леапольд, нарадзіўся 12.06.1895 г. у фальварку Кур'янаўшчына Вілейскага раёна Менскай вобласці ў сям'і збяднелага шляхціца.
Скончыў Вілейскую гарадскую навучальню (1909). У 1914 г. пераехаў у Вільню. Працаваў на цукеркавай фабрыцы «Вікторыя». Прымаў удзел у культурна-асветніцкім, рэвалюцыйным руху. З 1921 г. сябра Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА), сябра ЦК БРА. Адзін з рэдактараў газеты «Вольны сцяг». У 1922 г. сядзеў у турме. Адзін з ініцыятараў уступлення БРА ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі (КПЗБ). Рэдагаваў газеты «Беларускі звон» і «Наша будучыня» (1922-1923). Быў абраны сакратаром Гарадзенскага падпольнага акруговага камітэта КПЗБ і ўведзены ў склад ЦК КПЗБ (1924). З 1925 г. - у прадстаўніцтве ЦК КПЗБ пры Камінтэрне. Вучыўся ў Камуністычным універсітэце народаў Захаду ў Маскве (1923-1924). У 1925-1934 гг. - рэдактар газеты «Чырвоны сцяг» і часопіса «Бальшавік» (органы ЦК КПЗБ). Працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР. Быў рэпрэсіраваны.
Бясследна згінуў пасля 1938 г.
Друкаваць вершы і допісы пачаў у 1912 г. (газета «Наша ніва»). Аўтар п'ес «Пакрыўджаныя» (апублікавана ў 1921), «Блуднікі» (апублікавана ў 1960), вадэвіляў «Збянтэжаны Саўка», «Пасланец» (апублікаваны ў 1921, пастаўлены ў 1922), «Багаты і бедны» (апублікавана ў 1923), асобных драматычных жартаў і абразкоў («Досвіткі», «Кавалі» і інш.), якія ставіліся самадзейнымі калектывамі Заходняй Беларусі. Выйшлі «Сцэнічныя творы» (уключаны п'есы «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт», «Пасланец» (Вільня, 1921, 1925, 1933), у 1922 г. - драматычныя сцэнкі «Досвіткі». У 1964 г. асобным выданнем выйшаў жарт «Збянтэжаны Саўка».
Апублікаваў зборнікі вершаў «Беларусь» (Вільня, 1922), «На паняволеных гонях» (Кракаў, на самай справе падпольнае выданне, 1928). Шэраг паэтычных твораў змешчаны ў зборніку «Сцягі і паходні» (1965).
Выдаў кнігі апавяданняў «Рэвалюцыйным шляхам» (1928) і «Вогнішча барацьбы» (1930). У перыядычным друку актыўна выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі.
Розна Алесь (таксама Розна Абрам), нарадзіўся ў 1913 г. у горадзе Менску ў рабочай сям'і.
Пасля вучобы ў сярэдняй школе працаваў наборшчыкам у друкарні. Заняткі ў Менскім педагагічным інстытуце (скончыў у 1935) сумяшчаў з працай у рэдакцыі «Чырвонай змены».
У 1936 г. арыштаваны. Рэабілітаваны ў 1955 г.
Памёр у 1942 г. ва Унжлагу (станцыя Сухабязводная Горкаўскай чыгункі).
У друку з вершамі выступіў у 1927 г. (часопіс «Беларускі піянер»). Друкаваўся ў газетах «Савецкая Беларусь», «Звязда», «Чырвоны сейбіт», «Чырвоная змена», часопісах «Полымя» і «Чырвоная Беларусь». Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г.Гейнэ, А.Міцкевіча, разам з С.Грахоўскім пераклаў некалькі вершаў А.Пушкіна (1935).
Рубанаў Уладзіслаў, нарадзіўся 15.12.1952 г. у вёсцы Аляксандраўка 1-я Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўніка.
Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). Працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром старадарожскай раённай газеты «Поступ Кастрычніка». З 1978 г. - рэдактар, а затым старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя», з 1986 г. - загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1982 г.