Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Трэба верыць.
— Вось, панове, — сказаў Раубіч. — Мусатаў шнырыць вакол. Дбаннем маладога Загорскага спіхнулі яго ў Янаву пушчу, пакуль вывезем порах і зброю. Мяркую, усе згодныя са мной?
Біскуповіч схіліў галаву.
— Тады прыступім да чарговай зборні падспуднай рады. Тут усе.
Цяжкія Раўбічавы вочы абвялі прысутных.
— Усе вы ведаеце, што сказаў у сваёй прамове перад дэпутатамі польскага сената, дваранства і духавенства дзесятага мая гэтага года імператар Аляксандр. Motto ягонай лазенскай прамовы была — ніякіх мар.
— Zadnych mavzen, — ціха пераклаў Мнішак.
— «Ніякіх мар, панове. Здолею ўтаймаваць тых, хто захаваў бы мары… Дабрабыт Польшчы залежыць ад поўнага зліцця яе з іншымі народамі майго царства». Любельская маршалка Язерскага не дапусцілі адказваць цару. Забараніў намеснік, Гарчакоў. Гэта прымус, гэта вынарадаванне, гэта навязванне манархічнай сістэты. «Ніякай аўтаноміі, нават фінскай». «Ніякай самадзейнасці, нават абмежаванай». Вось што недвухсэнсоўна сказаў імператар. Калі такі глум царат учыняе ў Польшчы — чаго можна чакаць ад яго нам? Што ён можа даць нам, акрамя яшчэ горшага рабства? Агульнае абурэнне пануе на нашых, на польскіх, на літоўскіх землях. Трон Раманавых зжыў сябе паўсюль. Яны самі распісаліся ў сваёй неспраможнасці даць шчасце і волю падданым і народам. І таму я пытаю ў прадстаўнікоў падспуднай рады: пакладзем мы канец нашым ваганням; будзем цярпець далей або паставім перад сабою ясную мэту, скажам самім сабе, што мы жывём для паўстання, для вялікай змовы, для людовай вайны з усім, што крыўдзіць, ганьбіць і зневажае нас?
Настала маўчанне.
— То як?
— Калі паўставаць? — спытаў Біскуповіч.
— Паўстаць, каб толькі пусціць кроў, — гэта дурасць, — сказаў Раўбіч. — Паўставаць трэба з надзеяй на перамогу. Шкада, што ў часе вайны нас было замала, каб ударыць у тыл… Але за тры гады вайны колькасць нашых паплечнікаў патроілася. Я разлічыў рост нашых арганізацый. Мы будзем мець належную колькасць людзей праз шэсць год. Значыць, прыблізна шэсцьдзесят другі год.
Браніборскі свіснуў:
— Мы паўстаём або гуляем у слімакоў?
Усе маўчалі. Потым Раткевіч Юллян сказаў:
— Доўга.
— Затое верна, — сказаў Раўбіч. — Ты думаеш, Юллян, мне не баліць кожны дзень няволі? Душа запяклася! З раніцы першая думка аб гэтым. Вечарам — апошняя. Не магу ўжо жыць… Раз на месяц абавязкова прыходзіць вар'яцкае жаданне: пачаць. Пачаць. Пачаць адразу, з тымі людзьмі, што ёсць. Нічога і нікога не чакаючы. Нават не баюся загінуць.
Памаўчаў.
— Але думку тую гоніш. Ну, пачнеш непадрыхтаваным. Ну, загінеш і сяброў загубіш. Зямлю шыбеніцамі заставяць. Мы не маем, не маем права рызыкаваць. Загінуць — добра. Загінуць — трэба. Але так, каб ад гэтай загібелі быў нейкі плён.
Яны думалі. Потым небывала сур'ёзны Біскуповіч сказаў:
— Рацыя…
— Пан Яраш падрыхтаваў нейкі план? — спытаў Мнішак.
Замест адказу Раўбіч хрумснуў вялікім пергаментам, раскручваючы яго на стале. Паклаў на адзін канец цяжкую шаблю ў похвах. Два другія рагі прыціснулі срэбнай чарніліцай і кавалкам губчатай крыцы.
— Я заўважаю, паны не кураць, — з усмешкай сказаў Раўбiч. — Курыце.
Усе разгублена паглядзелі адзін на аднаго. Сапраўды, чаму не кураць?
І раптам рогат пракаціўся над галовамі. Усе смяяліся, зразумеўшы, што падсвядома ў кожнай галаве цвіком сядзела думка аб пяцістах пудах пораху.
— Лухта, — сказаў Раўбіч. — Гэта зусім не пад камяніцай.
— Кiньце, хлопцы, — сказаў Бiскуповiч. — Тут i без пораху, як на скрут галавы.
— Гэта яны баяцца, што ад іхніх люлек абурэнне выбухне, — сказаў Раткевіч. — Не бойцеся. Не такі ўжо ён вогненебяспечны, наш народ. І не такое ўжо з нас, з кожнага, добрае крэсіва, каб іскры сыпаліся.