Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Р
Рабкевіч Валянцін, нарадзіўся 15.02.1937 г. у вёсцы Аксаміты Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1960). Працаваў настаўнікам Іказненскай сярэдняй школы (1959-1960), завучам Барадзініцкай сярэдняй школы (1960-1963) Браслаўскага раёна, завучам Ракаўскай сярэдняй школы (1963-1965) Валожынскага раёна. Вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце (1965-1968). У 1968-1974 гг. - старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». З 1974 г. - рэдактар, з 1975 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.
Першы верш апублікаваў у 1957 г. (часопіс «Работніца і сялянка»). Аўтар зборніка вершаў для дзяцей «Ад зімы да зімы» (1982), кніжкі прыказак і прымавак «Паслухай, што людзі кажуць» (1985). Выступае з артыкуламі па культуры беларускай мовы.
Пераклаў на беларускую мову «Апавяданні пра Леніна» М.Зошчанкі (1982), «Апавяданні» М.Чарамшыны (1982), раманы «Мары не паміраюць» Л.Метсара (1983), «Жанчына ў пяску» і «Чужы твар» Коба Абэ (1986), «Мама выходзіць замуж» М.Марцінсан (1988), «Птушкі на цернях» К.Маккалаў (з І.Дорскім, 1988), паэму «Тарас Бульба» М.Гогаля (1990), асобныя творы Г.Ахматавай, С.Ясеніна, М.Рыльскага, Д.Салодкага, З.Селялёніса і інш.
Рагойша Вячаслаў, нарадзіўся 05.06.1942 г. у вёсцы Ракаў Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1963 г. скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і быў пакінуты ў аспірантуры на кафедры беларускай літаратуры. У 1965 г. служыў у Савецкай Арміі. Пасля заканчэння аспірантуры (1967) выкладаў беларускую літаратуру ў БДУ. З 1988 г. - дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі культуры Інстытута паліталогіі і сацыяльнага кіравання. Сябра СП СССР з 1969 г. Кандыдат філалагічных навук.
Узнагароджаны медалём.
Першыя вершы і допісы апублікаваў у радашковіцкай раённай газеце «Сцяг Ільіча» ў 1957 г. З 1961 г. выступае ў рэспубліканскім друку з літаратуразнаўчымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар манаграфій, кніг артыкулаў і эсэ «Паэтыка Максіма Танка» (1968), «Пераклаў Якуб Колас...» (1972), «Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (з Т.Кабржыцкай, 1976), «І нясе яна дар...: Беларуская паэзія на рускай і ўкраінскай мовах» (1977), «Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка» (1979), «Паэтычны слоўнік» (1979, 2-е выданне 1987), «Проблема перевода с близкородственных языков: Белорусско-русско-украинский поэтический взаимоперевод» (1980), «Напісана рукой Купалы: Архіўныя знаходкі» (1981), «Кантакты» (1982), «Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна» (з Т.Кабржыцкай, 1990).
Складальнік бібліяграфічнага даведніка «Праца кафедры беларускай літаратуры БДУ» (1968), вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Хрэстаматыя беларускай літаратуры XX стагоддзя» (з С.Александровічам, А.Лойкам, 1971, 2-е выданне 1988, з А.Лойкам), кнігі Я.Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету (з Я.Раманоўскай, 1983), зборнікаў твораў С.Палуяна «Лісты ў будучыню» (з Т.Кабржыцкай, 1986), Старога Ўласа «Год беларуса» (1990) і інш.
Пераклаў на беларускую мову аповесць М.Кацюбінскага «Цені забытых продкаў» (1980), раманы А.Ганчара «Твая зара» (1985), У.Яварыўскага «Марыя з палыном у канцы стагоддзя» (1990), творы Б.Алейніка, І.Драча, В.Сіменкі і інш.
Рагуля Аляксей, нарадзіўся 25.03.1953 г. у вёсцы Сенна Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Любчанскай сярэдняй школы Наваградскага раёна (1951) год загадваў хатай-чытальняй у роднай вёсцы. У 1957 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1957 па 1962 гг. выкладаў расейскую мову ў Халхоліцкай і Зачысцкай школах Барысаўскага раёна, з 1962 па 1970 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Рэспубліканскай школе спартыўнага профілю ў Менску. З 1979 г. - асістэнт, выкладчык, з 1976 г. - дацэнт Менскага педагагічнага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1990 г.
Першы крытычны артыкул апублікаваў у 1970 г. Аўтар кнігі крытыкі «Імгненні...» (1990). Стварыў дапаможнік «Беларуская літаратура ў 4 класе» (1980), адзін са складальнікаў падручніка-хрэстаматыі для 8 класа «Родная літаратура» (з Л.Тамашовай, 1989), адзін з аўтараў «Методыкі выкладання беларускай літаратуры» для вышэйшых навучальных устаноў (1986). Напісаў раздзелы пра творчасць К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава для падручніка «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1981-1983) для педагагічных інстытутаў. Прымаў удзел у выданні Збору твораў К.Чорнага ў 6 тамах (1988-1991).