Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Хуткасць
Хуткасць - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хуткасць

Электронная книга - «Хуткасць». Краткое содержание книги:

«Хуткасць» — кніга паэзіі выдатнага майстра пранікнёнага слова, народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Хуткабежнасць часу i спрадвечнасць жыцця, клопат нашага дня i незабыўныя старонкі гісторыі прасякнуты глыбокім роздумам i даверлівым лірызмам, выкрышталізаваны ў дакладных i акрыленых радках.
Чытач зноў сустракаецца са сваім любімым паэтам, шчырым субяседнікам i зычлівым дарадцам.
1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 46
Перейти на страницу:
Прабач. Я сам таму не рад.
М а р ы с ь к а
То як нам быць? Як мне пазбыцца страт Невідавочных... тых, якіх нямала Вакол мяне? Хіба не бачыш ты, Не заўважаеш — я ўжо іншай стала. Душу рассеклі мне на два пласты. На зоркі дзве. Адна з ix счэзне знічкай... Але якая?.. Я табе мілей Графіняю, Кастусь, альбо мужычкай?
К а л і н о ў с к і
Ты для мяне адна, як i раней. Як i раней, ты для мяне — дзяўчына, Якую навучаў Арцём Яцына Зямлю араць i слаць у лузе лён. З якой гуляў ягоны сын Лявон У хованкі на бацькавым гарышчы Тады, як быў, як ты, яшчэ малым, З якім ты бульбу ў вогнішчы лясным Пякла i танцавала на ігрышчы.
М а р ы с ь к а
Я так i знала. Сядзем.
К а л і н о ў с к і
Пасядзім. Яны садзяцца на паграбню. Земляны верх яе зарос густой, наўмысля не пакошанай травой. Зацішна тут i ўтульна пад зялёным крылом бярозы.
М а р ы с ь к а
Нам не зашкодзіць даўняе суседства Ляснога дрэва, цёплай паграбні. Я тут сядзець любіла з малалецтва, З бярозкай размаўляць у цішыні. З ёй уяўлялі мы гушчар глыбокі I племя невядомых нам бяроз, Дзе, можа быць, i мой пачаўся лес, Для сэрца блізкі, для вачэй далёкі, I таямнічы для міжвольных слёз. Да дрэў, як да калысак, цягне, браце, Народжаных у лесе, а не ў хаце.
К а л і н о ў с к і
Ты пра сябе гаворыш?
М а р ы с ь к а
Не. То — сон, А можа, летуценне даўніх дзён. Мне плакаць бы цяпер, ды я не плачу, Хоць i выразна ў цёмных хмарах бачу Наступны дзень... Ужо ахутаў змрок Сланечнікі... Хадзем туды, мой любы, Каб ix пялёсткі апалілі губы, А ix пылок мне вочы завалок, Марыся Ямант не баіцца згубы.
К а л і н о ў с к і
Ты не павінна гэтак гаварыць. Пылок... пялёсткі... Што яшчэ за спевы? Адкуль такія?
М а р ы с ь к а
Ад прабабкі Евы Хутчэй за ўсё. Адкуль яшчэ ім быць?
К а л і н о ў с к і
Забудзь іх. Супакойся. Прытуліся Да сэрца, як да цёплай паграбні. Пабудзь са мной, як у былыя дні. Ты для мяне адна... адна... Марыся. Дагарэла ў небе зара. Праспявалі пеўні. Змаўкае вясельная музыка, І ў вокнах гасне святло. Ноч ахутала падворак, але ненадоўга. Пачынае світаць. Першыя промні сонца застаюць Марыську i Каліноўскага на тым жа месцы. Яны цалуюцца.
М а р ы с ь к а
Нас бачыць сонца — сорам! Час дадому.
К а л і н о ў с к і
Пара i мне.
М а р ы с ь к а
А можа б, пачакаў?..
К а л і н о ў с к і
Не зручна мне.
М а р ы с ь к а
Чаму?
К а л і н о ў с к і
Казаў Арцёму Я, што пайду.
М а р ы с ь к а
Аднекуль, з-пад Пастаў, Вандроўныя прыехалі музыкі. У ix, я чула, танцаў кош вялікі! Застанься! Не адзін гуляюць дзень Вяселле ў нас.
К а л і н о ў с к і
Я на яго наклікаць Магу бяду, як з'явіцца мой цень — Нядрэмны капітан, яго Вялікасць Жандар... (Цалуе Марыську.) Пайду!
М а р ы с ь к а
А сонечны прамень Так i цікуе нас праз радкалессе. Ах, бедны, бедны! — я яму скажу... Сачы за намі, сонца, колькі ўлезе, Не бойся, я прыстойнасці мяжу Не перайшла! Ад сораму ніколі, Як не згарэла ўжо, то не згару.
К а л і н о ў с к і
Няўжо?
М а р ы с ь к а
Маўчы. Я з сонцам гавару!
К а л і н о ў с к і
Пагавары ca мной. А з ім —даволі.
М а р ы с ь к а
Ты ж ведаеш i сам, які цяжар На плечы мне ўзвалілі. Я — тавар, А мой пасаг — разменная манета. Мне ўжо сватоў падшуквае Рагнеда.
К а л і н о ў с к і
Раздай зямлю сялянам. Жаніхі Адваляцца, як п'яўкі... У спакоі Пакінуць кут, што пад аховай хвоі.
1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)