Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Iшлi ў маўчаннi, якое нават прыгнечвала. Пятнаццаць чалавек не хацелi абмовiцца i словам.
Урэшце пан Яраш сказаў глухім голасам:
— Прыступкі, панове.
Пачалі падымацца. Потым Раўбіч адчыніў жалезныя дзверы, і гурма выйшла на дзённае святло, што падала праз закратаванае акно ў вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпенчатай столлю. Востра шыбнула ў твары саладкаватым серным смуродам. На сталах стаялі колбы, рэторты, палаў у саганах агонь. Лёгкі дымок цягнуўся пад выцяжны каўпак.
Чатыры чалавекі ўзняліся са сваіх месцаў, калі натоўп уцягнуўся ў сутарэнне. Глядзелі, нібы чакаючы, насцярожана і нядобра. Суконныя плашчы. Бледныя, нібы фарфоравыя, абліччы людзей, якія рэдка бачаць сонца. Бледныя, як парасткі бульбы ў склепе.
— Спакойна, панове, — сказаў ім Раўбіч. — Гэта свае.
Звярнуўся да гасцей:
— Спадзяюся, прозвішчаў вы не спытаеце. Але яны таксама свае. І ім аніяк нельга выйсці адсюль. Усе ўжо дзесяць год думаюць, што яны за мяжой. А яны туды не могуць. Нянавісць не дазваляе. І таму свядома ахвяруюць сабой.
— Група Зянкевіча? — спытаў Мнішак.
— Але[80]. Гэтыя два сябры — хемікі. Біліся столькі год — і ўсё ж вынайшлі такі гарт сталі, што яна больш надзейная, чым златавустаўская. Не ломіцца ад удару молатам. Сячэ хусцінку. Маем такіх шабляў ужо трыста сорак і дзве.
— Малавата, — сказаў Раткевіч.
— Адразу нiчога не бывае, — Раўбiч адчынiў нiзкiя дзверцы. — Там яшчэ ход. У другое сутарэнне. I ў iм нешта каля пяцiсот пудоў пораху. Самаробнага, але не горшага за фабрычны.
— Прах і агонь? — спытаў Мнішак.
— Нічога, гэта надзейна. Ход цягнецца на трыццаць сажняў. А ўрэшце, у жыцці і смерці наш гаспадар — бог. Я паклікаў вас дзеля таго, што ўсё гэта трымаць у камяніцы стала небяспечна. На мяне могуць склеіць і другі данос. Блакітныя актывізаваліся… Вам давядзецца добра папрацаваць у гэтую ноч, панове. Гарбом.
— Яны не могуць, — усміхнуўся аксамітнымі вачыма з'едлівы Януш Біскуповіч, той самы паэт, Мацееў бацька, з якім Алесь і пан Юры ездзілі да Кроера. — Яны на панства хворыя. Як гэта гарбом? У іх няма гарба.
Пасмяяліся. Янушу ўсё даравалі. Баяліся языка.
Раўбіч звярнуўся да «хемікаў»:
— Адразу ж старанна згасіце агонь. Жалезныя рэчы загарніце ў тканіны і пакладзіце ў кладоўцы. Падлогу засцяліце кілімамі.
Адзін з бледнатварых схіліў галаву.
— А вы бліжэй пад вечар скінеце чаравікі (я тут нарыхтаваў для вас мяккія такія боцікі з аўчыны, накшталт індзейскіх макасінаў), выцягнеце і здасцё мне ўсё металічнае: партабакі, ключы, крэсівы, калі хто не давярае сярнічкам, кашалькі з срэбнымі грашыма.
— Пакуль той закалат, дык ужо кашалькі адбіраюць, — сказаў Біскуповіч.
— Трэба… І за адну ноч, як простыя фурманы, завязем усё гэта ў мой Крыжыцкі лес, у схованку. Там надзейна. Людзі ў леснічоўках адной вяроўкай са мною звязаны. Схаваем — і ўсё.
Паны схілілі галовы на знак згоды.
— Вас пятнаццаць, ды я, ды іх чатыры… Дваццаць чалавек. Па дваццаць пяць пудоў на чалавека і каня. Па адной ездцы.
З ачага, куды «хемік» выліў вядро вады, ірванула, засычэла пара.
— Нішто сабе лазня, — сказаў Біскуповіч. — А дзе венікі?
— Венікі табе Мусатаў падорыць, — жоўчна ўсміхнуўся Раўбіч.
— Раўбіч кака, — сказаў пан Януш. — Раўбіч чарадзей. У Раўбіча з падполаў серай цягне. Да Раўбіча нячыстая сіла па начах праз комін лётае.
Памаўчаў.
— А і малайчына Раўбіч! Я ведаў, але не думаў, што такі зух!
— Хадзем наверх, — сказаў Раўбіч. — Пагаворым.
Яны падымаліся вінтавымі сходамі даволі доўга, пакуль не далезлі да верхняга паверха камяніцы, вялікага пакоя з камінам, у якім яшчэ асталіся гнёзды ад пожагаў і дзве старажытныя кулеўрыны ля акенца.
Кулеўрыны глядзелі жараламі ў нязмерны парк. На чашападобную лагчыну, на будыначкі маёнтка, на падкову возера, на дзве выцягнутыя званіцы раўбіцкай царквы, на далёкую шэрую пляму лазні ў гушчары.
Пасярэдзіне пакоя стаяў стол, укрыты цяжкім парчовым абрусам, і крэслы. На стале, на крэслах, проста на падлозе ляжалі жаўтаватыя, пергаментныя, і белыя, папяровыя, скруткі карт, стальныя і гусіныя пер'і, чарніліцы з атрамантам.
— Сядайце.
Усе паселі. Януш Біскуповіч, пан Мнішак, Выбіцкі, Юллян Раткевіч.
Жоўчнае, знясіленае неадчэпнай думай аблічча пана Яраша, ягоныя вочы-правалы дабрэюць, калі Раўбіч глядзіць на гэтых. Надзейныя, свае людзі. Нават на эшафоце будуць такія. І той нядрэнны, і яшчэ вось гэты. І той. Восем чалавек, на якіх можна спадзявацца, як на сябе. Шасцёх ведае горш, але ім таксама трэба верыць. Прадстаўнікі далёкіх паветаў. Двох рэкамендаваў Біскуповіч, двох Раткевіч Юллян. Па адным — Мнішак і Выбіцкі. І толькі аднаго з ахвотаю не бачыў бы, хоць гэта і дрэнна — мяшаць у агульную справу асабістыя пачуцці. Сядзіць Мікола Браніборскі. Сквапны, хваткі, як у галаўня, рот усміхаецца. Не, даваць волю ўласнай нелюбові нельга. Прыгнёт ненавідзіць, сялян тады вызваліць сам прапанаваў, абедзвюма рукамі падпісаўся пад Раткевічавай запіскай. З Кроерам тады пабіўся. А ў справу прыйшоў сам. Сам прапанаваў Янушу стварыць змову, сказаў, што, калі дваране сталі баязліўцы — адзін пойдзе, бо немагчыма больш на такі глум глядзець. Трэба прымусіць сябе добра ставіцца да яго. Так, як да даўжэзнага, нібы калядная свечка, Юлляна. Так, як да рэкамендаванага ім Вірскага. Як да малазнаёмага Ваневіча.
80
У 1846 годзе на Магілёўшчыне выкрылі групу «карбанарыяў», якая рыхтавала закалат. Данос Горацкага студэтна Белавуса быў своечасова раскрыты, і група самаліквідавалася. Не арыштавалі нікога.